Турцыя ўхваліла ўступленне Швецыі ў NATO. Справа за Венгрыяй

Вялікі Нацыянальны Сход Турцыі ўвечары 23 студзеня пасля шматгадзінных дэбатаў ухваліў ратыфікацыю пратакола аб уступленні Швецыі ў Паўночнаатлантычны Альянс.

scale_1200_53_logo_1.webp

З 346 дэпутатаў Турцыі ўступленне Швецыі ў Альянс падтрымалі 287, яшчэ 35 прагаласавалі супраць, астатнія – устрымаліся.

Ухваленне ўступлення Швецыі ў NATO у турэцкім парламенце было аформлена ў тры рашэнні, за якія галасавалі асобна. Гэтаму папярэднічалі шматлікія выступленні дэпутатаў усіх шасці парламенцкіх фракцый Турцыі.

Цяпер для канчатковай ратыфікацыі пратакола аб уступленні Швецыі ў Альянс свой подпіс пад рашэннем парламента павінен паставіць прэзідэнт Рэджэп Таіп Эрдаган. Гэта фармальны крок, але невядома, калі менавіта ён адбудзецца.

«Сёння мы на крок бліжэй да паўнапраўнага сяброўства ў NATO, і тое, што турэцкі парламент ухваліў заяўку Швецыі на ўступленне ў NATO, вельмі радуе», — напісаў прэм'ер-міністр Швэцыі Ульф Крыстэрсан у X.

Нагадаем, Швецыя і Фінляндыя прынялі рашэнне ўступіць у NATO у 2022 годзе. Летась Фінляндыя афіцыйна стала чальцом Альянсу. Уступленне Швецыі затрымалася з-за Венгрыі і Турцыі, парламенты гэтых дзвюх краін не ратыфікавалі пратакол аб далучэнні Швецыі. Венгрыя пакуль не ўхваліла ўступленне Швецыі ў NATO, хоць абяцала, што будзе «не апошняй» у гэтым працэсе.

Глядзіце таксама

Прэм'ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан у аўторак запрасіў свайго шведскага калегу ў Будапешт, каб абмеркаваць заяўку. Але міністр замежных спраў Швецыі Тобіас Більстрэм, каментуючы запрашэнне Орбана, сказаў, што пакуль для такіх перамоваў няма прычын.

Уступленне Фінляндыі і Швецыі ў NАТO ускладняе ваеннае становішча Расіі на Поўначы. Як заявіў старшыня Камітэта начальнікаў штабоў узброеных сіл ЗША генерал Марк Мілі, калі дзве скандынаўскія краіны стануць чальцамі ваеннага альянсу, то Расія пазбавіцца пунктаў уплыву ў Балтыйскім моры. Берагавая лінія, за выключэннем расійскіх Калінінграда і Санкт-Пецярбурга, будзе акружаная чальцамі NАТO.

А мяжа паміж Расіяй і NATO даўжэе прыкладна ўдвая.

Яшчэ да лютаўскага ўварвання ва Украіну ў Крамлі патрабавалі «адсунуць» NATO ад сваіх межаў. Але па факце дамагліся роўна супрацьлеглага выніку.