Расійскі суд прыняў рашэнне аб арышце грошай у «Беларусбанку»: ці спрацуе?
Суд у Кузбасе арыштаваў частку выплат па беларускіх еўрааблігацыях на рахунку ў «Беларусбанку». Мера прынята як забеспячальная паводле пазову расійскага прыватнага інвестара, які спаганяе амаль 27 млн расійскіх рублёў па еўрабондах Беларусі.
![_belarus_hroszy_ekanomika_kurs_infljacyja_fota_novy_czas__4__logo.jpg _belarus_hroszy_ekanomika_kurs_infljacyja_fota_novy_czas__4__logo.jpg](/img/v1/images/_belarus_hroszy_ekanomika_kurs_infljacyja_fota_novy_czas__4__logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Арбітражны суд расійскай Кемераўскай вобласці вынес рашэнне аб накладанні арышту на выплаты па беларускіх еўрааблігацыях у адрас расійскага прыватнага інвестара. Арышт накладзены на 964,3 тысячы беларускіх рублёў, якія знаходзяцца або паступяць ад беларускага Мінфіна на рахунак у «Беларусбанк», паведамляе РБК.
Пазоў падаў летам мінулага года інвестар Ігар Пракудзін да Citibank N. A. London Branch, які выступаў агентам па беларускіх еўрабондах і «Беларусбанку». Ён дамагаецца спагнання купонных выплат па аблігацыях, якія яму належаць.
У пачатку ліпеня 2022 года Мінфін Беларусі паведаміў, што Citigroup Global Markets Europe AG і лонданскі філіял Citibank спынілі абслугоўванне еўрааблігацый дзярждоўгу краіны, што стварыла складанасці з правядзеннем плацяжоў па іх. Спачатку міністэрства адзначала, што будзе шукаць новага контрагента, а затым паведаміла, што выплаты па еўрааблігацыях будуць ажыццяўляцца наўпрост у лакальнай інфраструктуры (праз «Беларусбанк») у беларускіх рублях. Па меркаванні буйнейшых рэйтынгавых агенцтваў, гэта азначае дэфолт Беларусі па еўрааблігацыях, бо выплаты па іх павінны праходзіць у той валюце, у якой яны намінаваны.
Праз «Беларусбанк» Мінфін РБ, нібыта, правёў некалькі выплат па чатырох выпусках еўрабондаў: Belarus-2026 ($500 млн), Belarus-2027 ($600 млн), Belarus-2030 ($600 млн) і Belarus-2031 ($750 млн). Яшчэ адзін выпуск, Belarus-2023 на $800 млн, быў пагашаны ў лютым, таксама ў беларускіх рублях.
«Нібыта правёў выплаты» — таму што інвестары гэтых грошай не пабачылі. Для атрымання гэтых выплат расійскім інвестарам прапанавалі адкрыць рахунак у мясцовым банку і пацвердзіць права валодання паперамі ў беларускім Мінфіне. Шэраг інвестараў зрабілі гэтыя працэдуры, але альбо не атрымалі выплат зусім, альбо атрымалі іх у няпоўным аб'ёме і толькі па частцы выпускаў.
Глядзіце таксама
![Беларускі дэфолт. Як кінуць на грошы Беларускі дэфолт і паштальён Печкін. Як элегантна кінуць «саюзніка» на грошы](/img/v1/images/maxresdefault_155.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Для вырашэння сітуацыі расійскія інвестары звярнуліся са скаргамі ў Банк Расіі, Міністэрствы фінансаў Расіі і Беларусі, а таксама падалі пазовы ў расійскія суды.
Увосень мінулага года Мінфін Беларусі прапанаваў новую схему з правядзеннем выплат праз расійскі Нацыянальны разліковы дэпазітарый. Аднак па гэтай схеме былі выплачаны толькі купоны і асноўны доўг па выпуску Беларусь-2023, і толькі тым інвестарам, якія набылі паперы да 6 верасня 2022 года. Пры гэтым у далейшым Мінфін збіраецца выплачваць купонны даход разам з пагашэннем еўрааблігацый, і такім чынам уладальнікам каштоўных папер з пагашэннем у 2031 годзе прыйдзецца чакаць грошай да пачатку наступнага дзесяцігоддзя.
У якасці альтэрнатыўных варыянтаў Мінфін Беларусі таксама прапанаваў інвестарам выкупіць іх аблігацыі па цане 30% ад наміналу або абмяняць іх на лакальныя паперы з падобнымі параметрамі.
Пракудзін, па пазове якога расійскі суд арыштаваў сродкі ў «Беларусбанку», спрабуе дамагчыся атрымання купонных выплат па еўрааблігацыях, пералічаных за перыяд з 25 лютага па 12 снежня 2023 года, а таксама працэнтаў за карыстанне грашыма. Спагнаць грошы інвестар хоча з Citibank, а «Беларусбанк» павінен забяспечыць перавод грашовых сродкаў.
«У разгляданым выпадку забеспячальная мера ў выглядзе накладання арышту на грашовыя сродкі ў межах сумы пазову з'яўляецца суразмернай, дастатковай і неабходнай забеспячальнай мерай, накіраванай на рэальнае выкананне выніковага судовага акта ў будучыні, у сувязі з чым заява істца падлягае задавальненню», — цытуе РБК вызначэнне арбітражу.
Пазоў быў разгледжаны 12 студзеня. Наступнае пасяджэнне па ім прызначана на 1 ліпеня.
Пракудзін — не адзіны інвестар, які звярнуўся ў суд з-за беларускіх еўрааблігацый. Аляксандр Марчанкоў таксама спрабаваў дамагчыся выплат на сваю карысць. Аднак летась суд усё ж такі спыніў разгляд справы, спаслаўшыся на непадсуднасць.
Акрамя таго, расійскія інвестары звярталіся ў дзяржорганы, у прыватнасці, яны прасілі спыніць крэдытнае фінансаванне Беларусі да выплат па еўрабондах.
Глядзіце таксама
![Расійскія трымальнікі беларускіх еўрааблігацый не могуць атрымаць свае грошы «Не плаціць па сваіх даўгах беларускі Мінфін умее разнастайна»](/img/v1/images/_belarus_hroszy_ekanomika_kurs_infljacyja_fota_novy_czas__5__logo.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)