
Па яго словах, якія перадае самы буйны да разгрому беларускі партал, Беларусь ужо фактычна ўцягнутая ў вайну, бо з яе тэрыторыі абстрэльваюць Украіну.
«Так, беларускія войскі не ўдзельнічаюць у вайне наўпрост. Але Беларусь цяпер саюзнік Расіі, а яна з'яўляецца агрэсарам. Зыходзячы з гэтага пункту гледжання, я думаю, што Лукашэнка і ягоны ўрад не павінны моцна спадзявацца, што мы будзем мякка глядзець на іх рэжым», — падкрэсліў Пабрыкс.
Па яго словах, паколькі ў Беларусі цяпер дамінуюць расійскія войскі, то застаецца верагоднасць агрэсіі ў бок Латвіі. Ён заявіў, што не можа гаварыць пра магчымыя ваенныя сцэнары Расіі ў дачыненні да Беларусі. Аднак Латвія гатовая да любога з іх.
«Мы краіна NATO, а краіны Альянсу з'яўляюцца саюзнікамі. З гэтай прычыны мы пачуваемся ў бяспецы, і мы будзем у бяспецы», — дадаў латвійскі чыноўнік.