Заробкі беларусаў растуць — але ўсё больш павольна

У лістападзе 2023 года намінальны налічаны сярэдні заробак павялічыўся ўсяго на 4 рублі і склаў 1976 рублёў. У доларавым выражэнні за кошт ніжэйшага курсу ў лістападзе сярэднія заробкі склалі $630, вынікае з апошніх даных Белстата.

_hroszy___valjuta__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__3__logo.jpg

Такім чынам, павелічэнне заробкаў з улікам інфляцыі адносна лістапада мінулага года склала 13,6%. Гэта ніжэй за тэмп росту, які паказвалі сярэднія заробкі з траўня 2023 года, канстатуе праект «Вашы грошы».

Відавочна, што напампоўка грашыма эканомікі працягваецца, хоць і не такімі ўдарнымі тэмпамі, як было раней. Акрамя таго, усё больш выяўляецца дысбаланс паміж заробкамі і прадукцыйнасцю працы. Гэта зніжае канкурэнтаздольнасць прадукцыі, што асабліва небяспечна цяпер, калі сальда гандлю пачынае часта складвацца не на карысць беларускай эканомікі.

У лістападзе планку сярэдняй заработнай платы (цяпер гэта 1976 руб.) перасягнула толькі сталіца. У намінальным выражэнні сярэднія заробкі ў Мінску ў пачатку кастрычніка склалі 2663 рублі. Нават у Мінскай вобласці паказчык склаўся ніжэйшы за сярэдні — 1958 рублёў. Пры гэтым самая маленькая сярэдняя зарплата ў занятых у Магілёўскай вобласці (1640 рублёў), а самая высокая, пасля Мінска і Мінскай вобласці — у Гомельскай (1817 рублёў). За год рэальныя заробкі з папраўкай на інфляцыю ў сталіцы выраслі на 13%. Па рэгіёнах рост рэальнай заработнай платы склаў ад 12,7% (Віцебская вобласць) да 16% (Гомельская вобласць).

У лідарах заробкаў, як заўсёды, айцішнікі і фінансісты. У намінальным выражэнні ў IT заробкі ў кастрычніку склалі ў сярэднім 6919 рублёў, у фінансістаў сярэднія заробкі ўпалі ніжэй за мяжу ў тры тысячы і склалі 2843 рублі. На трэцім месцы ў чарговы раз будаўнікі (2286 рублёў). Ім саступаюць заробкі ў прамысловасці — 2160 рублёў.

У сферы транспарту сярэдняя заработная плата ўпала ніжэй за дзве тысячы і склала 1996 рублёў. Заробкі ў сферы гандлю (1773 рублі) аказаліся прыкметна ніжэйшымі. Далей ідуць заробкі ў сферы аховы здароўя, дзе паказчык сярэдняй намінальнай заработнай платы ў кастрычніку склаў 1710 рублёў. Замыкаюць зарплатны рэйтынг работнікі сельскай гаспадаркі (1583 рублі) і адукацыі (1357 рублёў).

Глядзіце таксама

У адносінах да лістапада 2022 года сярэдняя аплата працы з улікам інфляцыі вырасла ва ўсіх ключавых сферах. Мацней за ўсё рэальныя заробкі выраслі ў будаўніцтве (+21,7%), ахове здароўя (+18,4%). Крыху ніжэйшы іх рост у ІТ (+15,2%), транспарце (+14,2%) і ў сферы гандлю (+14,7%). Рост заробкаў за названы перыяд у сельскай гаспадарцы склаў 12,7%, а ў адукацыі 14,1%.

Меншы рост рэальных заробкаў склаўся ў прамысловай сферы (+12%) і фінансавай сферы (+9,2%).

Пакуль рост заробкаў ва ўсіх сферах упэўнена апярэджвае інфляцыю. Гэта дасягнута шмат у чым дзякуючы штучнаму стрымліванню коштаў. За гэта эканоміка плаціць праблемамі ў гандлі і найменш рэнтабельных сферах бізнесу.

Акрамя таго, на рынку сфарміраваўся значны цэнавы навес. Яго альбо павольна будуць прыбіраць, што прывядзе да паступовага зніжэння пакупніцкай здольнасці, альбо ён упадзе сам, выклікаўшы рэзкі скачок цэн і іншыя дысбалансы.

Больш верагодна першае, але рэзкі рост коштаў магчымы пры абвастрэнні неспрыяльных умоў у расійскай эканоміцы, да якой беларуская стала вельмі прывязаная.

Глядзіце таксама