Свет на мяжы катастрофы. Дасье ў карыкатурах

На фоне вайны ва Украіне свет зноў загаварыў пра пагрозу ядзернай вайны. Гэтак жа сама было роўна 60 гадоў таму — у кастрычніку 1962-га, калі ядзерная катастрофа ледзь не стала рэальнасцю.


«Пусть запомнят все вокруг
У Кубы есть надежный друг!»
Падобныя вершы былі адным з тыповых лозунгаў савецкай прапаганды пачатку 1960-х. У СССР актыўна падтрымлівалі рэжым Фідэля Кастра, які прыйшоў да ўлады ў 1959 годзе. У сваю чаргу ЗША працягвалі будаваць планы звяржэння камуністаў Гаваны. У 1961-м Штаты высадзілі дэсант кубінскіх эмігрантаў у заліве Качынас (Заліў Свіней). Аперацыя правалілася, што актыўна высмейвалі сучаснікі-карыкатурысты. Яны параўноўвалі катастрофу ў Заліве Свіней з цыгарай, якая ўзарвалася прама ў роце прэзідэнта Джона Кэнэдзі.

1_610.jpg


Так ці інакш, авантура ў Заліве Свіней узмацніла антыамерыканскія настроі Кастра. Гавана пачала настойліва прасіць у СССР ракетныя сістэмы. Хрушчоў вагаўся. Але толькі да 1961-га, калі Штаты прынялі рашэнне размясціць ядзерныя ракеты сярэдняй далёкасці ў Турцыі, што на парадак скарачала падлётны час для амерыканскіх ракет з ядзернымі зарадамі да тэрыторыі СССР. Гэта прымусіла Хрушчова зрабіць сіметрычны крок. Савецкі правадыр паставіў пытанне аб размяшчэнні ядзерных ракет на Кубе. Замежныя карыкатурысты наступным чынам бачылі ўзмацненне ўзброенага рэсурсу Фідэля.

2_562.jpg

У пачатку верасня ракеты, якія маглі дабіваць да Вашынгтона, прыбылі на Кубу. Раніцай 16 кастрычніка інфармацыя пра іх легла на стол Кэнэдзі. Той сабраў на сакрэтнае пасяджэнне вышэйшых кіраўнікоў і найбліжэйшых паплечнікаў кіраўніка дзяржавы. Наяўнасць ракет, якія хутка маглі даляцець да Штатаў, успрымалася як вельмі небяспечная пагроза. Графічна сітуацыя выглядала як на малюнку аднаго з тагачасных мастакоў.

3_499.jpg


Але куды больш небяспечнай для Кэнэдзі была бяздзейнасць, якая была бы ўспрынята грамадствам як палітычнае паражэнне яго адміністрацыі. У выніку ў Вашынгтоне вырашылі пачаць марскую блакаду («каранцін») Кубы. Патрыятычная прэса ЗША вітала рашучы ход дзядзькі Сэма.

4_467.jpg


24 кастрычніка «каранцін» уступіў у сілу. У гэты час да Кубы набліжаліся савецкія караблі з ядзернымі боегалоўкамі. Было відавочна, што іх сутыкненне з караблямі амерыканскіх ВМС азначала пачатак вайны. У гэты ж дзень павышаную баявую гатоўнасць увялі ўсе арміі Варшаўскай дамовы. На наступны дзень, 25 кастрычніка, армія ЗША таксама была прыведзена ў ступень максімальнай гатоўнасці. Гэта быў пік Карыбскага крызісу, калі свет быў бліжэй за ўсё да ядзернай вайны за ўсю сваю гісторыю. Жорсткая сутычка геапалітычных гігантаў была тады тэмай шматлікіх карыкатур.

5_432.jpeg

І ў гэты момант абодва бакі пачалі вагацца. Хрушчоў яшчэ раніцай 25 кастрычніка даў зразумець, што збіраўся выгандляваць у Кэнэдзі гарантыі ненападзення на Кубу і вываду амерыканскіх ракет з Турцыі. Пачалі шукаць варыянты кампрамісу і ў Белым доме. У ноч на 28 кастрычніка брат прэзідэнта, міністар юстыцыі Робэрт Кэнэдзі прыбыў у савецкую амбасаду на сустрэчу з амбасадарам Анатолем Дабрыніным. Менавіта на гэтай сустрэчы нарадзілася формула, якая і легла ў выніку ў аснову дамовы: СССР выводзіць ракеты з Кубы, Штаты гарантуюць ненапад на яе, а амерыканскія ракеты праз нейкі час выводзяцца з Турцыі. Савецкія ракеты ў выніку забралі ў Кастра, што мастакі адлюстравалі вельмі алегарычна.

6_317.jpg

Галоўным вынікам Карыбскага крызісу стала разрадка 1963 года, калі адносіны паміж Вашынгтонам і Масквой сталі лепшымі, чым калі-небудзь з часоў заканчэння Другой сусветнай. З таго часу ЗША і СССР ніколі так блізка больш не падыходзілі да мяжы ядзернай вайны. Заканчэнне крызісу прынесла Кэнэдзі ўсплёск папулярнасці (амерыканцы ўспрымалі разрадку як значнае памяншэнне пагрозы ядзернай вайны, якой усе баяліся). Адначасова ў СССР, як бачым па карыкатурах таго часу, галоўным аўтарам разрадкі лічылі Мікіту Сяргеевіча.

7_223.jpg


Як не дзіўна, сёння ўрокі Карыбскага крызісу вельмі актуальныя. Усё за кошт Украіны. Пры жаданні можна правесці прамыя аналогіі, калі ўявіць у ролі Кубы Украіну (краіна, якая пасля рэвалюцыі рэзка памяняла свой геапалітычны курс). Ролю ЗША ў крызісе 1962-га гуляе Расія, якая хоча вярнуць ўплыў на краіну, якая знаходзіцца ў яе пад бокам. Пры гэтым не выключаецца выкарыстанне атамнай зброі, што часта ілюструюць сучасныя карыкатуры.

8_148.jpg


Хаця, вядома, параўнанні гэтыя вельмі ўмоўныя. У любым выпадку, хочацца спадзявацца, што лідары супердзяржаў як і 60 гадоў таму будуць здольнымі зразумець, што геапалітычныя амбіцыі не могуць быць апраўданнем ядзернай вайны, здольнай знішчыць увесь свет.