Фізічна і маральна. Як беларускія ўлады збанкрутавалі рэгіёны
За тры апошнія гады ў райцэнтрах і іншых невялікіх мястэчках Беларусі, як падлічыў Plan B, было збанкрутавана каля 30 дзяржаўных прадпрыемстваў. Яшчэ дзесяць гадоў таму ўсе разам яны давалі працу і заробкі больш чым 6 тысячам чалавек. Але цяпер аказаліся непатрэбныя дзяржаве — толькі ў адным з гэтых выпадкаў прынята рашэнне аб аздараўленні і працягу дзейнасці.
Непатрэбныя ПМК, КПА і... ТБ
Больш за палову банкрутаў складаюць традыцыйныя з савецкіх часоў правінцыйныя працадаўцы. Гэта льнозаводы, камбінаты побытавага абслугоўвання, перасоўныя механізаваныя калоны, прадпрыемствы, якія займаліся абслугоўваннем меліярацыйных сістэм.
Ёсць нечаканыя фігуранты сумнага пераліку. Дырэкцыя недабудаванага цаглянага завода ў Новалукомлі. Камбінат будаўнічых матэрыялаў з «узорнага пасёлка гарадскога тыпу» — з радзімы Лукашэнкі Копысі. Камунальная тэлекампанія «Грамадскае Драгічынскае тэлебачанне».
Тэлекампанія вяшчала ў раённым цэнтры і яго ваколіцах звыш 25 гадоў — з 1996-га. Але не вытрымала выпрабавання часам, набрала даўгоў па падатках. Адзіны заснавальнік — мясцовы райвыканкам — палічыў немэтазгодным далейшую прысутнасць ТБ у мясцовым эфіры і адмовіўся ад аздараўлення даўжніка. І ў 2022-м тэлекампанія ГДТ, у якой працавала каля пяці супрацоўнікаў, спачыла.
Важны момант. Пераважная колькасць з новаспечаных банкрутаў не адносіцца да так званых валаўтваральных прадпрыемстваў. Гэты факт на юрыдычным узроўні прыкметна спрашчае і паскарае іх ліквідацыю. А на маральным павінен пазбаўляць улады ад намёкаў на згрызоты сумлення з нагоды іх знікнення з рэгіянальнай эканомікі.
Аўтсайдары без лаўкі запасных
Сапраўды, большасць з іх — анахранізмы па ўсіх параметрах. З фізічна і маральна састарэлымі вытворчымі фондамі. Неканкурэнтаздольныя, якія страцілі рынкі і нішы. Якія працавалі многія гады выключна ў страту. Акумулявалі сотні тысяч рублёў даўгоў і трапілі ўрэшце на судовы ліквідацыйны канвеер.
Тое, што іх чакае такі шлях, было відавочна ў 2000-я. І тое, што ў іх такі сумны канец, — абсалютная «заслуга» ўлад рэспубліканскага ўзроўню. Па факце — аднаго іх прадстаўніка. Таго, які на ментальным узроўні застаўся ў савецкім ландшафце. У горшым яго кутку. І не захацеў нічога ў ім структурна мяняць.
Да прыкладу, прыватызаваць КПА, калі яны чагосьці каштавалі. Або пераступіць праз сябе і аддаць інвестарам адну з дзвюх у краіне галін, якія вырабляюць унікальны ў сусветным маштабе прадукт — ільновалакно. Яшчэ адна — калій. Льнозаводы цяпер банкрутуюцца з перыядычнасцю адзін за год. За 2022-2023 год у адпаведнасці з гэтым сумным трэндам яшчэ мінус два — у Мёрах і Лёзне.
Дарэчы, з закрыццём тэлекампаніі ў Драгічыне ўлады, магчыма, пагарачыліся. Самі сябе пазбавілі дадатковага рэтранслятара раскручваемай імі цяпер праграмы «адзін раён — адзін праект». І дзяржмедыя, піярачы яе, стоадсоткава апусціла б тое, што падобныя спробы ўдыхнуць жыццё ў дэпрэсіўныя рэгіёны заўсёды цярпелі правал.
У прыватнасці, думаў-думаў і адмовіўся будаваць свінакомплекс каля дэпрэсіўнага Крычава ўладальнік кампаніі «Белдан». Прынамсі, замясціць у мясцовым бюджэце збанкрутаваныя і закрытыя льнозавод і ПМК у Мёрах павінен быў мегапраект па выпуску белай жэсці «ММПЗ». Але ў цяперашні час прыватнае прадпрыемства ліквідуецца. А ўлады прыкладаюць звышчалавечыя намаганні, каб самім падтрымліваць вытворчасць і апраўдаць укладзеныя ў яго мільярды бюджэтных сродкаў.
Новай крыніцай падатковых паступленняў у бешанковіцкую казну пасля ліквідацыі мясцовага райаграсэрвісу павінна была стаць фармацэўтычная фабрыка «Націвіта». Не стала — яна ўжо ў перадбанкротным стане.
Зніклыя людзі
Самая вялікая праблема закрыцця гэтых вытворчасцей — ліквідацыя працоўных месцаў. І разрастанне арэалаў дэпрэсіўных рэгіёнаў, якія маюцца ўжо практычна ва ўсіх абласцях краіны.
Прыкладна траціна збанкрутаваных за апошнія тры гады дзяржпрадпрыемстваў знаходзіцца на Віцебшчыне. Парадокс у тым, што там жа размяшчаецца траціна з 23 раёнаў (уключаючы той жа Бешанковіцкі), якія нядаўняй пастановай урада аднесены да самых напружаных па кадрах.
Здавалася б, заводы, цэхі КПА, базы ПМК закрываюцца, а на рынку працы ўсё роўна не з'яўляецца свабодных рабочых рук. Куды знікаюць людзі, якія атрымалі на іх разлік?
Вядома, значную частку на гэтых неперспектыўных вытворчасцях складалі тыя, хто дапрацоўвае да пенсіі або пенсіянеры-сумяшчальнікі. Што тычыцца працаздольнай моладзі, то пакуль у раёна з'явіцца сапраўды «адзін праект», у яе толькі тры варыянты будучыні. Усе — не на карысць малой радзімы.
Гэта альбо міграцыя ў абласныя цэнтры ці Мінск. Альбо
міграцыя за мяжу. Або паступовая ці
хуткая (у залежнасці ад узроўню дэпрэсіўнасці месца)
алкагалізацыя і асобасная дэградацыя. Наколькі гэтая праблема распаўсюджаная — даныя закрытыя. Беларускае Міністэрства аховы
здароўя з нядаўніх часоў перастала падаваць звесткі Сусветнай арганізацыі аховы
здароўя для рэйтынгу самых пітушчых краін свету.