Нібыта рэкордная яўка, ахова на ўчастках, адсутнасць апазіцыі. Як праходзяць выбары-2024

25 лютага ў Беларусі праходзіць так званы Адзіны дзень галасаваньня на выбарах у Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы. ЦВК сьцьвярджае, што 41,71% выбарнікаў прагаласавалі датэрмінова. Праваабаронцы кажуць пра парушэньні. Электаральная кампанія праходзіць на фоне маштабных рэпрэсій і зачысткі палітычнага поля ад апазыцыі, распавядае «Свабода».

_belarus_kraina_zyccjo_vybary_2024_fota_novy_czas__5__logo.jpg.webp

Рэкорд на датэрміновым галасаваньні

Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі 24 лютага заявіла, што ў выбарах дэпутатаў датэрмінова прагаласавалі 41,71% грамадзян, уключаных у сьпісы для галасаваньня. Гэта вышэй за лічбы, агучаныя на прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году: тады ЦВК казала, што яўка на датэрміновым галасаваньні склала 41,7%.

Паводле ЦВК, найбольш высокая яўка ў Гомельскай вобласьці — 49,93%, за ёй — Магілёўская (49,43%), Берасьцейская (44,72%), Віцебская (41,71%), Менская (40,47%), Горадзенская (39,98%) і Менск (30,07%). Участкі для датэрміновага галасаваньня працавалі з 12-й да 19-й гадзіны безь перапынку на абед. Афіцыйнага пацьверджаньня прычын, чаму выбарнік ня можа прагаласаваць у асноўны дзень выбараў, не патрабавалася.

Назіральнікі называюць датэрміновае галасаваньне адным з мэханізмаў масавых фальсыфікацый.

Затрыманьні падчас галасаваньня

25 лютага стала вядома, што на Гомельшчыне выбарніка аштрафавалі за фотаздымак свайго выбарчага бюлетэня. Пра гэта пішуць праўладныя тэлеграм-каналы.

Паведамляецца, што інцыдэнт адбыўся ў Гомельскай вобласці і што «ў справу давялося ўмяшацца міліцыі». Які менавіта штраф прызначылі чалавеку — невядома.

Праваабаронцы паведамлялі пра затрыманьні ў сувязі з выбарамі. Так, сілавікі затрымалі жыхара Кіраўска, які нібыта зьбіраўся «ўсталяваць схаваную камэру на выбарчым участку». На відэа сілавікоў мужчыну абвінавачваюць у сувязі з «кааліцыяй пратэставых двароў», закадравы голас кажа, што ён нібыта заклікаў людзей выходзіць на вуліцы і «парушаць грамадзкі парадак».

Таксама сілавікі паведамлялі пра затрыманьне мужчыны, які нібыта хацеў «сарваць выбары». На запісаным сілавікамі відэа ён кажа, што зь ім нібыта зьвязаліся людзі, якія хацелі, каб ён зьбіраў зьвесткі на чальцоў выбарчых камісій і «рыхтаваў людзей да назіральнай дзейнасьці і далейшых правакацый на ўчастках», а таксама здымаў відэа і дасылаў іх у «экстрэмісцкія рэсурсы».


Глядзіце таксама

Канцэрты і буфэты на ўчастках

У асноўны дзень галасаваньня 25 лютага ўчасткі адчыненыя з 8:00 да 20:00. На ўчасткі, якіх у Беларусі сфармавалі 5411, выбарнікаў завабліваюць забаўляльнай праграмай «ад паказу мод да міні-гастроляў» і буфэтамі са «сьвежай прадукцыяй».

Яшчэ на стадыі падрыхтоўкі выбараў праваабарончыя арганізацыі выявілі на іх шматлікія парушэньні.

Прозьвішчы сябраў выбарчых камісіі засакрэчаныя, на адным з рэпартажных фота дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА нават схавала асобы кандыдатаў.

Парог яўкі на гэтых выбарах адменены — яны адбудуцца пры любой колькасьці выбарнікаў.

Актывісты БРСМ і пярвічкі «Белай Русі» ладзілі пікеты «ў падтрымку выбараў», а месцамі (напрыклад, у Сьветлагорску) — агітацыйныя канцэрты і флэшмобы. Да ўдзелу ў датэрміновым галасаваньні беларусаў актыўна агітавалі рэгіянальныя СМІ і чыноўнікі, апошнія і самі галасавалі датэрмінова. На Гарадзеншчыне зь першага дня тон задавала кіраўніцтва вобласьці. Датэрмінова прагаласаваў і старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка.

Тым, хто галасаваў упершыню, раздавалі падарункі. Усім выбарнікам, якія ўпершыню галасуюць, на некаторых участках Берайсьцейшчыны ўручылі падарункавыя экзэмпляры Канстытуцыі. Жыхару аграгарадка Адрыжын за галасаваньне на выбарах падарылі гарбату Tess, а ў Барысаўскім раёне выбарнікам абяцалі ў падарунак пернік з сымболікай «адзінага дня галасаваньня». Таксама ў якасьці «падарунка выбарнікам» у Беларусі зладзілі бясплатны паказ савецкай камэдыі «Белыя Росы» ў кінатэатрах і паўсюль, дзе адкрылі выбарчыя ўчасткі, але перад ім — абавязковы прагляд прапагандысцкага фільму «Беларусь. Адзінства».

Апазыцыі няма ні сярод кандыдатаў, ні сярод назіральнікаў

Незалежных назіральнікаў на выбарах няма, як няма і апазыцыйных кандыдатаў — да выбараў дапусьцілі толькі ляяльных рэжыму кандыдатаў. Паводле кіраўніка ЦВК Ігара Карпенкі, усе 12 скаргаў на адмовы ў рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты (у тым ліку 2 скаргі ў суды) адхілілі.

Разам з тым дзеяньні выбарнікаў улады кантралююць максымальна: раней улады забаранілі фота- і відэаздымку запоўненага бюлетэня для галасаваньня. Цяпер праваабаронцы паведамляюць пра адсутнасьць шторак у кабінках для галасаваньня — праваабаронцы мяркуюць, што так улады вырашылі кантраляваць, каб не фатаграфавалі бюлетэні.

На некаторых участках для галасаваньня вывешвалі папярэджаньні пра забарону выносіць бюлетэні, а таксама фатаграфаваць іх, паведамляе кампанія незалежнага назіраньня «Праваабаронцы за свабодныя выбары».

На ўчастках узмацнілі ахову, разьмясьцілі трывожныя кнопкі, а таксама відэакамэры. На дзяржаўным тэлебачаньні паказалі сюжэт, у якім сілавікі трэніраваліся затрымліваць выбарнікаў, якія фатаграфуюць выбарчыя бюлетэні, разганяць людзей ля выбарчых участкаў, якія «штучна стварылі чаргу» і нібыта нават «падпалілі чалавека», штурмаваць будынак камісіі з дронам.

«Яшчэ з папярэдніх этапаў гэтых выбарчай кампаніі было бачна, што нейкай канкурэнцыі, спаборніцтва, гонкі кандыдатаў чакаць не давядзецца. Тыповыя пікеты, тыповыя праграмы, ідэалягічныя лекцыі замест агітацыі. За каго галасаваць — гаворкі не ідзе (зразумела, што насамрэч галасаваць няма за каго).

Гэты тыдзень мы з зацікаўленасьцю глядзелі, што будзе адбывацца, бо было не зусім зразумела якую стратэгію абяруць улады: нуль шуму і ніякіх натоўпаў на выбарчых участках альбо клясычныя загоны на датэрміновае галасаваньне. Выглядае, што ўсё ж выйграла старая добрая клясыка», — пракамэнтавала юрыстка кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Сьвятлана Галаўнёва.

Паводле незалежных назіральнікаў кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», па ўсёй Беларусі датэрмінова галасавалі чыноўнікі, пэнсіянэры, студэнты, вайскоўцы. У Гомельскай вобласьці ў службовых чатах распаўсюджвалі «просьбы» арганізаваць стоадсоткавую яўку для датэрміновага галасаваньня, а таксама патрабавалі справаздачу пасьля гэтага.

З прычыны самай нізкай яўкі выбарнікаў на Гарадзеншчыне ў першы дзень датэрміновага галасаваньня кіраўніцтва аблвыканкаму ў наступныя дні праводзіла агітацыйныя сустрэчы ў працоўных калектывах. У першы ж дзень галасаваньня многіх асуджаных да абмежаваньня волі ва ўстановах адкрытага тыпу Гарадзенскай вобласьці арганізавана пасадзілі ў транспарт і адвезьлі галасаваць.

На Магілёўшчыне для студэнтаў праводзілі ідэалягічныя лекцыі ў ВНУ, «настойліва рэкамэндавалі» прагаласаваць датэрмінова, «матывуючы» іх магчымымі праблемамі з пражываньнем і навучаньнем, а таксама абяцалі адзін вольны ад навучаньня дзень, калі прагаласуюць датэрмінова.

Са Сьветлагорску праваабаронцам паведамлялі пра групу жанчын пэнсійнага ўзросту, «ці то актывістак, ці то „карусельшчыц“, якія былі заўважаныя адразу на некалькіх выбарчых участках».

З 1996 году незалежныя назіральнікі не прызналі ніводную выбарчую кампанію ў Беларусі транспарэнтнай і адпаведнай стандартам АБСЭ.


Глядзіце таксама

Што трэба ведаць пра Адзіны дзень галасаваньня – 2024

25 лютага 2024 году ў Беларусі праходзіць так званы Адзіны дзень галасаваньня, у рамках якога выбіраюць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня і дэпутатаў мясцовых саветаў 29-га скліканьня.

Пратаколы з камісій павінны паступіць у ЦВК не пазьней за 29 лютага.

Датэрміновае галасаваньне праходзіла з 20 па 24 лютага. ЦВК заявіла, што за 5 дзён датэрмінова прагаласавалі 41,71% грамадзян, якія ўключаныя ў сьпісы для галасаваньня.

Парог яўкі на гэтых выбарах адменены — яны адбудуцца пры любой колькасьці выбарнікаў. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма, як і апазыцыйных кандыдатаў. Прозьвішчы сябраў выбарчых камісіі засакрэчаныя. На ўчастках узмацнілі ахову.

Перадвыбарная агітацыя праходзіла з 31 студзеня па 24 лютага, рэгістрацыя кандыдатаў — з 16 студзеня да 30 студзеня.

Прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» падкрэсьлілі, што ў сувязі з рэпрэсіўнымі рызыкамі будзе працаваць экспэртная місія, а не «клясычнае» назіраньне, якое ажыцьцяўлялася падчас ранейшых кампаній.

Палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч лічыць, што Лукашэнка разглядае выбары як «ваенную апэрацыю». Ён упэўнены, што абсалютная большасьць як сярод прыхільнікаў, так і сярод праціўнікаў Лукашэнкі выдатна разумее, што ў сёньняшніх умовах гэта суцэльная імітацыя.

Улады вырашылі не запрашаць АБСЭ для назіраньня празь Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ). АБСЭ cкрытыкавала ўлады Беларусі за гэтую адмову.

Кіраўнік штабу місіі назіральнікаў ад СНД Леанід Анфімаў заявіў, што ў Вярхоўны суд падалі 6 скаргаў аб выбарах. Назіральнікі ад СНД прапанавалі іх лічыць «неабгрунтаванымі».

Выбары ў Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня адбудуцца 4 красавіка 2024 году. Вылучэньне кандыдатаў у члены СР мясцовымі саветамі дэпутатаў, выканаўчымі і распарадчымі органамі павінна адбыцца не пазьней за 21 сакавіка 2024-га.