Чаму варта паглядзець фільм «Оппэнгеймер»?
У пракат выйшла драма Крыстафера Нолана «Оппэнгеймер» — пра стваральніка атамнай бомбы Роберта Оппэнгеймера і першыя выпрабаванні ядзернай зброі. Рэжысёр нават назваў гэтую гісторыю «самым драматычным момантам» усіх часоў. Чаму варта паглядзець карціну ўсім — расказвае devby.io.
Фільм пра знакамітага фізіка журналісты ўжо паспелі ахрысціць галоўнай карцінай Нолана. Пры тым, што рэжысёр паспеў зняць "Памятай", "Пачатак" і "Довад". Гісторыя Оппэнгеймера на працягу многіх гадоў захоплівала брытанца: яго ўражвала сама ідэя, якая аб'яднала тысячы людзей. Каманда навукоўцаў спрабавала звязаць свае тэорыі з рэальным светам, які змяняецца ў іх на вачах. Сапраўдная авантура: фізікі не былі ўпэўненыя, што верагоднасць знішчэння гэтага свету роўная нулю пры выпрабаванні бомбы. "Усё ж яны націснулі на кнопку", — нагадвае рэжысёр і бачыць у гэтым самы драматычны момант у гісторыі.
"Оппэнгеймер" працягвае кінатрадыцыю, якая ўяўляе стварэнне ядзернай зброі як праяву гэткага сусветнага зла. Нядаўні прыклад — трэці сезон "Твін Пікса" Дэвіда Лінча, дзе ёсць адсылка да той жа гісторыі. Выпрабаванне ядзернай бомбы ў Нью-Мексіка ў 1945 годзе ў Лінча ламае сусветную гармонію і спараджае Боба — злога духа, які пазней захопіць Лору Палмер. Галоўны герой ноланаўскага фільма перажывае пасля бамбаванняў Хірасімы і Нагасакі асабістую этычную катастрофу, усвядоміўшы жах таго, што здарылася.
Нолан прызнаецца, што для яго гэтая карціна збольшага біяграфічная: у яе ён уклаў страхі свайго пакалення, якое вырасла ў эпоху халоднай вайны. Перад прэм'ерай рэжысёр гаварыў пра гэта са сваім калегам Стывенам Спілбергам — і вопыт двух майстроў аказаўся падобным. Нолан вырас у Лондане 1970-х, Спілберг — у Агаё 1950-х. І адзін, і другі сталелі ў атмасферы ядзернай пагрозы, калі здавалася, што апакаліпсіс можа пачацца ў любы момант. "У гісторыі чалавецтва былі перыяды, калі небяспека ядзернай вайны была настолькі адчувальнай і бачнай для нас, што мы вельмі добра яе ўсведамлялі", — успамінае рэжысёр.
Гэтая гісторыя яшчэ некалькі гадоў таму не здавалася гэтак актуальнай. Калі Нолан распавёў пра сваю задумку сыну, той толькі адказаў: «Але ніхто больш пра гэта не турбуецца». Праз два гады ўвесь свет сур'ёзна абмяркоўвае магчымасць хуткай ядзернай вайны. Сучаснасць дагнала сюжэт — і цяпер страхі Оппэнгеймера зразумелыя гледачу. Рэжысёр заўважае, што паралелі з сённяшнім днём відавочныя: узяць хаця б штучны інтэлект. З'яўленне новай, рэвалюцыйнай тэхналогіі плодзіць асцярогі аб яе непрадказальных наступствах.
"Я нядаўна быў на канферэнцыі TED у Ванкуверы. Адной з самых цікавых сесій аказалася серыя дакладаў аб генератыўных ШІ. Вельмі многія з выступоўцаў згадвалі атамную бомбу, ядзерную зброю. Апошнім спікерам быў тэхнолаг, які вырас у Лос-Аламосе. Ён казаў пра непазбежны рост выкарыстання ШІ ў зброі. У канцы выступу навуковец сказаў, што адзіны спосаб захаваць сусветны парадак — гэта мець лепшую ШІ-зброю. Што гэта было б стрымліваючым фактарам", — кажа Нолан.
Амерыканец на канферэнцыі слова ў слова паўтарае рыторыку, знаёмую з часоў халоднай вайны. Пра гэта ж гавораць і самі распрацоўшчыкі штучнага інтэлекту. Яшчэ ў красавіку Ілан Маск і тысячы экспертаў у галіне ШІ заклікалі індустрыю прыпыніць распрацоўкі хоць бы на паўгода і падумаць аб рэгуляванні тэхналогіі. Ніхто да закліку не прыслухаўся — і ў першую чаргу сам Маск, які паспеў заснаваць кампанію xAI, каб канкураваць з Google і OpenAI.
Нолан падзяліў фільм на дзве часткі: каляровыя эпізоды — гісторыя вачыма Оппэнгеймера, чорна-белая — «дакументальная» частка.
Нолана можна злавіць на скептычным стаўленні да прагрэсу. Рэжысёр шырока вядомы тым, што па магчымасці пазбягае камп’ютарных эфектаў. Нават свой апошні фільм ён зняў без выкарыстання лічбавых тэхналогій: па-старому, на грувасткія плёнкавыя камеры. Фанаты Крыса жартавалі, што той загуляўся ў праўдападабенства і падарваў у пустыні Нью-Мексіка сапраўдную атамную бомбу. Сам аўтар прызнаецца, што дзеці называюць яго дома лудзітам. Пра старамоднасць Нолана ведае ўвесь Галівуд: ён не карыстаецца смартфонам — замест звыклага айфона тэлефон-раскладанка, а ягоны камп'ютар, на якім рэжысёр піша сцэнары, не падлучаны да Інтэрнэту.
Не верыць ён і ў лічбавы свет. Нолан лічыць, што асноўнай праблемай ШІ-тэхналогій з'яўляецца сыход ад адказнасці іх стваральнікаў. «Калі мы падтрымліваем пункт гледжання, што ШІ ўсемагутны, мы таксама падзяляем думку, што ён можа зняць адказнасць з людзей за іх дзеянні. Самая вялікая небяспека ШІ заключаецца ў тым, што мы прыпісваем яму гэтыя богападобныя характарыстыкі і таму дазваляем сабе сарвацца з кручка», — заўважае ён. Спробы саміх распрацоўшчыкаў перакласці адказнасць за рэгуляванне на дзяржаву — гэта крывадушнасць, перакананы рэжысёр.
Перад распрацоўшчыкамі ШІ стаяць тыя ж праблемы, што і перад фізікамі 1940-х гадоў: ці гатовыя яны ўзяць адказнасць і наколькі далёка можна зайсці ў адносінах з дзяржавай.
На думку Нолана, ніякая міжнародная структура не зможа кантраляваць развіццё ШІ, як гэта ж у свой час адбылося з ядзернай сферай. Чыноўнікі проста не здольныя зразумець складаную тэхналогію і наступствы яе прымянення. «Акрамя таго, я думаю, што ў ядзернай зброі ёсць дзіўны элемент бяспекі, таму што для вырабу бомбы патрэбныя пэўныя інгрэдыенты. Гэта моцна адрозніваецца ад таго, калі мы сутыкаемся з патэнцыялам суперкамп'ютара».
У адрозненне ад ядзернага выбуху, гэтую пагрозу немагчыма візуалізаваць — і фільм "Маск" або "Альтман" будзе не пра фізікаў, якія ведаюць сваю справу, а пра распрацоўшчыкаў, якія разумення не маюць, як на самай справе ўсё гэта працуе. Роберт Оппэнгеймер у фільме кажа пра шлях выратавання чалавецтва ад катастрофы: мы павінны дзяліцца інфармацыяй. Шчырасць ён лічыў самым практычным і бяспечным спосабам не знішчаць гэты свет. І тады ў наступны раз нікому не прыйдзецца націскаць кнопку.