Топ-10 фільмаў Скарлет Ёхансэн, чые дзяды былі зь Нясьвіжу
На гэтым тыдні адзначылі 39-я народзіны знакамітай акторкі. Калі б не яе продкі, якія напярэдадні Другой сусьветнай вайны выехалі зь Нясьвіжу ў Амэрыку, пра гэтую зорку ніхто б ня ведаў: нясьвіжскія габрэі былі амаль цалкам вынішчаныя. З гэтай нагоды мы стварылі сьпіс з дзесяці найлепшых стужак з удзелам Скарлет. Прыемнага прагляду!

Скарлет Ёхансэн
Нумар 10. Дзяўчына з пярлінавай завушніцай (Girl with a Pearl Earring). 2003

У гэтай кінаадаптацыі рамана Трэйсі Шэвалье Скарлет Ёхансэн выконвае ролю маладой служанкі, якая становіцца музай знакамітага мастака Ёханэса Вэрмэера, якога грае Колін Фёрт. Яе ігра — прыклад тонкасьці і стрыманасьці. Акторка цудоўным чынам увасабляе нутраны сьвет сваёй гераіні, жыцьцё якой вызначаецца назіраньнем і маўчаньнем.
Дзеяньне фільма Пітэра Ўэбера адбываецца ў XVII стагодзьдзі ў Нідэрляндах. Стужка зьяўляецца візуальным шэдэўрам, які адлюстроўвае эстэтыку працаў Вэрмэера. Кожны кадр - гэта даніна стылю мастака зь яго сур’ёзнай увагай да натуральнага асьвятленьня і кампазыцыі.
Пяшчотныя, рамантычныя асобы атрымаюць вялікае задавальненьне ад прагляду.
Нумар 9. Прэстыж (The Prestige). 2006

Адзін з раньніх фільмаў Крыстафэра Нолана поўны інтрыгаў, падманаў, схаваных і вельмі схаваных сэнсаў: усё, як ён (і, верагодна, вы) любіце.
Скарлет Ёхансэн выконвае ключавую ролю ў заблытаным суперніцтве паміж двума чараўнікамі ў выкананьні Х'ю Джэкмана і Крысьціяна Бэйла. Роля Скарлет, няхай і другога пляну, мае вельмі істотнае значэньне ў разуменьні маштабных тэмаў фільма, такіх як апантанасьць і прырода ілюзіі.
Гледачы трапляюць у віктарыянскую эпоху, дзе героі ідуць на адчайныя крокі, каб пасьпець у гонцы за ілюзорнай альбо сапраўднай веліччу. Падрыхтуйцеся быць зачараванымі чараўнікамі.
Нумар 8. Пад скурай (Under the Skin). 2013

Фільм рэжысэра Джонатана Глэйзера можна разглядаць як сьведчаньне майстэрства Скарлет Ёхансэн як акторкі і сьмеласьці Глэйзера як рэжысэра. Гэты загадкавы фільм прапаноўвае сюррэалістычнае падарожжа ў глыбіні чалавечага досьведу. Гераіня Ёхансэн – гэта іншаплянэтнае стварэньне, якое палюе на людзей у Шатляндыі.
Гэта роля, якая патрабуе амаль бясслоўнага выказваньня цікаўнасьці, жаху і, пазьней, суперажываньня. Іншаплянэцянін пераапрануты ў чалавечае аблічча, перасоўваецца па змрочным шатлянзскім пэйзажы, і заваблівае самотных людзей у пустэчу, дзе іх чакае таямнічы лёс.
Гэтае стварэньне з кожным разам фіксуе нейкія дробныя асаблівасьці ў паводзінах людзей. Стварэньне разьвіваецца.
Нумар 7. Чалавек, якога не было (The Man Who Wasn't There). 2001

Выдатны прыклад сучаснага фільму ў жанры нуар. Браты Коэны, стваральнікі стужкі, рэдка дазваляюць сабе няякасную працу, і гэта, вядома, ня той выпадак. Прыгожая бляндынка сярод чорна-белага адлюстраваньня жыцьця – гэта няўміручая клясыка.
Дзеяньне фільма разгортваецца ў пасьляваенным амэрыканскім прыгарадзе і распавядае пра жыцьцё героя Білі Боба Торнтана, маўклівага цырульніка, які апынуўся ў сетцы ўласнага невымоўнага адчаю. Скарлет грае маладую дзяўчыну, якая грае на фартэпіяна, і міжволі заваблівае галоўнага героя.
Ён бачыць у ёй адначасова і тое, кім ён так і не стаў: бадзёрым, энэргічным і поўным ідэяў чалавекам.
Нумар 6. Яна (Her). 2013

У цудоўна прадуманым і надзвычай эмацыйным навукова-фантастычным фільме Спайка Джонза Хаакін Фэнікс паказвае гульню, якая вядзе гледачоў у глыбіні каханьня, адзіноты і чалавечых сувязяў ў лічбавым сьвеце.
Фэнікс грае самотнага чалавека, які знаходзіць каханьне ў самым неверагодным месцы — апэрацыйнай сістэме Штучнага Інтэлекту пад назвай Саманта. З дапамогай тонкіх нюансаў і майстэрскага кантролю над выразамі твару актор прымушае нас паверыць, што ён закахаўся ў тое, чаго не існуе ў звыклым разуменьні.
Саманта – гэта асістэнт, якая можа сказаць прагноз надвор’я, параіць піццу ці разбудзіць раніцай. Але праз узаемадзеяньне з героем зьяўляецца ілюзія адносінаў паміж чалавекам і кодам. Фэнікс і Скарлет Ёхансэн, якая агучвае Саманту, ствараюць гісторыю каханьня, у якую так складана паверыць на адлегласьці. У гэтай стужцы вы не ўбачыце жывую Скарлет, але раім глядзець фільм у арыгінале: яе голас вельмі чульлівы і здольны перадаць нараджэньне эмоцыяў у машыны.
Нумар 5. Хічкок (Hitchcock). 2012

У гэтай стужцы створаная спроба асэнсаваць спадчыну і жыцьцёвы шлях аднаго з галоўных стваральнікаў кіно. Скарлет Ёхансэн у гэтым баёпіку выконвае ролю акторкі Джанэт Лі, якая знаёмая кожнаму аматару трылераў як галоўная гераіня фільма «Псыха» Альфрэда Хічкока.
Узаемаадносіны акторкі і маэстра напоўненыя гучным напружаньнем. Генія кіно на экране ўвасобіў іншы геній – Энтані Хопкінс. Гледачы зазірнуць у працэс стварэньня знакамітага трылера 1960 года. З аднаго боку суцэльнае мастацтва, а з іншага – няпростыя ўзаемаадносіны з уласнай жонкай.
Дарэчы, найлепшыя фільмы Альфрэда Хічкока дасяжныя па гэтай спасылцы.
Нумар 4. Вікі Крысьціна Барсэлёна (Vicky Cristina Barcelona). 2008

Вудзі Ален стварыў прыгажосьць у гонар Барсэлёны і ўсёй Каталёніі. Гераіня Скарлет Ёхансэн — загадкавая асоба, маладая амэрыканская турыстка ў Гішпаніі, якая ўвасабляе сумесь наіўнасьці і імкненьня да невядомага. Яна ўвязваецца ў складаныя адносіны з мясцовым мужчынам у выкананьні Хаўера Бардэма і яго былой жонкай, чыю ролю выконвае Пэнэлопа Крус.
Гісторыя, які адбываецца на фоне залітай сонцам Барсэлёны, — гэта сьвята пачуцьцяў, гісторыя, якая вывучае складанасьці каханьня і жарсьці. Вудзі Ален праз здымкі архітэктуры, людзей і нават ежы – нібы прызнаецца ў каханьні гэтаму гораду.
Нумар 3. Цяжкасьці перакладу (Lost in Translation). 2003

Сафія Копала, дачка тытана кіно Фрэнсіса Форда Копалы, — асоба самадастатковая. Яна так і не стала ў першыя шэрагі творцаў, але асобныя працы Сафіі – бліскучы прыклад майстэрства. Менавіта такім прыкладам зьяўляецца стужка з Білам Мюрэем і Скарлет Ёхансэн у галоўных ролях.
Гісторыя заснаваная на малаверагоднай сувязі паміж дзьвюма страчанымі душамі: састарэлым амэрыканскім акторам, якога Біл Мюрэй паказвае з фірмовай мэлянхоліяй, і маладой жанчынай, якая проста плыве па ўласным жыцьці.
Дзеяньне адбываецца ў шматмільённым Токіа, дзе на безьліч людзей існуе прорва самотных.
Нумар 2. Матч пойнт (Match Point). 2005

Яшчэ адна супольная праца Скарлет Ёхансэн і Вудзі Алена. У гэтай стужцы рэжысэр крыху адыходзіць ад звыклай камэдыйнай афарбоўкі сваіх фільмаў і сыходзіць у больш змрочныя і складаныя тэмы.
Гісторыя разгортваецца вакол былога тэнісіста, які ўваходзіць у сьвет лёнданскай эліты. Скарлет грае пачатковую акторку, якая таксама трапляе ў гэтую супольнасьць. Яе гераіня прасякнутая прывабнасьцю і вялікай уразьлівасьцю, што і прымушае падзеі ў гісторыі разгортвацца вакол яе. Напружаньне ў заблытаных адносінах галоўных герояў павялічваецца, пакуль не даходзіць да непазьбежнага выбуху.
Скарлет звышталенавіта здолела паказаць мары і расчараваньні сваёй гераіні.
Нумар 1. Трусік Джоджо (Jojo Rabbit). 2019

Прымусіць сьмяяцца з Адольфа Гітлера — згадзіцеся, справа зусім не простая. Тайка Вайціці шэдэўральна справіўся з такой мэтай. Гісторыі змаганьня з нацызмам у самых розных яго праявах апісаныя і паказаныя тысячы разоў рознымі майстрамі. У гэтай стужцы мы бачым простага нямецкага хлопчыка, які ўваходзіць у гітлерюгенд і страшэнна гэтым ганарыцца. Ён жадае вырасьці і стаць сапраўдным вялікім нацыстам. Пакуль яго таты няма, хлопчык прыдумляе сабе ўяўнага сябра — таго самага Адольфа, які падтрымлівае маладое пакаленьне нацыстаў і дае парады.
Хлопчык вельмі не любіць габрэяў, бо яны з рагамі і дрэнна пахнуць. Але аднойчы яго мама ў выкананьні Скарлет Ёхансэн хавае ў іх доме сапраўдную габрэйку. Хлопчык знаходзіць яе.
Фільмы пра дзяцей на вайне — вельмі складаныя. Гэты — нясе праз усю працягласьць стужкі надзею.
Беларусам асабліва адгукнецца кароткі дыялог Ёханэса з маці, калі яны ўбачаць целы забітых габрэяў:
— Што яны зрабілі, мама?
— Усё, што маглі.
Прыемнага прагляду!
Іншыя аўтарскія падборкі фільмаў глядзіце тут.