Краіны NATO прызналі Расію пагрозай бяспецы ў Еўраатлантычным рэгіёне

Лідары дзяржаў і ўрадаў NATO зацвердзілі новую стратэгічную канцэпцыю. Папярэдняя была прынятая ў 2010 годзе. Пра гэта на прэс-канферэнцыі паведаміў генеральны сакратар альянсу Енс Столтэнберг.

nato_15.jpg


У новай канцэпцыі Расія названая найбольш значнай і наўпроставай пагрозай бяспецы саюзнікаў, міру і стабільнасці ў Еўраатлантычным рэгіёне, паведамляе REFORM.by.

«Яна імкнецца ўсталяваць сферы ўплыву і прамога кантролю з дапамогай прымусу, падрыўной дзейнасці, агрэсіі і анэксіі. Яна выкарыстоўвае звычайныя, кібернетычныя і гібрыдныя сродкі супраць нас і нашых партнёраў. Яе ваенная пазіцыя рыторыка і даказаная гатоўнасць прымяніць сілу для дасягнення сваіх палітычных мэтаў падрываюць заснаваны на правілах міжнародны парадак», — гаворыцца ў канцэпцыі.

У папярэднім дакуменце Расія называлася партнёрам NATO. Пры гэтым у новай канцэпцыі адзначаецца, што NATO не шукае канфрантацыі і не стварае пагрозы для РФ, але будзе адказваць на расійскія пагрозы і варожыя дзеянні адзіным і рашучым чынам. NATO шукае стабільнасці і прадказальнасці ў еўраатлантычакам рэгіёне і паміж NATO і Расіяй. «Любыя змены ў нашых адносінах залежаць ад спынення Расійскай Федэрацыяй сваіх агрэсіўных паводзінаў і поўнага захавання міжнароднага права», — адзначаецца ў дакуменце.

У канцэпцыі таксама ўпершыню згаданы Кітай. Яго амбіцыі і палітыка прымусу названыя «выклікам інтарэсам, бяспецы і каштоўнасцям» краін NATO.

«КНР выкарыстоўвае шырокі спектр палітычных, эканамічных і вайсковых інструментаў для павелічэння сваёй глабальнай прысутнасці і праекта ўлады, застаючыся пры гэтым непразрыстым у дачыненні да сваёй стратэгіі, намераў і вайсковага будаўніцтва. Зламысныя гібрыдныя і кібераперацыі КНР і яе канфрантацыйная рыторыка і дэзінфармацыя нацэлена на саюзнікаў і наносіць шкоду бяспецы NATO. КНР імкнецца кантраляваць ключавыя тэхналагічныя і прамысловыя сектары, крытычную інфраструктуру, стратэгічную сыравіну і ланцужкі паставак. Яна выкарыстоўвае свае эканамічныя рычагі для стварэння стратэгічных залежнасцяў і ўзмацнення ўплыву. Яна імкнецца падарваць заснаваны на правілах міжнародны парадак, у тым ліку ў касмічнай, кібернетычнай і марской абласцях. Паглыбленне стратэгічнага партнёрства паміж Кітайскай Народнай Рэспублікай і Расійскай Федэрацыяй і іх узаемна ўзмацняючыя спробы падарваць заснаваны на правілах міжнародны парадак супярэчыць нашым каштоўнасцям і інтарэсам», — гаворыцца ў канцэпцыі.

Таксама лідары NATO прынялі пастановы аб перабудове сістэмы абароны ў адказ на сітуацыю, якая склалася ў сферы бяспецы ў Еўропе. Будзе павялічаная прысутнасць на ўсходнім флангу, як раней было анансавана; NATO нарасціць сілы павышанай гатоўнасці да 300 тысяч чалавек; будуць арганізаваны дадатковыя склады забеспячэння. Канкрэтныя падраздзяленні будуць прызначаныя для абароны тых ці іншых тэрыторый краін усходняга флангу. Яны будуць праводзіць трэніроўкі на мясцовасці разам з сіламі гэтых дзяржаў, пад іх жа будуць разгорнутыя сістэмы забеспячэння. Гэта дазволіць хутка рэагаваць на патэнцыйныя пагрозы. Будзе ўдасканаленая сістэма камандавання, а таксама нарошчаныя магутнасці СПА.

Краіны NATO дамовіліся павялічыць фінансаванне альянсу, у тым ліку сістэмы камандавання і вучэнняў, а таксама дзяржавы наросцяць вайсковыя выдаткі да ўзроўню не менш за 2% ВУП.