Усім хадзіць у нагу. Навошта рэжым укараняе ў Беларусі мілітарысцкую істэрыю
Дзіцячыя клубы пры структурах МУС, вывучэнне англійскай для допыту ваеннапалонных, закон пра «народнае апалчэнне». Навошта рэжым Лукашэнкі імкнецца загнаць беларусаў у кірзавыя боты?
На мінулым тыдні стала вядома, што ў старэйшых класах беларускіх школ з’явіцца факультатыў па англійскай мове, на якім будуць навучаць допытам ваеннапалонных. Адмысловая тэрміналогія, абрэвіятуры, інтанацыі. На ўсё гэтае «хай ду ю ду» — 69 вучэбных гадзін.
З гледжання здаровага глузду гэтая інфармацыя — нібыта з вар’ятні ці з нейкай ролевай гульні. Навошта 16-гадоваму хлопцу (альбо дзяўчыне) валодаць навыкамі допыту інтэрніраванага камбатанта? Пры якіх абставінах гэтыя ўменні могуць спатрэбіцца? Рыхтуемся да нападу на Вашынгтон? Карацей, глупства на мяжы палаты нумар шэсць.
Але — гэта праўда. Бо ў палату нумар шэсць пасля падзей 2020 года памалу пераўтвараецца ўся Беларусь.
Генпракурор Швед рыхтуецца судзіць мёртвых. Намеснік кіраўніка МУС Карпянкоў стварае ўсё новыя спецпадраздзяленні і кажа, што найлепшая прафілактыка супраць «змагароў» — прымяненне зброі. КДБ выдумляе ўсё новыя фільмы пра шпіёнаў, напяльваючы на іх парыкі і пагражаючы аднаўленнем Смершу. Міністр унутраных спраў Кубракоў анансуе «трывожныя кнопкі» і атрады хуткага рэагавання на чарговых «выбарах». Прадстаўнік Мінабароны Муравейка заяўляе пра прабіццё Сувалкскага калідора. Мітрапаліт Веніямін і яго клірыкі асвячаюць зброю. Азаронак і іншыя прапагандысты нясуць інфернальную лухту з тэлеэкранаў.
Лукашэнка ўсё носіцца з картамі і распавядае пра «чатыры пазіцыі».
Гледзячы на ўсё гэта, лёгка прыйсці да высновы, што беларуская ўлада, як у той песні, «паехала кабінай». Але, бадай, гэта не так — за ўсімі знешне дзівацкімі крокамі хаваецца не толькі помслівасць рэжыму і яго ірацыянальныя страхі, а і рацыянальны разлік.
Асабліва, калі браць да ўвагі адзін з самых выразных трэндаў — курс на мілітарызацыю грамадства.
Узровень гэтай мілітарызацыі сёння беспрэцэдэнтны. Міліцыянты і вайскоўцы ходзяць па дзіцячых установах і вучаць малых карыстацца зброяй. Пры МУС ствараецца ўсё больш «ваенна-патрыятычных» клубаў. Дарослае насельніцтва бясконца праганяюць праз розныя зверкі ў ваенкаматах, ваенныя зборы, прыдумалі нейкае «народнае апалчэнне». Мінабароны ўсю дарогу праводзіць вучэнні і хваліцца ядзернай зброяй. Лукашэнка пастаянна ездзіць з «інспекцыямі» на вайсковыя аб’екты.
Заўтра вайна? Не, ніякай вайны не будзе. Існуе, канешне, невялікая верагоднасць, што Пуцін прымусіць Лукашэнку задзейнічаць войскі ва Украіне. Інструментаў, каб нахіліць «ненахіляемага» ў Крамля дастаткова. Але, выглядае, такога прыярытэту ў Масквы сёння няма. А пра нейкі міфічны напад на Беларусь з боку НАТО і наогул гаварыць не даводзіцца — у гэта не вераць нават тыя прапагандысты, якія такую бздуру прасоўваюць у медыя.
Насамрэч усё тлумачыцца проста.
Ужо каторы год, ледзь не ад пачатку 2021-га, рэжым Лукашэнкі спрабуе па-новаму падпарадкаваць сабе грамадства. У 2020-м беларуская дыктатура перажыла моцны стрэс, ад якога не можа акрыяць дагэтуль. Яна зразумела, што беларусы яе не надта падтрымліваюць і гатовыя будаваць жыццё самі, паводле дэмакратычнага ўладкавання.
Гвалтам здушыўшы пратэсты, рэжым вырашыў літаральна «перавыхаваць» грамадства. Зрабіць яго паслухмяным.
Метады для гэтага выкарыстоўваюцца разнастайныя. Нязгодных рэпрэсуюць альбо выціскаюць за мяжу. Незалежныя СМІ крыміналізаваныя, доступ да іх заблакаваны. Прапагандысцкім медыя палепшылі фінансаванне і развязалі рукі. Паўсюль распаўзлася ідэалогія, якой таксама цяпер удзяляецца шмат увагі. Агрэсіўная папулярызацыя Лукашэнкі ўсё больш нагадвае культ асобы. Усё заходняе бэсціцца па ўсіх напрамках — і галадаюць там, і замярзаюць, і скрозь адны геі і лесбіянкі.
Карацей, беларусам пачалі шалёна і нанова прамываць мазгі. Ваенізацыя паўсядзённага жыцця — менавіта частка гэтага агульнага працэсу.
Стыль мілітары ў сучаснай Беларусі — гэта зусім не пра вайну, якой Лукашэнка насамрэч вельмі баіцца. Найперш гэта пра падпарадкаванне.
У 2020-м выявілася, што беларускае грамадства ўмее яднацца на глебе салідарнасці, не маючы ні правадыроў, ні камандзіраў. Эксперты слушна казалі, што так працуюць гарызантальныя сувязі. Рэжым сцяміў і пачаў тыя сувязі разбураць, загнаўшы вялікую частку суайчыннікаў у атамізаваны страх.
У той жа час гарызантальныя сувязі пачалі замяняць вертыкальнымі, калі пры кожнай сацыяльнай групе ёсць пастух. Вайсковая іерархія для такіх мэтаў — самае тое.
Чаму вучыць вайсковы статут? Загад камандзіра не абмяркоўваецца і павінен быць выкананы. Сам па сабе ты ніхто ці амаль ніхто — ты толькі частка сваёй супольнасці і мусіш цалкам падзяляць яе мэты і задачы. Твой найпершы маральны аўтарытэт — старэйшы па званні. Уся твая свабода рэгулюецца прадпісаннямі вышэйшага кіраўніцтва.
Гэтаму вучаць удзельнікаў дзіцячых вайсковых клубаў. Пра гэта ці нешта блізкае да гэтага распавядаюць лектары ў пагонах падчас візітаў у навучальныя ўстановы. Пра гэта ствараюць прапагандысцкія гульнявыя фільмы і медыйныя наратывы пра аточаную крэпасць. Гэта даводзяць да выкліканых на зборы ўзроставых «апалчэнцаў» з жыватамі, якім даводзіцца зноў пераходзіць у рэжым «Рота, пад’ём!».
Нешта такое адбывалася ў сталінскім СССР перад спачатку нападам на Фінляндыю, а потым Другой сусветнай вайной. Тое жыццё, не да канца ўсведамляючы яго заганнасць, добра апісваў у сваіх творах дзіцячы пісьменнік Аркадзь Гайдар. Розніца толькі ў тым, што Сталін тады сапраўды рыхтаваўся да вайны. Яму была патрэбная мабілізацыя шматнацыянальнага савецкага народа. Лукашэнка ж прагне мабілізацыі без вайны — дзеля лаяльнасці, гуртавання вакол улады, гатоўнасці выканаць любы загад.
Чалавек у пагонах і з убітай у галаву мадэллю іерархічных паводзін — найлепшы, узорны лаяліст перыяду позняга лукашызму. Трэба зрабіць так, каб такіх было як мага болей. Чым бліжэй Беларусь будзе да казармы, тым лягчэй стане ёй кіраваць.