Імпарт у абыход санкцый: як цяпер працуюць беларускія кінатэатры?

Як замежныя фільмы трапляюць у Беларусь? Ці існуе цэнзура на пракат? Якое фінансавае становішча ў кінатэатраў? 

Фота: mapminsk.by

Фота: mapminsk.by

«Барбі», «Апенгеймер», «Вонка». Заходнія навінкі хоць і са спазненнем, але ўсё ж трапляюць у тыя кінатэатры, дзе іх не павінна было б быць, піша «Свабода».

Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне многія студыі перасталі супрацоўнічаць з Расіяй і Беларуссю, а беларускія кінатэатры не маглі паказваць галівудскія прэм’еры. Аднак ужо праз год сітуацыя ў гэтай сферы, хоць і з пэўнымі зменамі, амаль вярнулася на даваенны ўзровень.

Проста цяпер у беларускіх кінатэатрах можна паглядзець стужку «Вонка» — сумесны праект ЗША, Вялікабрытаніі і Канады. Гэта прыквел карціны «Чарлі і шакаладная фабрыка». Паглядзець фільм каштуе ад 12 рублёў.

Таксама ў беларускіх кінатэатрах цяпер ідзе мультфільм «Міграцыя» вытворчасці ЗША і Францыі.

Квіткі каштуюць ад 5 рублёў. Паказваюць таксама амерыканскі баявік «З глыбіні». Усе гэтыя фільмы можна пабачыць як у дзяржаўных, так і ў прыватных кінатэатрах.

Яшчэ ўвесну 2022 года кінатэатры ў Беларусі не здолелі паказаць шмат кінапрэм’ер. Напрыклад, «Бэтмена» ці «Я чырванею». Аб узнаўленні супрацоўніцтва заходніх кінакампаній з Расіяй і Беларуссю не паведамлялася.

Хітрыкі са стрымінгавымі платформамі

Крыніца, блізкая да сферы кінапракату ў Беларусі, расказала, як у краіну трапляюць фільмы.

«Еўрапейскія студыі працуюць з Беларуссю, таму іх стужкі выходзяць у Беларусі без праблем. Калі браць амерыканскія, то там ёсьць хітрасць. Пракатчыкі атрымліваюць фільмы тады, калі яны выходзяць на стрымінгавых платформах. Таму фільм трапляе ў беларускі пракат на 40-90 дзён пазней за дату прэм’еры», — расказвае суразмоўца.

Па яго словах, фільмы, якія ідуць у Беларусі, нічым не адрозніваюцца па якасці ад тых, якія паказваюць ва ўсім свеце. Гэта не нейкая пірацкая копія, знятая ў кіназале і перададзеная кантрабандай у Беларусь.

«Фільмы ўсё адно дублююцца на рускую мову. Ёсць рынак Казахстана, ёсць рынак Каўказа. Працэс падрыхтоўкі фільма да пракату не змяніўся. Рыхтуецца дубляж на ўсіх мовах, рыхтуецца руская версія. Аднак руская версія выходзіць у пракат пазней. Пасля, праз пасрэднікаў, фільм трапляе ў Беларусь», — апісвае працэс крыніца.

Летась 6 студзеня ў Беларусі прынялі закон «Аб абмежаванні выключных правоў на аб’екты інтэлектуальнай уласнасці». Ён дазваляе займацца паралельным імпартам у Беларусь (шэрымі схемамі паставак, у абыход меркавання праваўладальніка. — РС) аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці. У тым ліку фільмаў.

Глядзіце таксама

Цэнзура

Некаторыя заходнія фільмы ўсё ж не трапляюць на экраны беларускіх кінатэатраў, але гэта звязана з цэнзурай, працягвае суразмоўца «Свабоды».

«Беларусы азіраюцца на Расію. Калі фільм там трапляе пад забарону, аўтаматычна ён трапляе і пад забарону ў Беларусі. Вырашае гэта камісія пры Міністэрстве культуры. Самастойныя рашэнні беларускія чыноўнікі прымаць баяцца. Не дай Бог там нейкі намёк на ЛГБТК ці яшчэ нешта. Са свежага, нядаўна ў пракат са спазненнем выйшаў фільм Скарсезэ «Забойцы каляровага месяца». Там кіно аб прыгнёце правоў народаў, і гэтая тэма не спадабалася чыноўнікам», — тлумачыць суразмоўца.

Ён тлумачыць, што перад выхадам фільма ў пракат у Мінкульце збіраецца камісія і вырашае, што рабіць. Фільм таксама могуць адклікаць з пракату, калі яго раптам забароняць у Расіі. Так з беларускіх кінатэатраў знікла апошняя расійская стужка з серыі «Аб чым гавораць мужчыны». Удзельнікі фільма выказваліся супраць вайны ва Украіне, а таксама асуджалі гвалт сілавікоў у Беларусі ў 2020 годзе.

Глядзіце таксама

Як жыве кінабізнес

Паводле апошніх даных Белстата, у Беларусі на сёння працуе 85 кінатэатраў. У 2022 годзе іх наведалі 2,9 мільёна гледачоў. Большасць з кінатэатраў дзяржаўныя, але на рынку працуюць і прыватныя арганізацыі.

Сетка Silver Screen (Mooon) мае тры кінатэатры ў Мінску і адзін у Гродне. Гэта прыватнікі, юрыдычная назва фірмы — ТАА «Маяк», яны маюць латышскіх інвестараў. За 2022 год, згодна са справаздачай, кампанія выйшла ў мінус у чыстым прыбытку на 67 тысяч рублёў. Акурат у той час кінаіндустрыя ў Беларусі, паводле крыніц «Свабоды», была ў разгубленасці. Старыя схемы не працавалі праз вайну, новых яшчэ не прыдумалі. Для параўнання, у 2021 годзе кампанія мела хоць невялікі, але плюс у 6 тысяч рублёў.

Па звестках за 2022 год, 51% долі кампаніі належала бізнесоўцу Аляксею Малайчуку, 49% — латышскаму інвестару.

Іншая прыватная кампанія, Skyline Cinema, мае адзін кінатэатр у мінскім гандлёвым цэнтры «Galileo» і адзін у Рэчыцы. Юрыдычная назва — «Белсінема», раней кампанія называлася «Еўракіно». Працуе на беларускім рынку параўнальна нядаўна, з 2020 года. І таксама мае латышскіх інвестараў.

«Кінабізнес зараз працуе някепска. У краіне амаль не працуюць тэатры, няма канцэртаў, выстаў, перформансаў. Кіно ў гэтым плане — гэта такая аддушына, там ёсць нейкі рух. Аўдыторыя рэагуе на гэта, у кінатэатраў зараз залаты час. У іх добрыя зборы», — расказвае пра стан сферы ў Беларусі абазнаная крыніца.

Яшчэ адзін суразмоўца таксама называе траплянне ў Беларусь заходніх фільмаў «паралельным імпартам». Паводле яго, гэта адбываецца, бо ў краіне не засталося «ні закона, ні маралі» і ў ход ідуць усе сродкі.

За год (снежань 2022-га — снежань 2023-га) квіток у кінатэатр падаражэў на 9,3%. Гэты паказчык вышэйшы за агульную інфляцыю на 3,8%.

«Фільмаў стала меней»

«Свабода» папрасіла кінааматараў з Беларусі параўнаць якасць фільмаў і колькасць наведнікаў у дакрызісныя часы і цяпер. Алена (імя зменена па просьбе суразмоўцы дзеля бяспекі. — РС) расказала, што ў кінатэатрах усё ж стала прыкметна менш людзей.

«Гэта адчуваецца. Фільмаў таксама стала меней, меншы выбар. Што да якасці, то розніцы асаблівай не адчуваецца з тым, што было раней», — кажа дзяўчына.

Другая суразмоўца расказала, што, паводле яе ўражанняў, кінатэатры запоўнены, а вось якасць стужак, якія ў іх паказваюць, знізілася. На паказах стала прыкметна больш рэкламы.

Глядзіце таксама