«Толькі не з ім». Дзяўчына расказала, як амапавец клікаў яе на спатканне праз Tinder

Славутыя сусветныя брэнды працягваюць ірваць сувязі з Беларуссю праз яе статус паўнавартаснага суагрэсара ў вайне супраць Украіны. Надоечы папулярны сэрвіс знаёмстваў Tinder абвясціў аб сыходзе з нашай краіны 15 лютага. Раней з Беларусі таксама сышлі Badoo і Bumble.

584023_mobilynie_prilozheniya_tinder_i_tiktok_ekaterinburg_telefon_ayfon_iphone_tinder_znakomstva_tinder_250x0_6240.4160.0.0.jpg

Tinder дапамагае людзям знайсці сваю любоў, новых сяброў. І дорыць крынжовыя гісторыі, якія здараліся з беларусамі.

«Еўрарадыё» адшукала беларуску, якой у 2021 годзе «пашчасціла» паразмаўляць з амапаўцам. На той момант Сашы (імя зменена) было 26 гадоў, кажа, у Tinder яна звычайна не заседжвалася: заходзіла раз на 3-4 дні, а потым выдаляла акаўнт. Як яна сказала, «і людзей паглядзець, і сябе паказаць». У нейкі момант у яе здарыўся «мэтч» з маладым чалавекам, пра якога і пойдзе гаворка.

— Хлопец нічым асабліва не вылучаўся, ён быў высокі, дужы, 27 гадоў. У профілі былі фоткі з нейкіх падарожжаў. Напісаў ён мне праз пару дзён. Спачатку дыялог быў супербязладны: «Вітаю! Як маешся?» — і гэтак далей. Нічога надзвычайнага, мы не спрабавалі пазнаёміцца бліжэй. Але аднойчы ён прапанаваў стэлефанавацца і пагаманіць, думаю, яму проста лягчэй было размаўляць, чым набіраць паведамленні. Я пагадзілася.

Спачатку Саша звярнула ўвагу на ліслівы голас: ён быў і хітры, і агідны адначасова. У інтанацыі чыталася пыха. Малады чалавек шмат пытаў у яе пра працу, мэты ў жыцці, чаго яна хоча ад адносін, пры гэтым ігнаруючы пытанні пра яго працу.

— Ён шмат казаў пра сям'ю, як моцна хоча дзяцей, казаў, што прама цяпер гатовы будаваць трывалыя адносіны з думкай пра вяселле. Вядома, гэта не зусім супадала з маімі жыццёвымі прыярытэтамі. Тады я падумала: «Блін, цікава, упершыню сустрэла хлопца, які так шчыра пра гэта кажа». А потым гаворка чамусьці зайшла пра тое, што ён любіць страляць. І я ў каторы раз спытала, дзе ён усё ж такі працуе.

Паводле слоў Сашы, калі яна пачула кароткі адказ «у АМАПе», у яе ўсё аднялося.

— Мяне быццам на секунду застопарыла, і я адказала: «А... Ну, я не буду пытацца, ці падабаецца табе». А ён адказвае: «Не, ну чаму? Падабаецца! Прафесія вельмі цікавая, а галоўнае — надзённая!» Я паспрабавала злезці з тэмы, але ён працягваў: «Дык а што? Заробак капае, кватэру далі. Нічога асабліва не робіш, урываешся ў кватэры, дзверы з нагі выносіш. Нармальна. Яны самі ўсе вінаватыя, што выбралі няправільны бок».

Гэтыя словы дзяўчыну моцна зачапілі: яна не разумела, як чалавек можа казаць, што яго галоўная каштоўнасць у жыцці — сям'я, калі сам разбурае чужыя сем'і.


Глядзіце таксама

— Ён расказваў з весялосцю ў голасе, яго гэта быццам бы забаўляла. Ён гэтага не саромеўся, не шкадаваў. Ён ганарыцца гэтым і адчувае шчырае задавальненне ад сваёй працы. Яна выклікае ў яго цікавасць, яму падабаецца. Для яго гэта проста «непыльная работёнка». Я слухала гэта і знаходзілася ў перманентным шоку, — кажа дзяўчына.

Яшчэ ён расказаў Сашы, што займаўся нейкім відам адзінаборстваў, паступіў у каледж пасля 9 класа, а адтуль пайшоў служыць, бо заўсёды хацеў там працаваць.

— Пасля гэтага ён паклікаў мяне на спатканне. Я паспрабавала зрабіць выгляд, што падумаю і ўсё такое. На гэтым размова і скончылася. Потым я несупынна рыдала яшчэ гадзіны дзве. Я ніколі з такімі людзьмі не мела стасункаў і заўсёды была ўпэўнена, што ўсім зразумела, дзе дабро, а дзе зло (нават тым, хто на цёмным баку). Гэта ж відавочна! Але аказалася, што для іх гэта наогул невідавочна ані. Яны ганарацца гэтым, выхваляюцца. Ён не проста тупа выконвае загады, у яго рэальна змянілася свядомасць, для яго гэта нармальна, штодзённа, звыкла.

Пасля ён яшчэ раз паклікаў Сашу на спатканне, і яна ветліва адмовілася.

— Наогул я люблю хадзіць на спатканні, часам дзеля цікавасці або якога-небудзь сюжэтнага павароту. Але толькі не з ім. Я б нават па тэлефоне з ім больш ніколі не гаварыла, не кажучы ўжо пра спатканне. І без таго я спазнала занадта вялікі стрэс, нават не спадзеючыся на такі досвед.