Топ-10 фільмаў, якія перамагалі на Канскім кінафэсьце
У гэтыя дні сканчваецца бадай што самы знакаміты фэст кіно — у францускіх Канах. Чарговы, 76-ты прагляд і новае ўзнагароджаньне Залатой пальмавай галінай — неўзабаве. А мы склалі сьпіс з дзесяці лепшых стужак, што прызнаваліся пераможцамі ў мінулыя гады.
Нумар 10. Тата ў камандзіроўцы (Otac na službenom putu). 1985
Магчыма, такім самым адказам адгукаюцца на чарговыя і чарговыя пытаньні дзяцей жонкі беларускіх палітвязьняў. Тата ў камандзіроўцы — драматычны фільм Эміра Кустурыцы, які атрымаў залатую пальмавую галіну ў Канах.
Мы ўбачым трагедыю маленькага хлопчыка, чый тата апынуўся ў засьценках чырвоных камісараў у Югаславіі, калі пасьля Другой сусьветнай іх лідэр Ціта шукаў ворагаў сярод прыхільнікаў былога камрада Сталіна. Палітычныя справы, незразумелыя падзеі мы глядзім дзіцячымі вачыма, ён ведае толькі адно: што яго бацька пакуль што зноў «у камандзіроўцы».
Нумар 9. Трэці чалавек (The Third Man). 1949
У фільме з першага кадра ствараецца вобраз разбуранай, падзеленай Вены, апакаліптычнага мегаполіса. Нуар у сваёй лепшай праяве.
Захапляльнае рассьледаваньне абставінаў сьмерці сябра. Рэжысэр Кэрал Рыд віртуозна спалучае элемэнты таямніцы, здрады і маральнай неадназначнасьці герояў у складаны пасьляваенны час. Оскар Уэлз і Джозэф Котан ствараюць дуэт фенаменальнай акторскай гульні.
Безьліч таямніцаў загаданыя, штосьці мусіць адкрыцца, але якой цаной? Кожны выбар герояў стужкі цягне за сабою бурлівую працу ў душы. Сачыць за гэтым — адно задавальненьне.
Нумар 8. Белая стужка (Das weiße Band). 2009
Сучасная чорная-белая карціна Міхаэле Ханэке прасоўваецца праз ціхі фасад, здавалася б, ідэалістычнай нямецкай вёскі. Стужка адчыняе схаваную прорву заціснутых эмоцыяў. Яна прарывае напружанасьць і зло, якое нарастала ў сьцішаных умовах, і выплёскваецца вонкі.
Дзеяньне фільма адбываецца ў пэрыяд непасрэдна перад Першай сусьветнай вайной і паказвае страшэннае грамадзтва, якое знаходзіцца на мяжы самазьнішчэньня.
Гісторыя засяроджаная на шэрагу таямнічых і жорсткіх дзеяньняў, якія адбываюцца ў вёсцы. Пры гэтым рэжысэр не падсоўвае гледачу адказы, але запрашае яго самому паўдзельнічаць у ацэнцы.
Ханэке прымушае задумацца над крыніцамі зла, а маленькая вёска, як мікрасусьвет, выдатна гэтаму пасуе.
Нумар 7. Пудзіла (Scarecrow). 1973
Шчымлівае роўд-муві рэжысэра Джэры Шацбэрга кліча гледачоў і галоўных герояў у падарожжа па сэрцы Амэрыкі. Стужка малюе складаны партрэт сяброўства і мараў дваіх, у выкананьні Аль Пачына і Джына Хэкмэна.
Фільм распавядае пра жыцьцё героя Хэкмэна, былога крымінальніка з жорсткай зьнешнасьцю, але вельмі пяшчотным сэрцам, і героя Аль Пачына, які вярнуўся з флоту, і з дзіцячай наіўнасьцю сустракае навакольны сьвет. Іх выпадковая сустрэча прымушае іх завязаць неверагоднае сяброўства і адправіцца ў падарожжа па краіне з агульнай марай адчыніць аўтамыйку ў Пітсбургу.
Пудзіла — страшэннае і вуглаватае звонку, у сярэдзіне мае нешта зусім адваротнае. Але хіба нехта пра гэта будзе задумвацца?
Нумар 6. Андэграўнд (Underground). 1995
Хтосьці можа назваць гэтую карціну Эміра Кустурыцы фарсам і будзе мець рацыю. Але з іншага боку — мы маем справу з геніяльным фільмам чалавека, што здабыў сабе неадназначную рэпутацыю ў апошнія гады. Ці варта зьмешваць творчасьць і прыватнасьць? Верагодна, так. Разам з тым зьвернемся да стужкі.
Гісторыя разгортваецца ў трох розных актах, кожны зь якіх прадстаўляе іншы перыяд у гісторыі Югаславіі. Першы акт адбываецца падчас Другой сусьветнай вайны, другі — падчас халоднай вайны, трэці — падчас югаслаўскіх войнаў у 1990-я. Напачатку югаслаўскія антыфашысты ствараюць надзейнае сховішча для сябе і мануфактуры па стварэньні зброі. Яны адмяжоўваюцца ад сусьвету, і не заўважаюць урэшце, што вайна з немцамі ўжо даўно скончаная. Але іх праца працягваецца нягледзячы ні на што.
Да чаго гэта прывядзе ў выніку — пытаньне насамрэч цікавае. Ці можа скончыцца вайна, якая перманентна ідзе праз усю гісторыю чалавецтва?
Нумар 5. Дрэва жыцьця (The Tree of Life). 2010
Тэрэнс Малік проста не ўмее рабіць стужкі дзеля новага радка ў фільмаграфіі. Часам у яго кар’еры зьяўляліся паўзы на дзясятак і болей гадоў. Прыгатуйцеся атрымаць моц і эстэтычную феерыю ад гэтага фільма. На прыкладзе гісторыі адной сям’і мы трапім і ў Сусьвет, той які зь вялікай літары, той які ахоплівае ўсе навакол.
Стужку можна назваць Адысеяй галоўнага героя, маленькага хлопчыка, які з часам вырасьце. Падарожжа ўсяго жыцьця праз каханьне, страту і ўласна жыцьцё.
Тэрэнс Малік стварыў унікальную структуру апавяданьня: нелінейная гісторыя, якая паўтарае цыклічны характар жыцьця і сусьвету. Для настолькі асабістага фільму крыху нечаканым бачыць у галоўных ролях такіх знакамітасьцяў як Джэсіка Чэстэйн і Брэд Піт.
Але паверце, стужка вельмі вартая для прагляду. З чым пагадзілася і журы ў Канах.
Нумар 4. Крымінальнае чытво (Pulp Fiction). 1994
Стужка, якая сапраўды можа называцца культавай. Залатая пальмавая галіна ў Канах, а таксама захапленьне мільёнаў людзей ва ўсім сьвеце на працягу вось ужо чацьвертага дзесяцігодзьдзя. Улюбёны прыём Квэнціна Таранціна, калі дзея падзеленая на некалькі асобных навэлаў. Гледачам застаецца толькі атрымліваць задавальненьне і чакаць на разьвязку.
Ледзьве не ўвесь фільм разабраны на цытаты, на постэры і вірусныя ролікі. Бадай што самы знакаміты эпізод, які ўласна не мае вялікага дачыненьня да сюжэта — гэта танец Умы Турман і Джона Траволты.
«Зараз я хачу танчыць. Я хачу выйграць. Я хачу гэты трафей, таму добра танчы».
Нумар 3. Апакаліпсіс сёньня (Apocalypse Now). 1979
Трохгадзінная ваенная драма з Марлонам Брандо ў галоўнай ролі. У якасьці аднаго з вайскоўцаў выступае Робэрт Дзювал, адзін з галоўных актораў другога пляну ў кар’еры рэжысэра Фрэнсіса Форда Копалы.
Кожны аматар кінематографа мусіць азнаёміцца з Апакаліпсісам і пазьней — ніколі не забыць шэдэўр.
Выкарыстаньне вельмі яскравых колераў і сюррэалістычных вобразаў стварае атмасфэру, падобнай да наркатычнага ап’яненьня. Першая сцэна, у якой гелікоптэры пралятаюць па-над джунглямі В’етнаму падчас гучаньня песьні «The End» гурта The Doors, задае тон фільму і адразу паказвае, што далейшае ня будзе тыповым фільмам пра вайну.
Карціна засяроджваецца на тэме ўлады. Асабліва на тым, як яна можа разбэшчваць нават людзей з самымі добрымі намерамі. Фільм зьяўляецца моцным напамінам аб жахах вайны і стратах, якія яна наносіць тым, хто ў ёй удзельнічае.
Нумар 2. Таксіст (Taxi Driver). 1976
Майстар-кляс ад Марціна Скарсэзэ па стварэньні шэдэўра. Для гэтага неабходна спалучыць рэжысэра з лепшым акторам усіх часоў – Робэртам Дэ Ніра, і даць ім абодвум волю. У дадзеным выпадку да рэцэпту можна дадаць Джодзі Фостэр, якая грае 13-гадовую прастытутку, і Харві Кейтэля, яе сутэнэра. Ну а Дэ Ніра будзе проста езьдзіць на машыне.
Яго герой — самы звычайны ветэран вайны ў В’етнаме, які выконвае няхітрую працу — развозіць людзей па Ню-Ёрку. Смурод, бруд і дэкаданс сталіцы сусьвету застаецца па левы і па правы бок ад таксіста. А таксама на заднім сядзеньні.
Ён адзін сярод мільёнаў людзей, і ён сьведка таго, што напаўняе Вялікі Яблык сярэдзіны 70-х. Аднак так ці інакш ён становіцца ўцягнуты ў справы. А потым зьявіцца яна — анёл, якая працуе ў перадвыбарчым штабе.
Выкананьне Робэрта Дэ Ніра ў гэтай стужцы зьяўляецца эталонным.
Сядайце ў таксі, і паехалі.
Нумар 1. Тая, што таньчыць у цемры (Dancer in the Dark). 2000
Гэта вельмі эмацыйны фільм, які спалучае характэрны рэжысэрскі рэалізм Ларса фон Трыера з фантастычнымі элемэнтамі клясычных мюзіклаў. Ці чулі вы музыку завадзкіх трубаў і гаек, альбо як мэлядычна едзе таварны цягнік? У галоўнай гераіні ў выкананьні Б’ёрк атрымліваецца адчуць нават самы лёгкі дотык навакольнай шэрай рэчаіснасьці і пераўтварыць яго ў музыку свайго сэрца.
Б’ёрк, якая за сваю ролю была прызнаная ў Канах таксама і лепшай акторкай, пасьля выйсьця фільму заявіла, што ніколі не будзе здымацца ў фон Трыера: настолькі ён жорсткі і пэдантычны чалавек.
Стужка распавядае пра Сэльму, чэшскую эмігрантку і самотную маці ў Амэрыцы, якая паступова губляе зрок праз генэтычнае захворваньне. Каб адкласьці грошы на апэрацыю сыну, яна безупынна працуе і ўяўляе, што жыве ў мюзікле, якія так любіла глядзець у дзяцінстве, дзе ўсе радасныя, шчасьлівыя і здаровыя.
Б’ёрк стварыла і запісала ўвесь саўндтрэк да гэтай стужкі. Глядзець яе прыйдзецца з пачкам насовак побач. Ларс фон Трыер умее трапіць у самы-самы шчымлівы кавалачак сэрца.
Прыемнага прагляду!