Палітоляг Алесь Казак: «Беларусь абрала ў вайне зусім ня той бок, на якім цывілізаваны сьвет»
Мілітарызацыя Беларусі працягваецца: у школах уводзяць ваенныя факультатывы, бюджэты на армію і сілавікоў падвышаюцца... Якія мэты такой палітыкі? Ці зьяўляецца гэта «паказухай» для Крамля? Высвятляе Віталь Цыганкоў у размове з палітолягам Алесем Казаком для «Радыё Свабода».
Палітоляг Алесь Казак, выкладчык паліталёгіі ў Гданьскім унівэрсытэце, аналізуе тэндэнцыю мілітарызацыі розных бакоў жыцьця ў Беларусі, апавядае пра ідэю-фікс Лукашэнкі і разважае, ці можа Беларусь застацца ўбаку ў выпадку вялікай рэгіянальнай вайны.
— Апошнім часам улада ў Беларусі робіць дзеяньні, якія можна ахарактарызаваць як мілітарызацыю розных бакоў грамадзкага жыцьця і пэўных інстытуцыяў. Ці сапраўды ідзе такі працэс, альбо гэта зьява пераважна прапагандысцкая, «для ўнутранага карыстаньня»?
— На гэтым этапе ўжо можна канстатаваць, што Беларусь знаходзіцца ў стане халоднай вайны. І Беларусь абрала ў гэтай вайне зусім пэўны бок — ня той, на якім цывілізаваны сьвет.
Сытуацыя ў беларускім войску дастаткова драматычная. Ад пачатку зьяўленьня вагнэраўцаў на тэрыторыі краіны рэжым спрабаваў выкарыстаць іх для навучаньня пэўных канкрэтных падразьдзяленьняў. Аднак лукашэнкаўская ўлада разумее, што ёй патрэбная ня гэтулькі армія, колькі найперш міліцыя, АМАП, ГУБАЗіК. Таму вагнэраўцаў перавялі на ўнутраны кірунак.
Даволі камічна выглядаюць спробы Міністэрства адукацыі ўводзіць новыя факультатыўныя заняткі на тэмы накшталт «як ідэнтыфікаваць амэрыканскі танк „Абрамс“». Тут можна ўзгадаць стары афарызм: жорсткасьць законаў у Расеі зьмякчаецца неабавязковасьцю іх выкананьня. Я ня ўпэўнены, што людзі, якія 20 гадоў у школах вялі ўрокі працы, будуць у стане праводзіць заняткі, разьбіраючы тактыка-тэхнічныя характарыстыкі верталётаў альбо танкаў. Хутчэй за ўсё гэтыя заняткі сыдуць на ўзровень паездак на «лінію Сталіна» альбо ў музэй Вялікай Айчыннай вайны.
— Беларускіх чыноўнікаў час ад часу апранаюць у вайсковую форму — у рамках тэрытарыяльнай абароны. Гэта рабілася і да 2020 году, нават у часе адноснай адлігі ў адносінах з Захадам. Цяперашнія «мерапрыемствы» чымсьці адрозьніваюцца?
— Тут можна пажартаваць, што чыноўнікаў апранаюць у вайсковае, каб даць працу беларускай лёгкай прамысловасьці, бо кожны год ім трэба шыць новую форму, на памер большую.
Калі ж сур’ёзна, то мы назіраем павелічэньне ролі самога Лукашэнкі ў кантэксьце мілітарызацыі ўнутры Беларусі. Лукашэнка адсоўвае на другі плян пытаньні эканомікі, сацыяльнай сфэры — менавіта на карысьць пытаньняў бясьпекі рэжыму. У Лукашэнкі ідэя-фікс — «вакол ворагі», адусюль ідзе небясьпека. Ён вырашыў, што абараняць рэжым трэба пачынаць з самага юнага ўзросту.
— Гэты год абвешчаны для вайскоўцаў «годам баявой вывучкі». Гучыць даволі іранічна — няўжо ў іншыя гады баявая вывучка не патрэбная? Усё гэта выглядае як нейкая прапагандысцкая кампанія. Можа, уся гэта нібыта «мілітарызацыя» — толькі пэўная шырма для Крамля? Маўляў, глядзіце, як мы стараемся, рыхтуемся абараняць «саюзную дзяржаву». Зь іншага боку, выдаткі на абарону ў бюджэце на 2024 год павялічыліся.
— Вядома, Лукашэнка спрабуе зрабіць такую «шырму» для Расеі — маўляў, глядзіце, мы рыхтуемся як можам. Але галоўны клопат для яго — захаваць уласны рэжым. Мы бачым, як Украіна ўсё часьцей праводзіць вайсковыя апэрацыі на тэрыторыі Белгарадзкай вобласьці, як бамбяць нафтаперапрацоўчыя заводы на тэрыторыі Расеі. І калі задумацца, то няма вялікай тэхнічнай праблемы зьбіць самалёт з Лукашэнкам ракетай, якая здольная зьбіваць аб’екты на дыстанцыі сотні кілямэтраў.
Таму натуральна, што ён гэта разумее і баіцца. Да таго ж трэба ўзгадаць і ягоны савецкі мэнталітэт, які спрыяе спробам адбудаваць мілітарысцкае грамадзтва ў рэаліях сучаснай Беларусі.
— Паводле сацыялёгіі, пэўная частка беларусаў лічыць дасягненьнем Лукашэнкі тое, што Беларусь непасрэдна ня ўдзельнічае ў вайне Расеі супраць Украіны. Як з гэтага гледзішча можа ўспрымацца працэс мілітарызацыі беларускага жыцьця?
— Тое, што Лукашэнка пакуль не ўцягнуў Беларусь у вайну, не азначае, што не ўцягне і надалей. У сучасных умовах вайна мае шмат вымярэньняў (тое, што можна назваць «гібрыднай вайной»). Ня ўсе людзі могуць разумець, што Беларусь у пэўнай ступені ўдзельнічае ў вайне і таму многія ўкраінцы лічаць яе агрэсарам. Бо Беларусь дала сваю тэрыторыю, аэрадромы, базы, лягістыку, тэхніку для ажыцьцяўленьня гэтай агрэсіі.
Ніводзін з сур’ёзных аналітыкаў ня скажа, што вось заўтра пачнецца «вялікая вайна». Бо рыхтаваньне да такой вайны, нарошчваньне войскаў ня можа не застацца незаўважаным. Пакуль такіх прыкметаў мы не назіраем. Але калі Беларусь працягне шчыльную вайсковую супрацу з Расеяй, то становіцца ўсё больш відавочным, што ў выпадку той самай вялікай вайны на Беларусь «прыляціць».
— Часам Лукашэнка выступае з заявамі пра тое, што трэба ўзбройваць людзей, умацоўваць тэрытарыяльную абарону — але далей заяваў справа не ідзе. Гучыць думка, што ўлада ня хоча даваць зброю ў рукі вялікай колькасьці людзей, асабліва маладых, якія ня вельмі любяць гэтую ўладу.
— Так, цалкам магчыма, што гэта толькі прапагандысцкія заявы, і Лукашэнка ў найбліжэйшы час ня будзе выдаваць зброю.
Аднак варта ўлічваць, што беларусы — дастаткова законапаслухмяныя людзі, якія прывыклі даволі паважліва ставіцца да войска. Вельмі часта аглядальнікі і аналітыкі мяркуюць па сабе — аднак рэчаіснасьць часам зусім іншая. І досьвед апошніх гадоў паказвае: менавіта тое, што аналітыкі лічылі цалкам немагчымым, — урэшце і здараецца.