Топ-10 фільмаў Альфрэда Хічкока: да дня памяці караля саспэнсу

Акрамя «Псіха», чалавек, які прыдумаў цэлы жанр, зьняў безьліч шэдэўральных стужак. Прыйшлося зрабіць вельмі жорсткі адбор, каб прапанаваць азнаёміцца са сьпісам дзесяці лепшых фільмаў вялікага брытанца. Адна карціна лепш за іншую, вам застаецца толькі ўтульна заняць месца ў мяккім фатэлі і ўключыць нумар… Выбар за вамі!

Кадр з адной са стужак нашага сьпісу

Кадр з адной са стужак нашага сьпісу

Нумар 10. Непрыемнасьці з Гары (The Trouble with Harry). 1954

the_trouble_with_harry_1.jpg

Непрыемнасьці ў Гары пачынаюцца з самага пачатку. Ды што цягнуць: мы сустракаем Гары ўжо памерлым у жоўта-чырвоным восеньскім лесе. Гэты факт стварае безьліч праблемаў у спакойным паселішчы ў Новай Англіі. Хто гэты Гары, чаму ён апынуўся там, дзе яго знайшлі, чаму ён забіты?

Майстар саспэнсу Хічкок пры дапамозе шляхетнага ангельскага гумару вымушае больш цікавіцца мёртвым, чым жывымі героямі стужкі. Іранічны падыход за забойства? Лёгка! Падрыхтуйце імбірную гарбату і глядзіце гэты шэдэўр. 

Нумар 9. Замежны карэспандэнт (Foreign Correspondent). 1940

foreign_correspondent_1.png

Стужка Хічкока «Замежны карэспандэнт» распавядае пра сьвет, ахоплены чуткамі, ростам напружанасьці, палітызаванымі рэпрэсіямі і нявызначанасьцю, якія папярэднічалі Другой сусьветнай вайне. Мы трапляем у амэрыканскую рэдакцыю, дзе нарастае расчараваньне праз адсутнасьць рэальнага асьвятленьня вартых навінаў, якія паступаюць ад карэспандэнтаў.

Вырашаецца, што чалавека, які мае досьвед у пошуку гісторый, крымінальнага рэпарцёра, трэба адправіць у Эўропу, і таму Джоні Джонс атрымлівае менш амерыканскі псеўданім Хантлі Хэверстак і адпраўляецца ў Брытанію ў якасьці даволі незацікаўленага карэспандэнта. Адтуль ён наведвае сустрэчу, якую праводзіць Партыя міру ў Амстэрдаме, дзе, па чутках, адбудзецца істотная прамова Ван Меера, якая можа паўплываць на вайну, што павінна пачацца ў Эўропе.

Ван Меер адсутнічае на мерапрыемстве. Хутка становіцца зразумелым, што ён забіты. Захапляльны трылер ад майстра гэтага жанру. 

Нумар 8. Ня той чалавек (The Wrong Man). 1956

the_wrong_man.jpg

Фільм распавядае пра Мані Балестрэра ў выкананьні Генры Фонда, сем'яніна і музыкі, якога несправядліва абвінавачваюць у рабаваньні. Фільм заснаваны на рэальных падзеях і зьяўляецца адным з самых асабістых фільмаў Хічкока, які дасьледуе тэмы справядлівасьці і невінаватасьці. Рэжысэр феерычна стварае адчуваньне клаўстрафобіі і бездапаможнасьці, калі галоўны герой трапляе ў жах бюракратыі і юрыдычных працэдураў.

Увага да дэталяў фільма надаюць яму звышаўтэнтычнасьць, і гледачы адчуваюць сябе ў пастцы, у якую трапіў герой Генры Фонда. Фільм дасьледуе вечныя тэмы, актуальнасьць якіх, на жаль, ніколі не будзе вычарпанай. І таму сёньня стужка глядзіцца сьвежай, нібы толькі на днях зьявілася на Нэтфліксе. 

Нумар 7. Выратавальная лодка (Lifeboat). 1944

lifeboat.webp

Хічкок выпусьціў карціну ў студзені 1944 года, калі вайне наканавана было яшчэ паўтары гады забіраць жыцьці людзей ва ўсім сьвеце. Але ў гэты жорсткі і крывавы час рэжысэр робіць надзвычай цікавую стужку. Фільм распавядае пра групу тых, хто выжыў, пасьля таго, як нямецкая субмарына тарпедавала карабель. Абодва судны ў выніку трапілі на дно, а некалькі чалавек апынуліся ў выратавальнай лодцы сярод Атлянтычнага акіяна.

Альфрэд Хічкок адмыслова сярод усяго сусьветнага вэрхалу вайны абірае абмежаваць месца дзеяньня маленькай выратавальнай лодкай. Гледачы становяцца сьведкамі напружаньня, якое ўзмацняецца па меры пагаршэньня цяжкага становішча герояў. Адзін зь іх — капітан нямецкай падводнай лодкі, адказны за патапленьне. Яго не забіваюць у першыя ж імгненьні, але даюць месца на лодцы. Разьлік у тым, што дасьведчаны марак здолее скіраваць лодку да зямлі.

Толькі ўявіце, што можа адбыцца на гэтай лодцы, дзе прысутнічаюць людзі розных расаў і сацыяльнага паходжаньня. А прэснай вады становіцца ўсё менш. 

Нумар 6. Вяроўка (Rope). 1948

rope.jpg

Тут мы ўбачым улюбёнага актора рэжысэра — геніяльнага Джэймса Сьцюарта. Фільм распавядае пра двух маладых людзей, якія вырашаюцца на ідэальнае забойства. Хічкок выкарыстоўвае дасюль невядомую рэч — доўгія дублі і адмысловы мантаж, якія ствараюць ілюзію, што ўвесь фільм — гэта адзін бесперапынны кадр.

Больш за тое, дзеяньне фільма адбываецца ў рэжыме рэальнага часу, што дадае гісторыі напружанасьці. Уявіце сабе, стужка ідзе ўсяго 80 хвілінаў, і ў герояў на ўсё ёсьць роўна гэтыя хвіліны. Гэта не тая гісторыя з баевікамі, калі супергерой пяць хвілінаў спрабуе спыніць бомбу, якая павінна выбухнуць за хвіліну.

Ці атрымаецца зьдзейсьніць забойства, і ці прыйдзе пакараньне ў такім выпадку? У нас і ў герояў ёсьць вельмі мала часу, каб адказаць на гэтыя пытаньні. 

Нумар 5. Псіха (Psycho). 1960

psycho_1.jpg

Самы вядомы фільм майстра, але, як бачыце, на нашую думку ўсё ж не найлепшы. Культавая сцэна ў душы стала знакавай як для сусьветнага кінематографа, так і ўласна Альфрэда Хічкока. Гэты ўплыў можна заўважыць у незьлічоных фільмах жахаў, якія зьявіліся і яшчэ зьявяцца пасьля.

Тэмы псіхічных захворваньняў перадаецца праз аднаго з галоўных герояў, уладальніка матэля ў выкананьні Энтана Пэркінса. Нездаровыя адносіны героя з маці зьяўляецца прычынай падаўленьня сэксуальнасьці. Наступствы гэтага як у жыцьці так і ў фільме – непазьбежна вываляцца на тых, хто будзе навокал.

Музыка, камера, цішыня, шоргат, крык — на вашых вачах нараджаецца эталон. У 1960-я гэта называлі фільмам жахаў, сёньня, вядома, мы назавем гэта высокім мастацтвам. 

Нумар 4. У выпадку забойства набірайце «М» (Dial M for Murder). 1954

dial_m_for_murder.jpg

Альфрэд Хічкок вырашыў паказаць нам гісторыю пра чалавека, які плянуе забіць сваю жонку. У ролі жонкі — будучая прынцэса Манака Грэйс Келі. Стужка прыцягвае ўвагу гледачоў ад пачатку да канца. Сам сюжэт добра прадуманы і прымушае нас здагадвацца, як і што адбудзецца ці не адбудзецца з жонкай да фінальных кадраў.

Адна з самых запамінальных сцэнаў у фільме — замах на забойства гераіні Грэйс Келі. Увага: сачыце за нажніцамі, яны выканаюць сваю, вельмі істотную ролю.

Стужка зьяўляецца абавязковай для прагляду аматарам жанру трылера. Аматарам Грэйс Келі таксама немагчыма прапусьціць замах на яе. 

Нумар 3. На поўнач праз паўночны захад (North by Northwest). 1959

north_by_northwest.jpg

Калі мне было каля 9 гадоў, і я яшчэ не бачыў ніводнага фільма Хічкока, у памяці засталіся кадры дакумэнтальнай стужкі пра спецэфэкты ў кіно, якую паказвалі па менскім 8-м канале. Сярод самых захапляльных на той час эпізодаў быў расповед пра тое, як мужчына бяжыць сярод поля, а яго перасьледуе кукурузьнік. Аўтары сюжэта паказвалі як здымалася тая сцэна. Быў выкарастаны дзіцячы самалёт, мадэль, якую можна паставіць на паліцы каля дзіцячага ложка, і пры дапамозе фена стваралася ўражаньне вялізнага ветру. А мужчына ўсё бег, ухіляўся ад самалёта, які перасьледаваў яго.

Калі я падрос і ўбачыў гэтую стужку Хічкока — я ўзгадаў усё. Кэры Грант эпічна выратоўваўся ад самалёта, які імкнуўся скончыць яго жыцьцё.

Фільм апавядае пра чалавека, што займаецца рэклямай, якога група шпіёнаў прыняла за ўрадавага агента. 

Нумар 2. Галавакружэньне (Vertigo). 1958

vertigo.jpg

Пяцідзясятыя гады, як вы ўжо пэўна заўважылі, вяршыня творчасьці брытанскага рэжысэра на галівудзкіх пляцоўках. Яшчэ адна галоўная роля для Джэймса Сьцюарта. Ён грае дэтэктыва, які жадае ўрэшце адпачыць ад ранейшай працы і нічога-не-рабіць на пэнсіі. Аднак раптоўнае тэлефанаваньне ад даўняга сябра, які просіць прасачыць за сваёй жонкай, у якой нібы ёсьць суіцыдальныя схільнасьці — перашкаджае заслужанаму адпачынку.

Калісьці даўно галоўны герой не выратаваў кампаньёна на высокім гмаху. З тых часоў ён пакутуе на галавакружэньне нават стоячы на крэсьле.

Гэтая акалічнасьць яшчэ згуляе зь ім у небясьпечна-сьмяротную гульню. Паспрабуйце разам зь ім не заблытацца ў тым, што адбываецца на экране. Можна нарвацца і на параною. Ідэальны фільм для вечаровага прагляду. 

Нумар 1. Вакно ўва двор (Rear Window). 1954

rear_window_1.jpeg

Калі так сталася, што вы яшчэ не пачыналі глядзець іншыя фільмы Альфрэда Хічкока, гэта — нашая галоўная рэкамендацыя. Найлепшы твор у жыцьці рэжысэра з бліскучымі Джэймсам Сьцюартам і Грэйс Келі ў галоўных ролях.

Як вы думаеце, чым будзе займацца знакаміты фатограф, чыя паездка ў даль-далячынь накрылася праз нечакана зламаную нагу? Ён усё адно працягне назіраць за тым, што адбываецца вакол, у нашым выпадку, праз вакно — ў кватэрах дома насупраць. Заўважаючы рэчы вакол, ён часам прапускае пяшчоту пад носам, якую прапаноўвае гераіня Грэйс Келі.

Як вы думаеце, што можа адбыцца ў стужцы Альфрэда Хічкока? Забойства! Аднак сьведкаў няма, ёсьць толькі ўяўленьне галоўных герояў. Ці было яно ўвогуле перад іх носам, ці проста знаходжаньне ў чатырох сьценах непазьбежна будзе ўплываць на псіхіку?

Прыемнага прагляду!