Амаль 5 тысяч дзяцей трапілі ў беларускія ваенныя клубы пры міліцыі і ўнутраных войсках

«Прыемна ўсведамляць, што ўсё больш і больш маладых людзей жадаюць уступіць у нашы патрыятычныя клубы», — заявіў так званы міністр Кубракоў, адказны за масавыя рэпрэсіі ў Беларусі.

Наталля Качанава і Іван Кубракоў выступаюць перад дзецьмі, якіх яны зацягнулі ў ваенныя клубы пры арганізацыях, адказных за катаванні і злачынствы.

Наталля Качанава і Іван Кубракоў выступаюць перад дзецьмі, якіх яны зацягнулі ў ваенныя клубы пры арганізацыях, адказных за катаванні і злачынствы.

«Пры органах унутраных спраў, а таксама ўнутраных войск створаны 134 патрыятычныя клубы. 4500 хлопчыкаў і дзяўчынак з’яўляюцца ўдзельнікамі дадзеных патрыятычных клубаў», — такія лічбы прывёў Іван Кубракоў у навагоднім звароце да грамадзян, якія яшчэ не кінуты ў засценкі і калоніі, піша «Позірк».

На яго думку, МУС «робіць усё для таго, каб нашы дзеці адчувалі сябе ў бяспецы». «Пад патранажам на сённяшні дзень знаходзіцца больш як 200 школ-інтэрнатаў і спецыяльных школ», — адзначыў ён.

«Да нас паступаюць шматлікія звароты нашых грамадзян аб жаданні дзяцей вучыцца ў нашым ліцэі Міністэрства ўнутраных спраў [у Мінску], — сказаў Кубракоў. — Кіраўніком нашай дзяржавы падтрымана стварэнне ліцэяў Міністэрства ўнутраных спраў ва ўсіх абласных цэнтрах. І вось у наступным 2024 годзе, 1 верасня, адчыніць свае дзверы магілёўскі ліцэй Міністэрства ўнутраных спраў».

«2023 год прайшоў пад знакам міру і стварэння. Органамі ўнутраных спраў было зроблена ўсё для таго, каб забяспечыць мір і парадак на нашай зямлі», — заявіў міністр.

«У 2024 годзе нам з вамі трэба будзе забяспечыць ахову грамадскага парадку пры правядзенні розных мерапрыемстваў, у тым ліку і грамадска-палітычных», — адзначыў ён. «Асобныя словы падзякі» Кубракоў адрасаваў «нашым грамадзянам, якія аказваюць дапамогу ў раскрыцці злачынстваў, а таксама ў забеспячэнні аховы грамадскага парадку». Такіх грамадзян, паводле сцвярджэння кіраўніка МУС, «становіцца ўсё больш, яны неабыякавыя і ніколі не праходзяць міма ўчыненага правапарушэння або злачынства». «Нізкі вам паклон», — заявіў Кубракоў.

У 2023 годзе, які, на яго думку, «прайшоў пад знакам міру і стварэння», у краіне працягнуліся рэпрэсіі па палітычных матывах. Блізкія да структур МУС прапагандысцкія каналы рэгулярна размяшчалі відэазапісы, зробленыя ў разгромленых сілавікамі кватэрах, пры жорсткіх затрыманнях нелаяльных грамадзян, а таксама «пакаянні» затрыманых, зробленыя пад прымусам. Неаднаразова ў паведамленнях гэтых каналаў выказвалася падзяка «неабыякавым грамадзянам».

Улады не хаваюць, што пад патрыятызмам разумеюць вернасць рэжыму і гатоўнасць яго абараняць. Пасля падаўлення масавых выступленняў супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2020 года на карысць Аляксандра Лукашэнкі ў навучальных установах узмоцнена т.зв. патрыятычная і выхаваўчая праца ў надзеі, што маладыя людзі ўспрымуць і будуць прытрымлівацца ўстановак рэжыму. У асяроддзі настаўнікаў школ і выкладчыкаў ВНУ працягваюцца чысткі па палітычных матывах.

Сам Кубракоў, які знаходзіцца пад санкцыямі Захаду, наладзіў супрацоўніцтва з расійскай намінальна прыватнай ваеннай кампаніяй «Вагнер», якую да сваёй гібелі ў авіякатастрофе 23 жніўня 2023 года ўзначальваў Яўген Прыгожын, былы рэстаратар прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна. Баевікі ПВК прыбылі ў Беларусь пасля рашэння Прыгожына не працягваць мяцеж супраць Міністэрства абароны РФ. ПВК адзначылася асаблівай жорсткасцю ва Украіне ў адносінах як да чужых, так і да сваіх.