Хто вы «Доктар Хто»?

 У Вялікабрытаніі 25 лістапада адзначылі юбілей тэлешоу «Доктар Хто» (Doctor Who) — самы працяглы навукова-фантастычны тэлесерыял у гісторыі, які кампанія BBC транслюе з 1963 года.

"Доктар Хто"-2023. Крыніца: doctorwho.tv

"Доктар Хто"-2023. Крыніца: doctorwho.tv

Роўна 60 гадоў таму ўвесь свет абмяркоўваў навіны з амерыканскага Даласа, дзе ў гэты дзень быў забіты Джон Кэнэдзі. А вось у Вялікабрытаніі была яшчэ адна тэма для дэбатаў. У той жа дзень, 25 лістапада, на экраны выйшаў першы выпуск серыяла «Доктар Хто», які адразу стаў культавым.

Піка папулярнасці серыял дасягнуў у 1979-м, калі ўся Англія была ахоплена забастоўкамі. Паколькі многія забастоўшчыкі сядзелі дома, колькасць гледачоў кожнага эпізоду дасягнула фантастычнай лічбы — 16 мільёнаў чалавек. Цяпер колькасць гледачоў ацэньваецца прыкладна ў 10 мільёнаў.

У серыяле распавядаецца пра прыгоды Уладара Часу па імені Доктар, пазаземнай істоты, якая знешне нагадвае чалавека. Доктар даследуе Сусвет на касмічным караблі ТARDIS, які вандруе ў прасторы і часе. ТARDIS выглядае як сіняя брытанская паліцэйская будка, якая была звычайнай з'явай у 1960-я. Унутры яна большая, чым звонку. Разам з рознымі таварышамі і сябрамі Доктар змагаецца з ворагамі, ратуе цывілізацыі і дапамагае людзям, якія маюць нейкія праблемы.

Усяго ролю Доктара за 60 гадоў існавання франшызы выканалі 14 акцёраў. Пераход ад аднаго акцёра да іншага ўпісаны ў сюжэт серыяла з канцэпцыяй рэгенерацыі ў новае ўвасабленне, сюжэтным ходам, пры якім Уладар Часу атрымлівае новае цела. Звычайна гэта адбываецца, калі цяперашняе цела занадта моцна паранена, каб яго можна было вылечыць. 

Серыял даўно з'яўляецца часткай папулярнай культуры ў Вялікабрытаніі і іншых краінах. У свеце ёсць нават цэлы субкультурны рух прыхільнікаў серыяла, якіх часам завуць Whovians. «Доктар Хто» ўнесены ў Кнігу рэкордаў Гінэса не толькі як самы працяглы, а таксама як самы паспяховы навукова-фантастычны серыял усіх часоў, паводле яго агульных рэйтынгаў тэлетрансляцый, DVD і продажу кніг.

Зрэшты, не абышлося без скандалаў. Шоу з самага пачатку выклікала спрэчкі наконт успрымання серыяла дзецьмі. Адмоўныя персанажы на экране выглядалі як крывавыя жудасныя монстры, якіх часта забівалі без усялякай матывацыі.

Актывісты арганізацый, якія абаранялі сямейную мараль, адразу пасля прэм'еры «Доктара Хто» завалілі дырэкцыю BBC лістамі пратэсту супраць жорсткасці, якая нібыта прысутнічае ў шоу і можа негатыўна паўплываць на дзіцячую псіхіку. Аднак, падобна, гэта не вельмі папулярнае меркаванне. Толькі 3% апытанай аўдыторыі лічаць серыял «цалкам непрыдатным» для сямейнага прагляду. Зрэшты, у 1985-м серыял прыйшлося прыпыніць на 18 месяцаў менавіта з-за тэмы гвалту на экране.

Таксама варта адзначыць, што дзякуючы серыялу ў брытанскі лексікон увайшла фраза «схавацца за канапай», якая абазначае стэрэатыпныя паводзіны дзяцей падчас прагляду «Доктара Хто»: у страшныя моманты фільма яны хаваліся ў пакоі за канапай, каб пасля даглядзець эпізод.

Як ні парадаксальна, цяпер «Доктар Хто» стаў часткай уэльскай нацыянальнай ідэнтычнасці. Справа ў тым, што вытворчасцю выпускаў з пачатку гэтага стагоддзя займаецца філіял BBC ва Уэльсе. Навукова-фантастычны серыял не толькі ўносіць вялікі ўклад у эканоміку рэгіёну, але таксама з'яўляецца каталізатарам развіцця шматлікіх напрамкаў у кіно (вытворчасць, пост-прадакшн, лічбавыя эфекты і спецэфекты і г.д.). У перыяд з 2004 па 2021 год «Доктар Хто» зарабіў каля 134 600 000 фунтаў стэрлінгаў з якіх больш за 113,1 млн фунтаў стэрлінгаў прыйшлося на крэатыўныя індустрыі Уэльсу. Нядзіўна, што 60-годдзе серыяла адсвяткавалі менавіта ў уэльскай сталіцы горадзе Кардыф-Сіці.

Мяркуючы па маштабах юбілею, серыял “Доктар Хто” яшчэ доўга не сыдзе з экранаў. Зрэшты, ёсць і скептычныя прагнозы. На форумах Whovians хапае крытычных каментароў у адрас стваральнікаў апошніх эпізодаў серыяла. Каментатары незадаволены тым, што апошнім часам серыял літаральна прасякнуты тэорыямі талерантнасці і палітычнай карэктнасці, што робіць сюжэт больш прымітыўным, а вобразы нецікавымі. На іх думку, калі так усё і працягнецца, «Доктар Хто» з часам страціць аўдыторыю.