«Ад нашай эканомікі, мясцовых прадпрыемстваў і нас з вамі амаль нічога не залежыць»

Эканамічны праект «Вашы грошы» аналізуе валютны кошык Нацбанка і тое, як ён змяняўся ў 2023-м годзе. Вялікая прывязка Беларусі і яе рубля да эканомікі і валюты Расіі, на думку экспертаў праекта, можа адгукнуцца беларусам ужо ў красавіку. 

_belarus_hroszy_ekanomika_kurs_infljacyja_fota_novy_czas__2__logo.jpg

На працягу мінулага года эканоміка Беларусі працягвала трансфармавацца. Яна старалася адаптавацца да адных санкцыйных абмежаванняў і абыходзіць іншыя, шукала крыніцы росту, у тым ліку для павелічэння заробкаў. У выніку назапасілася вялікая колькасць дысбалансаў, якія ламаюць звыклыя мадэлі паводзінаў бізнесу і насельніцтва.

Працяглы рост рэальных заробкаў беларусаў доўгі час не канвертаваўся ў павышаны попыт на валюту. Толькі бліжэй да канца года насельніцтва стала чыстым пакупніком замежных грашовых знакаў. Бізнес, у сваю чаргу, перайшоў ад крэдытавання ў доларах і еўра да расійскага рубля.

Для рэгулявання валютнага рынку Нацбанк выкарыстоўвае валютны кошык.

Валютны кошык — гэта індыкатар, які дазваляе зразумець, што менавіта адбываецца з беларускім рублём. Уявіце, што на чарговых валютных таргах курс расійскага рубля моцна вырас, юаня — вырас нязначна, а долара — прыкметна ўпаў. Што ў выніку адбылося з беларускім рублём, аслабеў ён ці ўмацаваўся? Адказ на гэтае пытанне дапамагае атрымаць валютны кошык, дакладней, яго дынаміка. Па спецыяльнай формуле, з улікам змененых курсаў усіх замежных валют, можна разлічыць значэнне кошыка і адсачыць, якія адбыліся змены.

Кошык дапамагае Нацбанку бачыць, якая рэальная дынаміка курсу беларускага рубля, і прымаць рашэнні, звязаныя з рэгуляваннем валютнага рынку.

Яшчэ адносна нядаўна, у пачатку 2022 года, прапорцыі валют у кошыку складваліся наступным чынам: расійскі рубель — 50%, долар — 30%, еўра — 20%. Цяпер яны фарміруюцца інакш: расійскі рубель — 60%, долар — 30%, юань — 10%. Чаму так адбылося, мы пісалі раней, а цяпер больш важная дынаміка кошыка ў 2023 годзе.

Нягледзячы на шэраг перыпетый 2023 года ў беларускай і, што немалаважна, расійскай эканоміцы, беларускі рубель да канца года аказаўся практычна на тым жа ўзроўні да валютнага кошыка, што і ў пачатку студзеня. Пры гэтым нацыянальная валюта ўмацавалася на 7,5% да расійскага калегі, але аслабла на 16,1% да долара ЗША і на 15% да кітайскага юаня. Па сутнасці, ваганні курсаў замежных валют, якія адбыліся на беларускім рынку — гэта проста адлюстраванне таго, як змяніліся крос-курсы замежных валют на знешніх рынках.

image_21_1280x1280.jpeg

За год у стане і дынаміцы валютнага кошыка відавочныя некалькі важных момантаў. Беларускі рубель захоўвае вельмі жорсткую прывязку да курсу расійскага рубля адносна замежных валют. Гэта тлумачыцца высокай залежнасцю ад ключавога экспартнага рынку, якім з'яўляецца Расія. Беларуская эканоміка альбо рэалізуе там тавары, альбо праз яго пастаўляе іх на рынкі трэціх краін

За мінулы год Беларусь згубіла магчымасці гандляваць з Расіяй за кошт адносна таннага беларускага рубля. Гэта скарачае цэнавую канкурэнтаздольнасць на мясцовым рынку для беларускіх тавараў. У выніку экспартнай пераарыентацыі расійскі рубель адыгрывае ўсё больш значную ролю. А паколькі будучыня расійскага рубля туманная, адсутнасць выразных перспектыў становіцца звыклай рэчаіснасцю і для беларускай нацыянальнай валюты.

На практыцы гэта азначае, што ў выпадку дэвальвацыі расійскай валюты пасля сакавіка 2024 года, як прадказвае шэраг эканамістаў, росту курсу долара можна чакаць і на беларускім валютным рынку.

Горш за ўсё ў гэтай сувязі тое, што ад нашай эканомікі, мясцовых прадпрыемстваў і нас з вамі амаль нічога не залежыць.