«Буслік паляцеў і знёс у сваёй дзюбе каля 14 мільёнаў долараў»
Блогер і вядомы прадпрымальнік Аляксандр Кныровіч у тэлеграм-канале «Эканоміка Беларусі» распавядае гісторыю пра прывабнасць Рэспублікі Беларусь для замежных інвестараў.
Буслы паляцелі. Дакладней не буслы, а буслікі, і пакуль толькі адзін... Але — паляцеў, ён мабыць, назусім, і знёс у дзюбе каля 14 мільёнаў долараў. Так што буслік гэты больш страшны за некаторых чорных лебедзяў будзе.
Жыла-была гандлёвая сетка «Буслік». Цалкам удалая была бізнес-ідэя. І так лічыў не толькі я, але і Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР), які яшчэ ў 2009 годзе выкупіў 25,5% акцый кампаніі за 3 млн долараў, а ў другой палове ўжо наступнага дзесяцігоддзя актыўна шукаў стратэгічнага інвестара для гэтага прыкметнага (да 15% рынку) прадпрыемства.
І знайшоў яго ў выглядзе профільнай польскай групы CDRL (уладальнік брэнда Coccodrillo), якая і выклала за 90% кампаніі 6,4 млн долараў.
Прынамсі, так пішуць профільныя выданні, якім няма прычын не верыць, а значыць, ЕБРР ужо тады панёс некаторыя фінансавыя страты.
Але тое было ў 2018-м, і ў палякаў відавочна былі нейкія сур'ёзныя планы.
Цяпер жа, у кастрычніку 2023-га, CDRL заявіла аб прыпыненні паставак, спісанні сумы пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці, а таксама спісанні кошту ўласных інвестыцый у кампанію. Агульная сума страт — 14 млн долараў.
«Буслік» — не жывы. Паказчыкі кампаніі актыўна падаюць як у афлайне (што зразумела і прадказальна), так і ў анлайне (у трэцім квартале — на 64%), што супярэчыць рынкавым трэндам.
У выніку крэдытор кампаніі «Альфа-Банк» звярнуўся з законным патрабаваннем датэрмінова пагасіць крэдыт памерам каля 4 млн долараў у сувязі са зніжэннем кошту закладаў.
Кампанія змагалася за жыццё і прадставіла гарадскім уладам план выратавання, які ўключае, акрамя стандартных прапаноў аб зніжэнні ставак арэнды і крэдытных вакацыях, і прапанову дазволіць павысіць гандлёвую нацэнку...
І тут мы павінны ўспомніць пра «стратэгічныя рашэнні» ў галіне цэнаўтварэння, прынятыя год таму, якія прывялі да таго, што траціна беларускага рытэйла вывалілася ў адмоўную зону.
Як думаеце, ці будуць ратаваць «Буслік»? Упэўнены, што ўжо — не. Гэта ж не дзяржаўны трэст або саўгас. Гэта прадпрыемства, якое належыць інвестару з недружалюбнай краіны.
Але ў мяне пытанне, што выбралі б беларускія грамадзяне:
- Сацыяльную справядлівасць і нізкую інфляцыю, пры якой «Бусліка» ў Беларусі няма. Няма працоўных месцаў, няма падатковых паступленняў і некаторых дзіцячых тавараў.
- Або адсутнасць сацыяльнай справядлівасці, наяўнасць некаторай інфляцыі, пры якой ёсць і працоўныя месцы, і падаткі, і тавары на паліцах.
Я не ведаю, што выбралі б вы, дарагія чытачы, але я дакладна ведаю, што выбралі б польскія інвестары, і якімі ідыёматычнымі выразамі яны характарызуюць цяпер беларускі інвестыцыйны клімат.