Абяцанка-цацанка. Мінфін Беларусі думае, што механізм выплат па еўрабондах запрацуе да канца года

Пакуль замежныя інвестары не могуць атрымаць грошы па набытых імі беларускіх еўрабондах, у эфіры беларускага тэлебачання кіраўнік Мінфіна РБ Юрый Селіверстаў усё абяцае разлічыцца па пазыках. Але калі-небудзь потым.

_finansy___ekanomika___hroszy__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1__logo_1_logo.jpg

«Мы думаем, што ён да канца года павінен запрацаваць. Але тут ёсць, скажам, некаторыя асаблівасці, таму што неабходна нам выбудаваць гэты механізм з двух бакоў. Як вы разумееце, выпуск гэтых еўрааблігацый у нас быў не адзін. І гэтыя плацяжы былі ў гэтым годзе, будуць у наступныя гады, а наўрад ці нашы, скажам так, заходнія партнёры адменяць свае санкцыі і ўсё вернецца на свае кругі. Таму мы з імі выбудоўваем такую, скажам, доўгатэрміновую працу, каб мы працавалі праз цэнтральны дэпазітарый Расійскай Федэрацыі. Яны ў сябе таксама гэтую працу вядуць. І тут як толькі вось гэтыя ўсе падрыхтоўчыя дзеянні будуць завершаны, якія раней, у прынцыпе, не былі неабходны ні нам, ні ім, то, значыць, ужо гэтыя ўзаемаразлікі пойдуць актыўна. Цяпер там прапрацоўваюцца дэталі. Асобныя рэчы яшчэ ў заканадаўстве рэгулююць, і працэс гэты пойдзе, таму што базавыя рэчы ўжо прыняты. Засталося там тэхнічныя рэчы пэўныя дапрацаваць», — цытуеСеліверстава Reform.by.

Нагадаем, летась урад Беларусі прыняў рашэнне рабіць выплаты па еўрабондах у беларускіх рублях на рахункі ў «Беларусбанку», бо праз санкцыі плацяжы перасталі праходзіць праз заходнюю інфраструктуру. Найбуйнейшыя міжнародныя рэйтынгавыя агенцтвы прыраўнялі такое рашэнне да дэфолту па гэтых выпусках еўрааблігацый.

Многія расійскія інвестары сутыкнуліся з праблемамі пры атрыманні выплат у новым парадку. Адной з асноўных стала пацвярджэнне правоў трымальнікаў аблігацый. У верасні гэтага года ў парадак былі ўнесены змены, аднак пакуль яны не пачалі працаваць у поўнай меры.

Глядзіце таксама

У кастрычніку ініцыятыўная група расійскіх трымальнікаў еўрабондаў накіравала ў дзяржорганы Расіі ліст з просьбай перагледзець падыходы да міждзяржаўнага крэдытавання Беларусі, а таксама закрыць для яе доступ да расійскага рынку капіталу да выканання ўсіх абавязацельстваў па еўрааблігацыях. У ініцыятыўную групу, паводле звестак расейскіх СМІ, уваходзяць 200 чалавек і 30 арганізацый, якім належаць аблігацыі на 200 млн долараў.

Да гэтага некалькі інвестараў спрабавалі судзіцца з беларускім Мінфінам у расійскім судзе, але ім было адмоўлена ў разглядзе справы па сутнасці з-за непадведамаснасці беларускага Мінфіна расійскаму суду.

Ініцыятыўная група таксама гатова звярнуцца з пазовам з нагоды беларускіх еўрабондаў у Лонданскі міжнародны арбітраж.

Глядзіце таксама