Столтэнберг: адносіны з Расіяй — на ўзроўні халоднай вайны

Яшчэ ў 2010 годзе яна лічылася стратэгічным партнёрам НАТА.

cnjkn_y_thu.jpg

Да канца года колькасць войскаў НАТА, якія знаходзяцца ў стане павышанай баявой гатоўнасці, плануецца давесці да 300 тысяч чалавек асабовага складу, заявіў на саміце ў Мадрыдзе генеральны сакратар блока Енс Столтэнберг.
Каб ажыццявіць гэты план, неабходна, каб краіны, якія ўваходзяць у Паўночнаатлантычны блок, выдзелілі абяцаныя сілы, падкрэсліў генеральны сакратар, але не стаў удакладняць, якія менавіта абяцанні былі дадзены і якімі краінамі.
На пытанне, ці не лічыць ён, што свет уступае ў эпоху новай халоднай вайны, Столтэнберг нагадаў, што «Расію запрашалі ўдзельнічаць у многіх мерапрыемствах, і яшчэ ў 2010 годзе яна лічылася стратэгічным партнёрам НАТА».
Аднак пасля ўварвання ў Грузію, анэксіі Крыма і развязвання ўзброенага канфлікту ў Данбасе кіраўніцтва блока адмовілася ад спроб пабудаваць з Масквой партнёрскія адносіны.
«Адносіны НАТА з Расіяй знаходзяцца на самай нізкай кропцы з часоў халоднай вайны», — прызнаў генеральны сакратар, падкрэсліўшы, што «адказнасць за гэта ляжыць на Расіі».