«Другая мадэль» чалавецтва — але без чалавечнасці

Амерыканскі пісьменнік Філіп К. Дзік як ніхто іншы ўмеў зазіраць у віртуальную рэальнасць і маляваць цалкам сабе праўдападобную будучыню. Пра яго аповесць «Другая мадэль», у якой Зямля не мае шанцаў пасля ядзернай вайны, піша budzma.me.

Кнігі Філіпа Кіндрэда Дзіка. Фота: wikipedia.org

Кнігі Філіпа Кіндрэда Дзіка. Фота: wikipedia.org

У траўні 1953 года ў адным з амерыканскіх часопісаў была апублікавана аповесць «Другая мадэль» Філіпа Кіндрэда Дзіка, дзе быў распісаны проста неверагодна апакаліптычны сцэнар. Паводле яго, Савецкі Саюз распачаў ядзерную вайну супраць Амерыкі і ААН, якая скончылася апакаліпсісам. Большасць амерыканскіх і еўрапейскіх гарадоў былі ў выніку наўпрост сцёртыя і зніклі, а сама Зямля ператварылася ў непрыдатную для існавання планету.

Камуністы па першым часе бралі верх, таму амерыканцы з саюзнікамі вымушаны былі адляцець на Месяц, каб адтуль кіраваць баявымі дзеяннямі. А каб Саветы канчаткова не перамаглі, яны распрацавалі баявых робатаў, якія ў творы завуцца «кіпцюрамі». Тыя, паводле свайго функцыяналу, мелі забіваць усё, што рухаецца каля амерыканскіх бункераў. А каб яны не забівалі сваіх, то салдаты войска аб’яднаных нацый насілі адмысловыя ахоўныя бранзалеты.

У выніку шасці гадоў супрацьстаяння на Зямлі засталіся адно кропкавыя месцы, дзе яшчэ цеплілася жыццё. Даўно знявераныя ва ўсім жменькі салдат проста выконвалі загад свайго начальства — трымаць абарону да апошняга і ні ў якім разе не здавацца. Але іх існаванне насамрэч больш нагадвала «дзень сурка» — бясконцае сядзенне ў бункеры, вакол якога даўно ўжо нічога не адбывалася.

Філіп К. Дзік. Фота: bbc.com

Філіп К. Дзік. Фота: bbc.com


Галоўны герой аповесці маёр Хэндрыкс атрымаў ад камуністаў запрашэнне на перамовы — тыя нібыта тэрмінова хацелі пагаварыць пра магчымы мір, бо не бачылі далейшага сэнсу ў змаганні. Хэндрыкс, які некалькі месяцаў не быў на свежым паветры, выправіўся ў савецкі бункер, каб дамовіцца пра спыненне агню. На сваім шляху ён пачаў сустракаць дзіўных людзей, але нават і не здагадваўся, што сустрэчы гэтыя былі зусім не выпадковымі.

З часам маёр зразумеў, што здатныя да выжывання ў неспрыяльнай атмасферы «кіпці» не толькі забівалі ворагаў, але яшчэ і самаўдасканальваліся. На вялікіх падземных заводах робаты ўжо самі, без умяшальніцтва чалавека, выраблялі ўсё новыя мадэлі машын-забойцаў. Прычым падобных да чалавека: паранены салдат, самотны хлопчык, які нібыта выжыў, і гэтак далей. Кожная з такіх мадэлей мела свой парадкавы нумар: 1-М, 2-М, 3-М, 4-М.

Паступова Хэндрыкс разгадаў, які нумар меў кожны з робатаў, але што за загадкавая другая мадэль, ён даведаўся толькі ў самым канцы — калі вымушана саступіў сваё месца ў касмічным караблі, які быў прызначаны менавіта для яго эвакуацыі, сваёй новай прыяцельцы. Яна, уласна, і адляцела на Месяц замест маёра. У той момант ён застаўся апошнім чалавекам на Зямлі, абкружаным робатамі-забойцамі, які сваім учынкам паставіў толькі што пад пагрозу існаванне ўсяго чалавечага роду.

У гэтай аповесці Філіп К. Дзік намаляваў абсалютна вусцішную карціну таго, што можа адбыцца ў выніку супрацьстаяння дзвюх супердзяржаў. Абганяючы час, ён падвёў магчымыя вынікі гонкі ўзбраенняў і патэнцыйнага абмену ядзернымі ўдарамі. Бо ўся філасофія тых «кіпцяў» — адно забіваць.

У канцы твора яны нават пачалі забіваць самі сябе — больш прасунутыя мадэлі, запакаваныя ў чалавечае аблічча, без цені сумневу нішчылі прасцейшыя. Усё для таго, каб уцерціся ў давер да жывога чалавека...

Такое мог прыдумаць толькі параноік і вар’ят, кім, уласна, і быў пісьменнік. Гэта быў самы пачатак яго творчай кар’еры — за год да таго, у 1952-м, малады аўтар прадаў усяго чатыры апавяданні. У яго толькі-толькі з’явіўся ўласны літаратурны агент, а ён сам рашыўся на тое, каб кінуць усе справы ды ўсур’ёз заняцца літаратурай. Пісьменнік быў вельмі пладавіты: ужо ў 1955-м пабачыць свет першая яго анталогія і буйны раман.

Парадаксальным чынам Дзік умеў зазіраць у будучыню. Калі пісалася «Другая мадэль», «халодная вайна» яшчэ не набрала сваёй моцы. Да Карыбскага крызісу, калі чалавецтва і праўда аказалася на парозе ядзернай вайны, было амаль 10 гадоў. А ён ужо пабачыў, якім будзе жыццё пасля.

У той жа час, 25-гадовы пісьменнік вельмі востра перажываў атмасферу, у якой жыў: яму не надта падабалася «паляванне на ведзьмаў», якое распачалі амерыканскія ўлады ў пошуках «чырвонай» пагрозы.

Прыкладна тады ж Філіп Дзік і вырашыў стаць фантастам ды прысвяціць увесь час стварэнню чытва, якое зробіць яму імя. Некаторыя з яго твораў былі экранізаваныя або далі добры штуршок у развіцці кінаіндустрыі. Вядомыя ці не кожнаму «Узгадаць усё», «Бягун па лязе» або «Асобае меркаванне» знятыя менавіта паводле твораў Філіпа К. Дзіка. Ствараючы свайго «Тэрмінатара», Джэймс Кэмеран натхняўся яго «Другой мадэллю» — у суворым дзядзьку з безэмацыйным тварам, які шукае Сару Конар, каб забіць, надта шмат ад чалавекападобных «кіпцяў».

А быў жа яшчэ фільм «Крыкуны», які знялі канадцы ў сярэдзіне 1990-х гадоў за зусім невялікія грошы. Ясна, што бюджэтная стужка правалілася ў пракаце, але і цяпер час ад часу ўсплывае, калі гаворка пачынаецца пра жыццё пасля канца свету. Гэтыя «Крыкуны», уласна, і ёсць экранізацыяй «Другой мадэлі» Філіпа К. Дзіка. Праўда, спрошчанай, «ачалавечанай», больш лагоднай.

Стваральнікі нездарма троху перакруцілі сюжэт. Замест Зямлі ў іх ужо нейкая невядомая планета, камуністаў і амерыканцаў замянілі альянсы, якія варагуюць праз рэсурсы, а не з ідэйных меркаванняў. І ўсё гэта адбываецца ў далёкай будучыні — 2078 годзе. Такі падыход можна зразумець, бо сацлагер на момант здымак ужо не існаваў, зацятага супрацьстаяння камунізму і капіталізму не было, ды і законы жанру нельга парушаць.

Бо цяжка ўявіць сабе фільм, дзе на зямлі ідзе ядзерная вайна, а ў канцы чалавецтва проста гіне, не маючы аніводнага шанца на выратаванне. Разняволены глядач, які прывык адно да забавак, можа і спужацца гэткага фіналу. Але пра такія рэчы варта хаця б зрэдзьчас задумвацца.

Па ўсім відаць, пісьменнік наўмысна не пакінуў аніякіх шанцаў чалавецтву, нават самых прывідных. Чаму так? Пэўна, хацеў, каб яго чытачы адчулі, што можа быць, калі абудзецца татальная вайна, у якой відавочна не будзе пераможцаў і пераможаных — гэта магістральная тэма аповесці.

Бо апісанні разбуранай вайной Зямлі, дзе ўжо не засталося наогул нічога жывога, а людзі — гэта хіба што выміраючы від з «Чырвонай кнігі», і праўда ўражваюць. Яшчэ і з той прычыны, што Дзік піша ну надта ўжо рэалістычна. Пагартаў колькі старонак — нібы сам там пабываў.

Ці меў Філіп К. Дзік рацыю? Хто яго ведае, паглядзім, як яно далей будзе...