Фільм пра мігранцкі крызіс на мяжы Беларусі ўганараваны спецпрызам журы Венецыянскага кінафестывалю
Фільм «Зялёная мяжа» зняла польская рэжысёрка Агнешка Холанд. У фільме расказваецца гісторыя сірыйскай сям'і, якая спрабуе перайсці мяжу Беларусі і Польшчы на шляху да Швецыі.
«”Зялёная мяжа” распавядае гісторыю сям’і сірыйскіх бежанцаў, самотнай настаўніцы англійскай мовы з Афганістана і маладога памежніка, якія сустракаюцца на польска-беларускай мяжы падчас апошняга гуманітарнага крызісу, справакаванага прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, які адчыніў дзверы краіны для мігрантаў як чорны ход для ўезду ў ЕС», — пісаў пра новы праект Агнешкі Холанд Variety.
Сцэнарый карціны, аўтарамі якога з’яўляюцца Агнешка Холанд, Габрыэла Лазаркевіч-Сецка і Мацей Пісук, не проста натхнёны рэальнымі падзеямі. «Даследаванні для фільма ўключалі сотні гадзін аналізу дакументаў, інтэрв’ю з бежанцамі, памежнікамі, жыхарамі памежжа, актывістамі і экспертамі», – адзначае Variety.
У стужцы здымалася шматнацыянальны акцёрская каманда: Джалал Альтавіл («Суседзі»), Мая Асташэўска («Цела»), Томаш Улосок («Як я стаў гангстэрам»), Бехі Джанаці Атаі («Сардэчна запрашаем»), Махамед Аль-Рашы («Аль-Хадзіра: Ангар»), Даля Наус («Уцёкі з Раккі») ды іншыя артысты. Апроч таго, зняліся ў «Зялёнай мяжы» і беларускія акцёры — удзельнікі музычнага гурта «Разбітае сэрца пацана» Павел Гарадніцкі і Дзяніс Тарасенка. Раней яны ўваходзілі ў трупу Беларускага свабоднага тэатру.
Асноўныя здымкі карціны адбываліся ў Польшчы.
Агнешка Холанд — слынная польская рэжысёрка і сцэнарыстка, аўтарка такіх карцін як «След зверу», «У змроку», «Перапісваючы Бетховена», «Поўнае зацьменне» ды іншых, вядомая сваёй бескампраміснай грамадзянскай пазіцыяй.
Галоўны прыз 80-га Венецыянскага кінафестывалю — «Залатога льва» — атрымаў фільм «Бядняжкі» рэжысёра Ёргаса Ланцімаса. «Сярэбраных ільвоў» аьрымалі кінастужкі «Зла не існуе» японскага рэжысёра Русукэ Хамагуці і італьянскі рэжысёр Матэа Гароне за фільм «Я — капітан».
Лепшай актрысай стала Кэйлі Спэні за ролю ў «Прысцыле» Сафіі Копалы. Лепшым акцёрам назвалі Піцера Сарсгаарда за ролю ў фільме «Памяць» Мішэля Франка.