Суцэльны ўра-патрыятызм, дрэнныя палякі і варыянты працаўладкавання ў СІЗА. Пра што справаздачацца ў інстаграмах беларускіх школ
Профілі беларускіх школ у інстаграме больш падобныя на спаборніцтва па ідэалагічнай дасканаласці. Паглядзіце, што робяць з вашымі дзецьмі.
Мы праглядзелі інстаграм-акаўнты беларускіх школ і прынеслі вам несуцяшальныя навіны. Акаўнты для гэтай падборкі былі абраны рандомна. Зрэшты, можна зрабіць выснову, што профіль кожнай беларускай школы шчыруе на трэш-кантэнт.
Брэст. Гімназія №5
Праглядаючы акаўнт берасцейскай гімназіі №5, так і хочацца ўсклікнуць — крынж! Незразумела, якую яшчэ рэакцыю намагаюцца выклікаць аўтары наступнай публікацыі:
«2 лютага ў 9 і 11 класах прайшла прафарыентацыйная сустрэча з прадстаўнікамі СІЗА 7 нашага горада, на якой нашым гімназістам расказалі аб правілах паступлення ў Акадэмію МУС, аб варыянтах працаўладкавання ў СІЗА, аб асаблівасцях нясення службы ў СІЗА і аб усіх перавагах».
Страшна ўявіць, які ж узровень адукацыі ў гімназіі, навучэнцам якой даводзіцца распавядаць пра «варыянты працаўладкавання ў СІЗА». Пра маральна-этычны аспект заахвочвання да такой працы ў краіне, якая славіцца дзікай колькасцю палітычных зняволеных, няма чаго і казаць.
Ідэалогіяй прасякнуты ўвесь акаўнт пятай гімназіі. Нават на перапынках дзяцей вучаць, «як трэба радзіму любіць»:
«Перапынкі павінны быць карыснымі і інфарматыўнымі! Наш дырэктар Галіна Іосіфаўна інфармуе нашых пяціклашак пра асноўныя падзеі ў нашай краіне, паўтарае з хлопцамі дзяржаўныя сімвалы нашай краіны…»
Сядайце, Галіна Іосіфаўна, пяць!
Дарэчы, гэтая ініцыятыўная дырэктарка, сябра камісіі на сфальсіфікаваных выбарах 2020 года, сапраўды атрымала сваю «пяцёрку» ў выглядзе афіцыйнай падзякі ад Лукашэнкі.
Вядома, куды ж без «ваенна-патрыятычнай гульні «Прызыўнік-2024».
«Гульня была прымеркавана да 23 лютага. Хлопцы збіралі і разбіралі аўтамат, стралялі з пнеўматычнай вінтоўкі, разгадвалі інтэлектуальны квіз, падымалі гіры, падцягваліся і выконвалі КСУ. Заданні для сапраўдных мужчын!», —рапартуе школьная адміністрацыя.
Асабліва балюча глядзець на фотаздымкі непасрэдна з улюбёнага свята беларускіх ідэолагаў — «Дня абаронцаў айчыны». На іх вучні трэцяга класа чамусьці трымаюць у руках цацачныя (спадзяемся) пісталеты і сядзяць з перабінтаванымі галовамі.
Нялёгка даводзіцца і іх старэйшым калегам-дзесяцікласнікам:
«13 студзеня, у шосты школьны дзень, навучэнцы 10-ых класаў сталі ўдзельнікамі прафілактычнага відэалектарыя «Злачынства і пакаранне».
Рабяты казалі аб супрацьпраўных паводзінах, аб наступствах такіх паводзін і паглядзелі экскурсію ў калонію строгага рэжыму для падлеткаў».
Актуальныя сторыз гімназіі таксама выклікаюць цікаўнасць. У іх рэкламуецца прапагандысцкі фільм «На іншым беразе».
«Галоўны герой назірае, як польская ўлада імкнецца асіміляваць беларусаў, вынішчыць мову, культуру і веру», — пішуць прадстаўнікі гімназіі (па-руску, вядома).
Мінск. Сярэдняя школа №51
Па ўзроўні ідэалагічнага трэшу гэтай сталічнай школе далёка да брэсцкай гімназіі. Але і тут знойдзем процьму спрэчных публікацый.
Напрыклад, у гэтак званы «дзень адзінства народаў Беларусі і Расіі» дзецям хлусілі пра тое, што «нашы народы аб'ядноўвае свабодалюбства, імкненне да адзінства, міру, сяброўства». Пэўна ж, «імкненне да міру» прымусіла Расію 24 лютага 2022 года напасці на Украіну праз тэрыторыю Беларусі.
А яшчэ вучні 51-й школы Мінска навучаюцца… Чаму б вы думалі? Правільна, стральбе з пісталета «Макараў»!
«Кіраўнік ваенна-патрыятычнага выхавання Віктар Галуб правёў спартыўныя спаборніцтвы «Лепшы снайпер-спартсмен» сярод хлопчыкаў і дзяўчынак старэйшых класаў.
Старшакласнікі навучыліся падрыхтоўцы да стральбы і вядзення стральбы з пнеўматычнага пісталета ПМ «Макараў», яго разборцы і зборцы, а таксама авалодалі навыкамі правільна і хутка збіраць намётавае мястэчка.
Да абароны айчыны гатовы!», — справаздачыцца адміністрацыя. Цікава, ад каго збіраюцца абараняцца?
Мінск. Сярэдняя школа №64
Акаўнт 64-й мінскай школы, падавалася б, выглядае на фоне іншых даволі прыстойна, але… Паглядзіце на гэты скрыншот.
Нагадаем, гаворка ідзе пра звычайную школу, а не акадэмію МУС. Але, мяркуючы па фотаздымках у профілі школы, вайсковую форму вучні апранаюць часцей, чым школьную.
Школа вельмі ганарыцца сваім гэтак званым «вайскова-патрыятычным клубам «Страла», выхаванцы якога, сярод іншага, наведалі «Дзень адчыненых дзвярэй Галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Мінгарвыканкама».
«Падчас мерапрыемства дзеці ўбачылі выставу спецыяльнай тэхнікі і зброі, паглядзелі фільмы, якія расказваюць пра гераічную і няпростую работу МУС і АМАПа. У выхаванцаў клуба была ўнікальная магчымасць пагутарыць з байцамі, даведацца пра іх вопыт, матывацыю і паўсядзённае жыццё», — рапартуе 64-я школа.
Байцы АМАПа паказалі, як праводзяцца затрыманні, прадэманстравалі некаторыя са сваіх фірмовых трукаў і паказалі неверагодныя баявыя прыёмы.
Мы б таксама з
задавальненнем спыталі ў АМАПаўцаў пра іх матывацыю збіваць бяззбройных людзей
на мірных акцыях пратэсту і не толькі, але «героі» пазбягаюць размоў з
незалежнымі журналістамі.
Увогуле сустрэчы вучняў гэтай школы з АМАПам надзіва рэгулярныя. Вось, напрыклад, адзін са школьнікаў фатаграфуецца з сумнавядомым камандзірам АМАПа Балабам.
Напрыканцы снежня 2023 года для вучняў старшых класаў 64-й гімназіі зладзілі «сустрэчу з адвакатам».
«У ходзе сустрэчы разглядаліся пытанні супрацьдзеяння парушэнням заканадаўства ў сферы электаральнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь і адказнасць за парушэнне выбарчага заканадаўства, прававыя асновы электаральнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь.
Таксама былі прыведзены прыклады з судовай і адвакацкай практыкі, прыклады супрацьпраўных дзеянняў, якія рабіліся супраць удзельнікаў электаральнай кампаніі 2020 года», — адсправаздачылася школа.
Віцебск. Сярэдняя школа №12
На гэтым фота, дзякуй Богу, школьнікаў не ўзялі ў закладнікі, як магло падацца. Проста звычайны школьны дзень на ўсходзе Беларусі.
Магілёў. Сярэдняя школа №7
Магілёўскія школы таксама не адстаюць ад агульнай тэндэнцыі. Рэжым, відавочна, надзвычай баіцца падлеткаў.
«У рамках інфа-акцыі «Рабі правільны выбар» з навучэнцамі 9-х класаў праведзены інфармацыйныя гутаркі, скіраваныя на папярэджанне экстрэмісцкіх праяў у падлеткавым асяроддзі».
Агулам такія сустрэчы ў магілёўскай СШ №7 адбываюцца рэгулярна. Здаецца, «людзі ў пагонах» з’яўляюцца ў класах часцей, чым настаўнікі.
Ад аўтара
Гэты пералік дзікунства мог бы доўжыцца амаль бясконца.
Інстаграмы беларускіх школ —недаацэнены гістарычны артэфакт, які сведчыць пра найвышэйшы ўзровень мілітарысцкай прапаганды ў агульнаадукацыйных установах, а таксама пра наяўнасць у іх таго, што варта назваць ідэалагічным трэшам.
Дзеці ў піянерскіх гальштуках, трэцякласнікі з перабінтаванымі галовамі і аўтаматамі, экскурсіі ў калоніі строгага рэжыму — усё гэта выглядае нават камічна, калі не ўлічваць тое, што адбываецца гэта з нашымі дзецьмі, з будучыняй Беларусі. І адбываецца, на жаль, з маўклівай згоды бацькоў.
Многія псіхолагі даказваюць бесперспектыўнасць такога падыходу: маўляў, дзеці не ўспрымаюць падобную прапаганду сур’ёзна, яна на іх не дзейнічае. Вельмі хочацца верыць. Але сёння ўся сутнасць беларускіх школ скіравана на падаўленне здольнасці да крытычнага мыслення, на вынішчэнне любых формаў праявы нязгоды, на «апрацоўку» вучняў у патрэбным рэжыму кірунку. І для таго, каб выйсці з такой школы годным грамадзянінам, які зможа сказаць «не» прыгнятальніку, трэба прыкласці надзвычай шмат намаганняў.
Безумоўна, калісьці беларускія школы будуць зусім іншымі. Калісьці ў іх запануюць інтарэсы школьнікаў, а не асабістыя амбіцыі дырэктараў і бязглуздасць ідэолагаў. Але да гэтага часу маленькім беларусам давядзецца жыць у раздвоеным ці нават патроеным свеце, шукаць сваю праўду паміж дактрынай школы, прынцыпамі сям’і і бязмежнасцю інтэрнэту.