Раздваеньне асобы? Лукашэнка выдае няўпэўненасьць, калі супярэчыць сам сабе

Паводле даўняй традыцыі Лукашэнка прыйшоў на выбарчы ўчастак разам з сынам Колем і пасьля галасаваньня адказаў на пытаньні журналістаў. Аглядальнік «Радыё Свабода» і палітоляг Валер Карбалевіч паглядзеў на гэтыя заявы і знайшоў іх вельмі супярэчлівымі.

b21361d62e162837bddecd27bf8e8bd4.jpg

Адметна, што палітычную ацэнку сытуацыі Лукашэнка пачаў, як і звычайна ў апошні час, з выкрыцьця сваіх палітычных апанэнтаў, якія ўцяклі за мяжу. І гэта трохі дзіўна. Бо ўплыў дэмакратычных сілаў замежжа на ўнутрыпалітычную сытуацыю ў Беларусі мінімізаваўся з-за жорсткіх рэпрэсіяў. Але Лукашэнка фактычна пры кожным выхадзе ў публічную прастору ўзгадвае «беглых». Тым самым ён сам надае ім дадатковую суб’ектнасьць, палітычную вагу.

І чым больш ён іх прыніжае («ні адзін з варыянтаў, нават самы радыкальны, у іх ня пройдзе ў Беларусі», «шчокі надзьмулі, надзьмуліся»), тым больш падвышае іхную ролю. Тым самым канстатуе, што спроба з дапамогай цяперашніх выбараў «перагарнуць старонку», легітымізаваць той рэжым, які склаўся пасьля 2020 году, не ўдаецца.

І такія супярэчнасьці — на кожным кроку. З аднаго боку, ён цьвердзіць, што «нідзе ў сьвеце адкрытых, сумленных, прынцыповых выбараў, як у Беларусі, няма». А зь іншага боку, сам жа і абвяргае гэта, кажа: «Калі мы, прабачце мне, соплі распусьцім і будзем змагацца за дэмакратыю і нейкую эфэмэрную свабоду...»

І спрабуе апраўдацца за адсутнасьць рэальнай канкурэнцыі на цяперашніх выбарах. Маўляў, «ня тыя ўжо часы, калі натоўпам ішлі на выбары». І згадаў нядаўнюю заяву кіраўніка Цэнтральнай выбарчай камісіі Ігара Карпенкі: калі нехта хоча шоу на выбарах, трэба ісьці ў цырк. То-бок паводле яго, рэальная канкурэнцыя на выбарах — гэта шоу, якое нам не патрэбна. Прывёўшы ў якасьці прыкладу Ўкраіну, Лукашэнка зрабіў выснову, што дэмакратыя — гэта вайна. І нават загадзя патлумачыў, чаму на наступных прэзыдэнцкіх выбарах таксама ня будзе канкурэнцыі: «Людзі пачынаюць разумець: прэзыдэнт у Беларусі — гэта вельмі цяжкая праца! І ня кожны на гэта рашыцца».

І, дарэчы, пра прэзыдэнцкія выбары. На пытаньне, ці пойдзе ён на іх у якасьці кандыдата, адказаў: «Пайду, пайду, пайду. Перадайце ім (беларускай апазыцыі — Аўт.), што пайду! І чым больш складанай будзе абстаноўка, чым яны будуць больш напружваць вас, мяне і грамадзтва, тым хутчэй я пайду на гэтыя выбары». А яшчэ дадаў, што пакідаць прэзыдэнцкую пасаду ў такі няпросты і нявызначаны пэрыяд будзе раўназначна здрадзе. «Ніхто нікому ўладу не аддасьць», — катэгарычна заявіў Лукашэнка.

А потым пачаў выкручвацца, крыху адступаць ад сказанага: маўляў, наперадзе яшчэ год да прэзыдэнцкіх выбараў і «многае можа зьмяніцца», «каб, нават калі цяперашні прэзыдэнт ня пойдзе на выбары, вы запомнілі...»

З аднаго боку, разважае пра «мадэрнізацыю ўлады», а потым прызнае, што «нейкая слабая мадэрнізацыя», вельмі эвалюцыйная, бо рэзкія павароты небясьпечныя, вось ва Ўкраіне яны прывялі да вайны.

З аднаго боку, «роля парлямэнту будзе падвышацца», а зь іншага боку — частку паўнамоцтваў перадаём іншым органам улады. То-бок забіраем паўнамоцтвы ў парлямэнту і перадаём Усебеларускаму народнаму сходу.

З аднаго боку, «мы заўсёды будзем адзіныя з Расеяй», а зь іншага боку, «ні ў Расеі, ні ў Беларусі не падтрымаюць аб’яднаньне дзьвюх дзяржаваў». Далей Лукашэнка кажа: «Калі б АБСЭ захацела да нас прыехаць і зрабіла б такі запыт, мы б яго разгледзелі. Хутчэй за ўсё станоўча. Але яны не прасіліся».

А потым сам сябе абвяргае: «Ну, навошта іх сюды клікаць?.. Ну які сэнс запрашаць?»

Насамрэч, паводле афіцыйнай інфармацыі, 8 студзеня пастаянны прадстаўнік Беларусі пры міжнародных арганізацыях у Вене Андрэй Дапкюнас афіцыйна праінфармаваў дырэктара Бюро па дэмакратыі і правох чалавека АБСЭ Матэа Мекачы аб тым, што Менск «устрымаецца ад запрашэньня назіральнай місіі» гэтай арганізацыі на беларускія выбары.

Адзіная сьвежая інфармацыя, якую абнародаваў Лукашэнка, тычыцца вайны ва Ўкраіне. Паводле яго, Расея гатовая вярнуць Украіне захопленыя тэрыторыі, калі насельніцтва, якое там жыве, на рэфэрэндуме прагаласуе за гэта. Даслоўна ён сказаў: «Расейцы пагадзіліся ўсходнія землі аддаць на разгляд будучым пакаленьням — правядуць рэфэрэндум: захочаце ва Ўкраіне жыць — будзеце ва Ўкраіне, у Расеі — у Расеі. Гэта адступленьне».

Здаецца, гэта — чарговы экспромт Лукашэнкі. І можна чакаць з Масквы абвяржэньня гэтых словаў.