Чаму фільмы Сашы Кулак трэба занесці ў свой спісачак фільмаў must-see?
Два фільмы рэжысёркі Сашы Кулак цяпер можна паглядзець на платформе Vodblisk.
Фільмы рэжысёркі Сашы Кулак, якая родам з Віцебска, вядомы ўжо далёка за межамі Беларусі: іх паказваюць на мностве міжнародных кінафестываляў, адкуль яны часта з'язджаюць, заваяваўшы ўзнагароды.
Медыятэка анлайн-кінатэатра VODBLISK цяпер папоўнілася дзвюма працамі беларускай рэжысёркі: «Хронікі ртуці» і «Саламанка».
Чаму гэтыя фільмы трэба занесці ў свой спісачак фільмаў must-see?
Рэжысёрку цікавяць гісторыі, прасякнутыя магічным рэалізмам, і ёй заўсёды ўдаецца ператварыць публіцыстычную гісторыю ў сюррэалістычную. З-за чаго кожны яе фільм — гэта нешта новае і ўнікальнае, кінакарціны, якія гавораць з гледачом на сваёй мове.
«Саламанка»
«Саламанка» — рэзанансная праца Сашы Кулак, зробленая ў суаўтарстве з Русланам Фядотавым.
40-хвілінны фільм небывалай прыгажосці апісвае побыт мексіканскага горада, дзе час нібы замер 200 гадоў таму з надыходам менанітаў — прыхільнікаў аднаго з самых строгіх напрамкаў пратэстантызму, чый уклад жыцця ў абшчыне не мяняецца стагоддзямі.
Стужка, якая з'яўляецца дакументальнай, шмат у чым падобная на ігравое кіно з удумлівай кампазіцыяй кадра, плыўным рухам камеры, шырокавугольным аб'ектывам, ніжнімі ракурсамі і павольнымі панарамамі.
Адзінае недакументальнае ў «Саламанцы» — гісторыя героя, якая гучыць за кадрам, расказаная ад першай асобы.
Чорна-белы фільм не ставіць перад сабой мэту расказаць пра абшчыну з пункту гледжання этнаграфіі. Гэта, хутчэй, даследаванне матываў людзей, якія выбіраюць адмову ад магчымасцей свету дзеля жыцця пасля смерці, і адны падтрымліваюць гэты парадак унутры абшчыны, а іншыя падпарадкоўваюцца яму.
«Хронікі ртуці»
«Хронікі ртуці» — дакументальная стужка, якую Саша здымала ў суаўтарстве з Бэнам Гуэзам у ЗША ў 2016-м годзе паралельна з прэзідэнцкімі выбарамі.
Нязвыклая лакацыя фільма (горад-прывід), непрыдатны для жыцця, незвычайныя героі (пустэльнікі, якія вераць у змовы) — усё гэта разам з майстэрствам рэжысёраў нараджае ўнікальны фільм, непадобны на многае з таго, што вы бачылі.
У стужцы «Хронікі ртуці» расказваецца пра штодзённае жыццё былой скрыпачкі і таленавітай пісьменніцы Кейт Вудс, яе брата Кэмпа і іх сябра Томі сярод руін закінутага каліфарнійскага шахцёрскага пасёлка, дзе раней здабывалі ртуць.
Вудсы збіраюць рэдкія горныя пароды, назіраюць за НЛА, гуляюць з сабакамі (палову зграі клічуць у гонар персанажаў Шэкспіра — Гамлет, Афелія, Атэла), размаўляюць аб палітыцы, навуцы і чалавечай долі.
Ужо некалькі месяцаў існуе канал у Viber,
дзе расказваецца пра новыя фільмы на платформе VODBLISK і наогул пра беларускае
кіно. Вядоўцы канала вельмі хочуць, каб пра беларускае кіно ведалі і каб яго
глядзелі як мага больш беларусаў: самых розных прафесій, узростаў і захапленняў.
Паводле прэс-рэліза