«Прымальны для яго варыянт транзіту не праглядаецца». Чаму Лукашэнка заявіў пра ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах-2025
«Пайду, пайду, пайду. Перадайце ім, што пайду!» — заявіў Лукашэнка на выбарчым участку, адказваючы на пытанне, ці будзе ён удзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах 2025 года. Планы кіраўніка Беларусі, які трымаецца за крэсла ўжо амаль 30 гадоў, каментуе гісторык і палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман.
— Лукашэнка загаварыў пра свой удзел у «прэзідэнцкіх выбарах» 2025 года і звязаў сваю гатоўнасць з Захадам, які «напружвае» Беларусь і яго асабіста, — піша аналітык. — Пытанне выбараў 2025 года — ключавое палітычнае пытанне для кіраўніка, які займае сваю пасаду ўжо амаль 30 гадоў, а ў жніўні адзначыць сямідзесяцігоддзе. І дзіўна было б, калі б ён над гэтым пытаннем не разважаў. І вось разважанні (даволі рана ўсё ж такі) выйшлі на публічны ўзровень.
Некалькі меркаванняў з гэтай нагоды.
Першае. Гісторыя пра Захад, які «напружвае» яго асабіста — гэта відавочна гісторыя пра ордэр на арышт ад Міжнароднага крымінальнага суда. У тым, што такі ордэр калі-небудзь будзе выдадзены, у мяне асабіста сумневаў няма, але хутчэй усё ж такі не ў бліжэйшай перспектыве. А вось Лукашэнка, здаецца, думае інакш і спрабуе сваімі заявамі перасцерагчы Захад ад такога рашэння.
Другое. Існуе пункт гледжання, што Лукашэнка не ўяўляе сваё жыццё без прэзідэнцкай пасады. Мяркую, што ўсё выглядае ўсё ж такі некалькі інакш: ён не ўяўляе сваё жыццё без улады і кантролю над ёй. Але кантроль можна ажыццяўляць і на іншых пасадах.
Для мяне зусім невідавочна, што пажылы чалавек пасля 30 гадоў на прэзідэнцкай пасадзе і далей хоча займацца аператыўным кіраваннем, ладзіць нарады, матацца ў Маскву па першым сігнале і г. д.
Праблема хутчэй у тым, што Лукашэнка:
- баіцца выпусціць рычагі ўлады са сваіх рук;
- прымальны для яго варыянт транзіту не праглядаецца;
- Крэмль — нават пры ўласным жаданні Лукашэнкі — не дазволіць яму пайсці на спачынак.
Трэцяе. Пуцін вырашыў быць ва ўладзе да «наперад нагамі», яму не патрэбны «новы Такаеў» у Мінску, яго задавальняе Лукашэнка — верны напарнік у замежнапалітычных авантурах. І ў гэтай сувязі характэрна, што Лукашэнка загаварыў пра «праект 2025» яшчэ да таго, як Пуцін завяршыў свой «праект 2024».
Чацвертае. Мяркую, што Лукашэнка не хітруе, калі кажа, што «праект 2025» залежыць шмат у чым ад знешнепалітычнай сітуацыі і перспектыў вайны. А яны на дадзены момант вельмі змрочныя. І яго сённяшнія заявы кажуць хутчэй, што часы будуць турбулентныя. Пры гэтым сам Лукашэнка — толькі элемент (хай і важны) расійскіх знешнепалітычных гульняў.
Раней Лукашэнка некалькі разоў прагаворваўся, што, магчыма, не будзе ўдзельнічаць у наступных прэзідэнцкіх выбарах. У прыватнасці, 8 верасня 2020 года на сустрэчы з расійскімі прапагандыстамі Лукашэнка заявіў, што не выключае правядзення датэрміновых прэзідэнцкіх выбараў. У жніўні 2020 года ў Беларусі адбыліся прэзідэнцкія выбары, якія былі фальсіфікаваны, і Лукашэнка сілай утрымаў уладу, падавіўшы масавыя пратэсты. На думку многіх назіральнікаў, перамогу ў першым туры атрымала Святлана Ціханоўская.
З тых часоў у Беларусі ідуць беспрэцэдэнтныя па жорсткасці рэпрэсіі. Сотні тысяч беларусаў пакінулі краіну, у краіне налічваецца каля 1500 палітычных зняволеных — і гэта толькі прызнаных міжнароднай супольнасцю. Штодня ў краіне адбываюцца затрыманні і суды.