Топ-10 фільмаў Крысьціяна Бэйла: да 50-гадовага юбілею

Актор, які на гэтым тыдні дасягнуў сур’ёзнага ўзросту, ужо даўно стаў легендай кіно. Яго акторскае майстэрства стаіць на вышэйшых прыступках магчымага разьвіцьця. Кар’ера Крысьціяна Бэйла ўвабрала як шыкоўныя аўтарскія праeкты, так і ўдзел у гатычных экранізацыях пра Бэтмэна. Мы склалі сьпіс з дзесяці лепшых акторскіх працаў Бэйла. Прыемнага прагляду!

Крысьціян Бэйл

Крысьціян Бэйл

Акрамя гэтай аўтарскай падборкі, іншыя сьпісы фільмаў глядзіце тут.

Нумар 10. «Форд» супраць «Ферары» (Ford vs Ferrari). 2019

ford_vs_ferrari.webp

Падрыхтуйцеся да рыку рухавікоў сярэдзіны стагодзьдзя. Увесь час прагляду вы будзеце крыху прагаломшаныя гукамі, якія суправаджаюць аўтагонкі. Для звычайных людзей гэта парушэньне іх асабістай цішыні, але для ўдзельнікаў гран-пры гэта і ёсьць жыцьцё. Нават музыка, калі дазволіце так параўнаць. У цэнтры фільма – змаганьне двух буйных аўтавытворцаў, як зразумела з назвы – «Форд» і «Ферары».

Але не было б змаганьня, калі напачатку 1960-х амаль збанкрутаваны канцэрн «Ферары» не адмовіўся прадацца амэрыканскаму «Форду». Адносіны італьянцаў да ЗША добра вядомыя: не падыходзьце лепш. Таму і ўгода сарвалася, а «Форд» вырашыў адпомсьціць італьянцам на іх улюбёным полі: у аўтагонках. Яны паспрабавалі стварыць машыну, якая б здолела супрацьстаяць легендарнай «Ферары» на гонцы «24 гадзіны Ле-Ман». Крысьціян Бэйл бліскуча выканаў ролю пілота.

Нумар 9. Амстэрдам (Amsterdam). 2022

amsterdam.webp

Самы сьвежы фільм Дэвіда О. Расэла з Крысьціянам Бэйлам і Марго Робі ў галоўных ролях. Гледачоў запрашаюць у гістарычнае падарожжа – у перыяд паміж Сусьветнымі войнамі. Гэты фільм – лябірынт заблытаных завулкаў і нечаканых патаемных дзьвярэй. Героі нечакана могуць станавіцца агентамі незразумелых арганізацый, якія маюць на мэце стварэньне сусьветнага хаосу.

Падчас прагляду ў вашай галаве таксама не адразу будзе выбудаваная структура. Лёгіка часам бывае лішняй. Здрада, сяброўства, абсурд – ці можна напісаць гэтыя словы ў іншай чарзе, — вас чакае захапляльная гісторыя.

Нехта рыхтуе сусьветную змову.

Нумар 8. Варожыя (Hostiles). 2017

hostiles.webp

Цудоўны вэстэрн Скота Купэра з Крысьціянам Бэйлам у галоўнай ролі. Рэжысэр пераканаўча паказвае жорсткую рэальнасьць тагачаснага грамадзтва.  А таксама глыбокую, амаль непапраўную варожасьць паміж пасяленцамі і карэннымі амэрыканцамі напрыканцы ХІХ стагодзьдзя.

Крысьціян Бэйл выконвае ролю амэрыканскага вайскоўца, азлобленага і загартаванага ў баях капітана арміі. Яму даручана суправаджаць знакамітага  індзейца з племені Шайенаў і яго сям'ю назад на племянныя землі.

Актор выдатна ўвасабляе чалавека, які шчыра супраціўляўся сваёй місіі, праз зразумелую асабістую нянавісьць да карэнных жыхароў. Аднак па ходзе падарожжа вымушаная блізкасьць з тымі, каго ён калісьці лічыў сваімі ворагамі, паступова разбурае яго забабоны.

Нумар 7. Віцэ (Vice). 2018

vice.webp

Назва фільма азначае канкрэтную пасаду, і нават больш – канкрэтнага чалавека. Віцэ-прэзідэнта Дзіка Чэйні, які займаў становішча нумар два ў ЗША пры адміністрацыі Джорджа Буша-малодшага на пачатку ХХІ стагодзьдзя.

Крысьціян Бэйл набраў лішнія пару дзясяткаў кіляграмаў для гэтай ролі. Адам МакКей зьняў фільм пра загадкавую і супярэчлівую асобу ў сусьветнай палітыцы. Амаль не заўважны на публіцы, ён стаў тым, хто ўплываў на самыя істотныя рашэньні самай істотнай дзяржавы ў сучасным сьвеце.

Рэжысэр выбраў змрочна-камедыйны тон, каб апісаць час, на які ўплываў Дзік Чэйні. А Крысьціян Бэйл здолеў паказаць віцэ-прэзідэнта як адначасова вельмі пераканаўчым, так і агідным.

Улада зьмяняе ў чалавеку амаль усё.

Нумар 6. Цёмны Рыцар адраджаецца (The Dark Knight Rises). 2012

the_dark_knight_rises.jpg

Фільм, зьняты рэжысэрам Крыстафэрам Ноланам, зьяўляецца найбольш амбіцыйным і эпічным завяршэньнем адной з самых вядомых супергеройскіх трылёгій усіх часоў. Калі вы не глядзелі гэтыя карціны пра Бэтмэна, прыгатуйцеся, вас чакае не салодкая-папкорн ежа ад кінасусьвету Марвэл. Гэта – гатычны трылер ад іх галоўных канкурэнтаў – кінасусьвету DC.

Крысьціян Бэйл паказвае Бэтмэна, які фізычна і духоўна зламаны, але па-ранейшаму кіруецца нястомнай рашучасьцю рабіць тое, што неабходна для горада, які прызнаў яго ворагам, і гэта пасьля ўсіх ранейшых заслугаў.

Музыка Ханса Цымера, захапляльная і гераічная, ідэальна дапаўняе дзеяньне фільма.

Нумар 5. Партрэт лэдзі (The Portrait of a Lady). 1996

the_portrait_of_a_lady_1.jpg

Стужка Джэйн Кэмпіян — насычаная і заблытаная экранізацыя клясычнага рамана Генры Джэймса. Літаратурны твор дасьледаваў тэмы свабоды, выбару і абмежаваньняў, якія накладваюць грамадзтва і асабістыя адносіны. А фільм зьяўляецца цікавай спробай адаптацыі, з пераасэнсаваньнем гісторыі Джэймса ХІХ стагодзьдзя, з унясеньнем сучаснай перспектывы.

Ніколь Кідман выконвае ролю наіўнай, але незалежнай спадарыні, сапраўднай лэдзі. Джон Малкавіч у лепшых традыцыях вобразаў з таемнымі і ня сьветлымі намерамі грае выдатнага маніпулятара. Роля Крысьціяна Бэйла ў фільме, хаця і не цэнтральная, аднак дадае «дадатковай вартасьці» карціне.

Падыход Джэйн Кэмпіян больш засяроджаны на эмацыйным і псыхалягічным, а не на сюжэтным. Таму чакаць вострасюжэтнага фільма не выпадае. Толькі сузіраньне за эмоцыямі і ўчынкамі, якія ідуць за кожнай, нават дробнай эмоцыяй.

Нумар 4. Імпэрыя Сонца (Empire of the Sun). 1987

empire_of_the_sun_1.jpg

Стывен Спілберг стварыў, заснаваны на аўтабіяграфічным рамане Баларда, антываенны фільм. Героі (ці нават лепш зусім не героі, а проста мужчыны, ці хлопчыкі) трапляюць у дзікае пекла Другой сусьветнай вайны. Гісторыя вядзецца пра аднаго зь іх, якога бліскуча выканаў малады Крысьціян Бэйл.

Гэты фільм пра выжываньне і трываласьць чалавечага духу вачыма хлопчыка, які трапіў у ліхалецьце вайны. Шлях ад прывілеяванага, абароненага жыцьця ў Шанхайскім міжнародным паселішчы да жудасных перажываньняў у японскім лягеры для інтэрнаваных адлюстраваны максімальна драматычна.

У іншай заўважнай ролі знойдзем і Джона Малкавіча. Жорсткасьць вайны знаходзіць супрацьстаўленьне ў чалавечнасьці і надзеі.

Нумар 3. Рыцар кубкаў (Knight of Cups). 2012

knight_of_cups.webp

Тэрэнс Малік здымае фільмы рэдка, таму амаль кожны зь іх – сапраўдны шэдэўр. У дадзеным выпадку на здымках не было нават сцэнара, і Крысьціян Бэйл, Кейт Бланшэт і Наталі Портман амаль цалкам імправізавалі на здымачнай пляцоўцы.

Стужка пабудаваная на сэрыі фрагментаваных апавяданьняў, каб гледачы маглі паглыбіцца ў жыцьцё галоўнага героя, расчараванага сцэнарыста. Ён шукае сэнсы ў жыцьці і сваёй кар’еры, ну а мы з вамі, разам зь ім – сэнсы цэлай стужкі.

Тэрэнс Малік – рэжысэр сваеасаблівы, і безумоўна, яго манэра можа некаму падацца нуднаватай і нецікавай. Аднак іншыя наадварот знойдуць уласную пярліну кінематографу менавіта ў яго працах. І адны і другія будуць мець рацыю.

Нумар 2. Баец (The Fighter). 2010

the_fighter.webp

Менавіта за гэтую працу Крысьціян Бэйл атрымаў пакуль што адзіны свой Оскар. Стужка рэжысэра Дэвіда О. Расэла — гэта захапляльная біяграфічная спартовая драма. Дзе, апроч заяўленай назвай, гісторыі баёў, разглядаюцца тэмы сям'і, залежнасьці і выратаваньня.

Крысьціян Бэйл вядомы сваёй рэдкай здольнасьцю да непазнавальнасьці пераўвасабляцца ў сваіх герояў. У гэтым выпадку ён страшэнна моцна схуднеў, што нават выклікала сур’ёзны непакой у калегі па фільму – Марка Ўолбэрга.

Бэйл выконвае ролю былога баксёра, чыя кар’ера даўно скончаная праз наркотыкі. Але ён бачыць уласны шлях да вяртаньня ў нармалёвае жыцьцё праз дапамогу зводнаму брату, у выкананьні Ўолбэрга. Брат імкнецца на рынг, каб стаць сапраўдным чэмпіёнам.

Гэтая стужка больш пра сям’ю, чым пра спорт. Больш пра асабістыя перажываньні, чым накауты супернікаў.

А таксама адзначым цудоўную ролю Эмі Адамс.

Нумар 1. Цёмны рыцар (The Dark Knight). 2008

the_dark_knight.jpg

Верагодна, праца Крыстафэра Нолана зьяўляецца найлепшым фільмам сярод усіх створаных супергеройскіх гісторыяў. Бэтмэн у выкананьні Крысьціяна Бэйла не выглядае карыкатурным, як большасьць герояў Марвэл. Усё ж кінасусьвет DC, куды акурат і адносіцца Бэтмэн, трэба прызнаць, больш вытанчаны.

Гэта сапраўдны твор мастацтва, значна шырэйшы за забаўляльную функцыю, якую звычайна перасьледуюць фільмы пра людзей са звышздольнасьцямі.

Бэйл у гатычным фільме Нолана шыкоўна выглядае з тонкай гульнёй, якая адлюстроўвае псыхалягічныя пакуты чалавека, што змагаецца з дваістасьцю свайго існаваньня. Бэтмэн Бэйла — гэта асоба трагічная, якая павінна змагацца са злом. Галоўны злодзей тут — Джокер, якога выканаў Хіт Лэджэр, таксама зьяўляецца эталёнам.

Хто запануе ў легендарным Готэм-Сіці?

Прыемнага прагляду!