«Сумленныя людзі» патэлефанавалі «кандыдатам-спойлерам» на выбарах. Што тыя сказалі?

«Сумленныя людзі» прааналізавалі статыстыку мінулых выбарчых кампаній і вывучылі кандыдатаў цяперашняй. На аснове гэтых звестак, як сцвярджаюць у ініцыятыве, ім удалося спрагназаваць на 90%, каго з кандыдатаў «выберуць выбаршчыкі», а хто каго паклікалі паўдзельнічаць і пабыць «кандыдатам-спойлерам». Некаторым такім актывістка «Сумленных людзей» патэлефанавала як выбарніца, піша «Люстэрка».

68307908_6.jpg

«Сумленныя людзі» патэлефанавалі кандыдатцы па Брэсцкай-Заходняй акрузе № 1 Таццяне Федзюковай. Яна вылучаецца ад Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці, працуе загадчыцай Цэнтра дапрызыўнай падрыхтоўкі ў школе № 27 Брэста. Калі Федзюкову спыталі, ці рыхтавалася яна перамагаць, яна адказала, што «не вельмі любіць слова "перамагаць"».

— Як вы разлічваеце свае шанцы? Ці можна вам чымсьці дапамагчы?

— На ўсё воля Божая. Я думаю, што мы можам збіраць подпісы, вельмі шмат казаць, але вынік будзе той, які неабходны. Таму я яшчэ думаю і пра гэта.

— Неабходны каму? — перапытала актывістка «Сумленных людзей».

— Воля Божая, — коратка адказала Федзюкова.

Па Баранавіцкай сельскай акрузе № 7 вылучаецца Наталля Кулак — дырэктар Ляхавіцкай сярэдняй школы № 1.

— Я камуніст, камуніст ужо з вялікім стажам. І калі партыя сказала «трэба» — значыць, трэба, — патлумачыла яна, чаму пайшла ў кандыдаты. — Ну, калі шчыра, да вылучэння [партыяй маёй кандыдатуры] я не задумвалася [пра гэта].

— А цяпер наколькі вы зацікаўленыя быць дэпутатам і наколькі верыце, што ёсць шанец перамагчы?

— Ну, верыць не верыць — гэта, ведаеце як... Тут трэба глядзець рэальна на рэчы, — заключыла Кулак, на гэтым размова з ёй завяршылася.


Глядзіце таксама

Таццяна Слезіна — кандыдатка па Гродзенскай-Кастрычніцкай акрузе № 50, таксама прадстаўніца сферы адукацыі і працуе загадчыцай у дзіцячым садку, знаходзіцца ў партыі «Белая Русь». Яна распавяла, што ініцыятыву ісці ў парламент сама не праяўляла — яе вылучыў калектыў школы № 41. Слезіну спыталі, як заматываваць галасаваць за яе кандыдатуру.

— Матываваць людзей не варта — кожны павінен за сябе сам вырашыць, што ён хоча. Мне хочацца сумленных выбараў, вось і ўсё. Мне здаецца, усе зацікаўленыя ў гэтым. Ну, хадзіць піярыць сябе, нешта збіраць калектывы, распавядаць, што ты будзеш рабіць? А ты не будзеш, бо ты не патрапіш туды. [Які ў гэтым] сэнс? Усё, што трэба, — пра мяне ўсё напісана. Чалавек сам вырашыць. Мне здаецца, так правільна будзе.

— Тры прапановы, чаму трэба за вас галасаваць? Каб я свайму асяродку казала.

— Вы ведаеце, гэтага рабіць не трэба. Ёсць мая праграма, яна надрукаваная таксама на ўлётках. І туды людзі прыйдуць галасаваць — на свае ўчасткі, там таксама будзе напісана коратка пра мяне і чаго я хачу. Думаю, што людзі разбяруцца самі, ну, прынамсі, павінны — вось вы ж разабраліся, — сказала яна.

Нагадаем, у Беларусі 25 лютага ідзе адзіны дзень галасавання. Святлана Ціханоўская назвала гэтую электаральную кампанію бязвыбарамі і падманам, а таксама заклікала ігнараваць адзіны дзень галасавання. Супольнасць «Сумленныя людзі» падтрымала баачанне лідаркі дэмсіл да падзеі, але пры гэтым заклікала ставіць у бюлетэнях «супраць усіх». Апошнія дзесяцігоддзі ўсе працэсы пад назвай «выбары» суправаджаюцца настойлівымі заклікамі (непублічна — патрабаваннямі, асабліва ў адрас студэнтаў) галасаваць датэрмінова. Незалежныя назіральнікі бачылі ў гэтым магчымасць для ўлады маніпуляваць галасамі выбаршчыкаў, пісаў «Позірк».

Да цяперашніх выбараў дапушчаныя толькі лаяльныя рэжыму кандыдаты. Сотні тысяч актыўных грамадзян у 2020-м і наступныя гады з'ехалі з краіны, ратуючыся ад рэпрэсій, тысячы апанентаў улады сядзяць у турмах.