Топ-10 фільмаў пра ядзерную вайну. Баяцца ці супакоіцца?
Жывем падчас пагрозаў аб выкарыстаньні атамных бомбаў. Чуем папярэджаньні аб пачатку ядзернай вайны. Некаторыя ўжо скупаюць ёд. Гэтыя фобіі ня новыя: дастаткова паглядзець на колькасьць стужак на ядзерную тэматыку. Мы стварылі для вас спіс з 10 лепшых фільмаў, якія датычацца часу напярэдадні, уласна вайны, а таксама пэрыяду пасьля сусьветнай катастрофы.
Нумар 10. Калос: Праэкт Форбіна (Colossus: The Forbin Project). 1970
Джозэф Сарджэнт паставіў навукова-фантастычны фільм, дзе прасочваецца адвечнае супрацьстаяньне дабра і зла. Ядзернае стрымліваньне даведзенае да экстрэмальнай крайнасьці: ужо не людзі адказваюць за запуск ракет з атамнай бомбай, але машыны. У Злучаных Штатах створаны суперкампутар, які кантралюе ядзерны арсэнал заходніх краінаў. Але ў хуткім часе ён пачынае жыць сваім жыцьцём, пры гэтым працягваючы кантраляваць ядзерную зброю. Адначасова з гэтым у краіне Саветаў ствараюць адпаведнік амэрыканскага кампутара, які робіць тое ж самае. А далей нечакана: абодва кампутары ўваходзяць у змову, каб скончыць верагодную вайну любымі сродкамі. Нас чакаюць хвіліны халоднай кампутарнай іроніі, якія пераклікаюцца з рэальнай палітыкай у наш час.
Нумар 9. Тэстамэнт (Testament). 1983
Рэжысэрка Лін Літман стварыла стужку, дзе Джэйн Аляксандар выконвае ролю маці траіх дзяцей. Гераіня павінна справіцца з тым, што Сан-Францыска, Нью-Ёрк былі зруйнаваныя ядзернай бомбай і сьвет незваротна развальваецца. Гледачы адразу пасьля прэм’еры казалі, што фільм прымусіў іх плакаць. Некаторыя падчас другога прагляду, калі яны ўжо ведалі сюжэт і што будзе ў канкрэтнай сцэне, усё адно не маглі стрымаць сьлёзаў наноў. Джэйн Аляксандар увайшла ў сваю ролю з такім імпэтам, што гэта было адзначана намінацыяй на Оскар за лепшую жаночую ролю. Гэты фільм пра страшэннае выжываньне. Маці вымушаная даваць дзецям малако, ведаючы, што яно заражанае, але інакш дзеці памруць ад голаду.
Нумар 8. Голдфінгэр (Goldfinger). 1964
Бадай, лепшай стужка пра агента 007 у вакананьні Шона Конэры, і адна з лепшых сярод усіх фільмаў пра Джэймса Бонда. Прыгожая, дынамічная, як заўжды з выдатным гумарам гісторыя разгортваецца вакол спробы таямнічага злодзея Голдфінгэра падпарадкаваць сабе ўвесь сьвет. Ён спрабуе даць перавагу кітайцам у змаганьні з ЗША, заклаўшы «брудную» атамную бомбу ў Форт Нокс (а гэта вайсковая база, дзе захоўваецца амэрыканскі залаты запас у зьлітках). У Голдфінгэра наступная мэта: бомба спрацоўвае, усё золата становіцца апрамененым і бескарысным. Выратаваць сытуацыю выпадае агенту брытанскай выведкі Джэймсу Бонду. Галоўная музычная тэма выконваецца Шырлі Бэсі. Гэтую песьню вы палюбіце з першага праслухоўваньня, калі яшчэ не пасьпелі раней.
Нумар 7. Фінч (Finch). 2021
Сьвежы фільм з Томам Хэнксам у галоўнай ролі. У іншай галоўнай — сабака. Як вы ўжо напэўна разумееце, нас чакае гісторыя, прасякнутая клопатам, любоўю і самотай. Мігель Сапачнік (той самы, які зьняў самыя знакамітыя эпізоды «Гульні Тронаў») зрабіў кранальны фільм пра жыцьцё пасьля нейкай катастрофы (мы дакладна не ведаем, што адбылося: вайна ці нешта іншае), калі паўсюль на зямлі радыяцыя, а герой Хэнкса ў суправаджэньні сабакі і робата спрабуюць адшукаць месца, дзе магчыма ёсьць яшчэ людзі. Роўд-трып у Сан-Францыска, падчас якога цэлы фільм мы бачым аднаго актора. Том Хэнкс з тых, хто не зможа надакучыць за дзьве гадзіны.
Нумар 6. Барвовы прыліў (Crimson Tide). 1995
Экстрэмісцкая групоўка ўзяла пад кантроль ядзерную ўстаноўку ў Расеі (а ў наш час не адрозьніш групоўку ад тых, хто знаходзіцца ва ўладзе), і амерыканская падводная лодка адпраўляецца з загадам нанесьці прэвентыўны ядзерны ўдар у выпадку, калі сытуацыя пагоршыцца. У пэўны момант сувязь на падлодцы адключаецца, капітан субмарыны і яго адказны афіцэр разыходзяцца ў меркаваньнях, ці варта запускаць іх ядзерную ракету. Экіпаж разыходзіцца на два лягеры таксама. У стужцы Тоні Скота зорны акторскі склад, у тым ліку Джын Хэкман, Дэнзэл Вашынгтан, Віга Мортэнсэн і Джэймс Гандальфіні. Па магчымасьці глядзіце не дубляваную вэрсію: гук у фільме вельмі якасны (намінацыі на Оскар за гук, мантаж і мантаж гуку).
Ці стане вада ад магчымых ахвяраў выбуху ядзернай ракеты барвовай — даведаемся напрыканцы стужкі.
Нумар 5. На наступны дзень (The Day After). 1983
Гэты фільм адразу трансляваўся на тэлебачаньні і не меў пракату ў кінатэатрах. Амаль праз 40 гадоў пасьля дэбюту «На наступны дзень» па-ранейшаму зьяўляецца самым папулярным тэлефільмам усіх часоў, яго глядзелі каля 100 мільёнаў толькі ў ЗША, у тым ліку тагачасны прэзідэнт Рональд Рэйган. Пасьля прагляду ён сказаў, што гэта прымусіла яго перагледзець свае ваяўнічыя выступы ў бок камуністаў. Сюжэт уключае ядзерную атаку на горад Лорэнс, штат Канзас, і тое, як людзі спраўляюцца з непазьбежнымі наступствамі і канчатковым спыненьнем чалавечага жыцьця. Сельскагаспадарчыя надзелы ў штаце пакрытыя забруджаным попелам. Ежа не будзе расьці, лекары не маюць лекаў, дзеці будуць нараджаюцца з адхіленьнямі. У сьвету пасьля выбухаў няма будучыні.
Нумар 4. На беразе (On the Beach). 1959
Чорна-белы фільм Стэнлі Крамэра, пастаўлены ў 1959 годзе, апавядае пра найбліжэйшую да таго часу будучыню — 1964 год. Змрочны і пэсымістычны сьвет паказаны ў Аўстраліі. Дзеяньне адбываецца праз некалькі месяцаў пасьля ядзернай вайны паміж ЗША і СССР, і ў аўстралійцаў ёсьць усяго некалькі месяцаў, перш чым воблака ядзерных ападкаў дасягне іх і зьнішчыць Аўстралію. Напружаньне ўзрастае праз тое, як кожны спрабуе займацца сваімі штодзённымі справамі, ведаючы, што ўсё роўна хутка памрэ. Людзі проста працягваюць жыць, бо не ведаюць, што яшчэ рабіць. Капітан субмарыны, якога грае Грэгары Пэк, сустракае ў Аўстраліі паненку ў выкананьні Авы Гарднэр, якая абуджае ў ім пачуцьці, нягледзячы на непазьбежнасьць. Яна шмат п’е. Але каму якая справа, калі сьвету засталося жыць тры, дзьве, адну хвіліну.
Нумар 3. Сыстэма бясьпекі (Fail Safe). 1964
На мяжы пяцідзясятых і шасьцідзясятых выйшлі эталонныя фільмы на заяўленую тэматыку. На трэцім месцы стужка Сідні Люмэта, якая крыху пераклікаецца з пазьнейшай «Калос: Праэкт Форбіна».
Калі кампутарная памылка адпраўляе амэрыканскія бамбавікі ў СССР, каб разбамбіць Маскву ўшчэнт, амэрыканскі прэзыдэнт у выкананьні Генры Фонда павінен паведаміць камуністычнаму кіраўніцтву аб тым, што здарылася. Адначасова ён спрабуе прадухіліць канец сьвету.
Пасьля сканчэньня фільму гледачы ўбачаць цікавыя тытры, якія зьявіліся пры настойлівым пажаданьні міністэрства абароны ЗША: «Строгая сістэма гарантый і кантролю гарантуе, што такія падзеі, як апісаныя ў гэтай гісторыі, не могуць адбыцца на самай справе».
Нумар 2. Ніткі (Threads). 1984
Мік Джэксан стварыў вельмі цяжкі фільм. Яго немагчыма глядзець без суперажываньня героям. Героямі зьяўляюцца ўсе жывыя людзі. Стужка распавядае пра тое, што адбываецца пасьля ядзернай атакі, у прыватнасьці, пра хуткае павелічэньне захворваньня на рак. Ён паказвае нам голад і непазьбежную сьмерць чалавецтва. Дзеяньне фільма распачынаецца ў Іране, дзе сутыкаюцца ЗША і імпэрыя зла.
Каб паказаць псыхалягічны эфект ад атамнай бамбардзіроўкі, рэжысэр правёў шматгадзінныя сустрэчы са шматлікімі ахвярамі апраменьваньня пасьля Хірасімы і Нагасакі. Гэты фільм рэкамендуем глядзець ужо падрыхтаваным маральна гледачам да страшэнных кадраў.
Нумар 1. Доктар Стрэйнджлаў, або Як я навучыўся не хвалявацца і палюбіў атамную бомбу (Dr. Strangelove or: How I Learned to Stop Worrying and Love the Bomb). 1964
Лепшы фільм пра ядзерную вайну, на наш погляд — менавіта гэты з такой доўгай мудрагелістай назвай. Стэнлі Кубрык стварыў шэдэўральную стужку, якую, у адрозьненьне ад «Нітак», мы прапануем паглядзець усім. Найперш — гэта камэдыя. Стварыць іранічны фільм пра ядзерную вайну — тое яшчэ выпрабаваньне. Кубрык за гэта атрымаў намінацыю на Оскар як лепшы рэжысэр, а сам фільм быў вылучаны яшчэ ў трох: лепшы фільм года, лепшы адаптаваны сцэнар і лепшая мужчынская роля (Пітэр Сэлерс). Актор выканаў цэлых тры ролі ў фільме: амерыканскага прэзідэнта, брытанскага вайскоўца, а таксама прыкаванага да інваліднага вазка нямецкага навукоўца Стрэйнджлава.
Напачатку фільма адзін з амэрыканскіх генэралаў лічыць, што камуністы зьбіраюцца скрасьці «цялесныя сокі» амерыканцаў (што гэта значыць, даведаецеся падчас прагляду), і скіроўвае самалёты з бомбамі на Маскву. Што будзе далей — глядзіце самі ў гэтым цудоўным фільме.