NАТО афіцыйна запрасіла Фінляндыю і Швецыю ў Альянс
Паўночнаатлантычны савет у сераду афіцыйна пачаў працэс уступлення Фінляндыі і Швецыі, заявіў на прэс-канферэнцыі ў Мадрыдзе генеральны сакратар NАТО Енс Столтэнберг.
«Сёння мы запрасілі Фінляндыю і Швецыю ў наш альянс», — паведаміў генеральны сакратар, нагадаўшы, што гэта запрашэнне ўзгоднена з партнёрамі і стала вынікам дамоўленасці паміж Турцыяй і гэтымі дзвюма дзяржавамі-партнёрамі, піша АФН.
«Я ўдзячны Турцыі, Швецыі і Фінляндыі за згоду на перамовы. Гэтая дамоўленасць добрая для Турцыі, яна добрая для Швецыі і Фінляндыі, і яна ж добрая для NАТО», — заявіў генеральны сакратар.
28 чэрвеня Турцыя пагадзілася зняць сваё вета на ўступленне Фінляндыі і Швецыі ў NАТО, пра што падпісалі адпаведны мемарандум з узаемнымі абяцаннямі. Сярод іншага гаворка ідзе аб згодзе разгледзець заяўкі Турцыі аб дэпартацыі або экстрадыцыі, прымаючы пад увагу выведвальныя дадзеныя, прадастаўленыя Турцыяй — але без крытэрыяў выканання.
Сёння ж Мінюст Турцыі накіраваў Швецыі і Фінляндыі запыт аб экстрадыцыі 33 чалавек, якіх Анкара лічыць «тэрарыстамі».
Гаворка ідзе пра 12 чалавек, якія знаходзяцца ў Фінляндыі, і 21 — у Швецыі. Турцыя лічыць іх звязанымі з рабочай партыяй Курдыстана або рухам палітычнага праціўніка Эрдагана Фетхулаха Гюлена, на якога ён ускладае адказнасць за спробу дзяржаўнага перавароту ў 2016 годзе.