Пракуратура Масквы праверыць выказванні дэпутата, які заклікаў знішчыць 20% расіян
Дэпутат Дзярждумы Андрэй Гурулёў прапанаваў у эфіры Салаўёва знішчыць усіх, хто не падтрымлівае Пуціна — а гэта, паводле яго падлікаў, каля 20% расіян, або 29 мільёнаў!
Генеральная пракуратура прыняла зварот аб праверцы выказвання дэпутата Дзярждумы Андрэя Гурулёва, які прапанаваў у эфіры «Расіі-1» «знішчыць гніль», якая не падтрымлівае Пуціна.
Правесці праверку Генпракуратуру папрасіў дэпутат Заканадаўчага сходу Санкт-Пецярбурга, намеснік старшыні партыі «Яблоко» Барыс Вішнеўскі. У адказе ведамства Вішнеўскаму, копію якога апублікавала Пецярбургскае «Яблоко», гаворыцца, што зварот аб дачы прававой ацэнкі выказванням Гурулёва накіраваны для разгляду ў пракуратуру Масквы. «Аб прынятым рашэнні вам паведамяць», — гаворыцца ў дакуменце.
Петыцыю на імя генпракурора і іншых расійскіх чыноўнікаў з патрабаваннем праверыць выказванні дэпутата таксама запускала «Новая газета».
Андрэй Гурулёў у эфіры перадачы «Нядзельны вечар з Уладзімірам Салаўёвым», якая выйшла 15 кастрычніка на тэлеканале «Расея-1», заявіў, што 80% расіян давяраюць прэзідэнту Уладзіміру Пуціну, а «астатняя гнілата павінна быць калі не ізаляваная, то хаця б неяк знішчаная».
У звароце ў Генпракуратуру Барыс Вішнеўскі паказваў, што словы Гурулёва, на ягоную думку, «накіраваныя не проста на распальванне нянавісці паводле матываў палітычнай варожасці, але да падрыву цэлага шэрагу палажэнняў Канстытуцыі Расійскай Федэрацыі» і прасіў пасля праверкі распачаць крымінальную справу на дэпутата Дзярждумы.
«Канчатковай жа мэтай такіх заяў спадара Гурулёва можа быць, як я мяркую, распальванне масавых рэпрэсій у Расейскай Федэрацыі і грамадзянскай вайны», — робіць выснову намеснік старшыні «Яблока».
«Новая газета» ў сваёй петыцыі звяртала ўвагу на тое, што дэпутат Дзярждумы заклікаў да забойства («знішчэння») «прыблізна 29 мільёнаў расіян усіх узростаў або 21 з лішнім мільёнаў, калі лічыць ад колькасці выбаршчыкаў».
Сам Гурулёў заявіў выданню «Чыта.ру», што меў на ўвазе не 20% насельніцтва Расіі, а толькі тых, хто прапануе «тэрмінова завяршыць СВА», але паўтарыў, што такія людзі — ворагі і да іх трэба ставіцца адпаведна.
Паводле meduza.io