«Яго ўчарашняя заява аб удзеле ў выбарах 2025 года не здымае інтрыгі»

Лукашэнку больш няма куды павышаць перадвыбарныя стаўкі. І барацьба з ворагамі ідзе ўжо не за ўладу — за выжыванне. Але праціўнік у яго моцны, і хоць, магчыма, не вельмі рашучы, але цалкам паслядоўны, піша Вольга Лойка ў Plan B.

nikolajus_lukasenka_aliaksandras_lukasenka_85263147.jpg

Самы небяспечны праціўнік — загнаны ў кут. Таму што яму больш няма чаго губляць, няма куды адступаць. І барацьба з ворагамі ідзе ўжо не за ўладу — за выжыванне. За існаванне сябе і свайго ўбогага, хісткага, пабудаванага ў доўг рэжыму. Так, трымаецца ён на бравых (у тэлевізары) генералах, запалоханых і прагных чыноўніках ды на расійскіх грашах.

І няма ў яго будучыні, бо стаіць ён на крыві ўкраінцаў, на смярцях беларускіх палітвязняў ды на вар'яцтве свайго хаўрусніка. Слізка, страшна, бесперспектыўна. А праціўнік моцны, і хоць, магчыма, не вельмі рашучы, але цалкам паслядоўны.

Нас б'юць, мы мацнеем

Уразлівасць Беларусі — у татальнай хлусні па ўсёй вертыкалі і за яе межамі. Усім відавочныя супярэчнасці.

Тысячы незадаволеных за кратамі, дзясяткі тысяч пакінулі краіну, затрыманні кожны дзень, і пры гэтым чыноўнікі розных калібраў распавядаюць адзін аднаму пра небывалае народнае адзінства, ідэалагічны маналіт, устойлівасць мадэлі. Пра рост эканомікі, кантроль над інфляцыяй, паспяховае імпартазамяшчэнне і вялікія перспектывы з асваеннем саюзнага бюджэту на самалёты і іншыя ледаколы.

А яшчэ — пра санкцыі, якія робяць нас усё мацнейшымі. А ўдаў не спяшаецца, новымі і новымі пакетамі перакрывае асноўныя і абыходныя патокі тавараў і грошай. Павольна, не занадта эфектыўна, але кола сціскаецца.

У прынятым 23 лютага, да другой гадавіны нападу Расіі на Украіну, 13-м пакеце санкцый ёсць і беларускія імёны і назвы. Але ні заляпаныя ў гісторыях з украінскімі дзецьмі генеральны сакратар Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў і праўладны актывіст Аляксей Талай, ні вытворца оптыкі «Пеленг», ні дырэктары заводаў, якія працуюць на вайну, увогуле, нікога асабліва не цікавяць. Іх актывы і перамяшчэнні на лёс краіны не паўплываюць.

Чырвоная картка для пасрэднікаў

А вось пакет для «трэціх краін» куды важнейшы. Тут і прадпрыемствы ваеннай прамысловасці, гандлёвыя і лагістычныя кампаніі з Кітая, Ганконга, Турцыі, Шры-Ланкі і Казахстана.

Аналагічная санкцыйная логіка і ў новага амерыканскага пакета. Джо Байдэн заявіў, што новыя санкцыі ўводзяцца ў дачыненні да аператара расійскай аплатнай сістэмы «Мір» і абаронна-прамысловага комплексу, а таксама фізічных асоб і кампаній з Кітая, Сербіі, ААЭ, Ліхтэнштэйна, Кыргызстана, Азербайджана, якія дапамагалі абыходзіць санкцыі.

Краіны далёкай дугі не адстаюць. Японія пашырыла спіс тавараў, забароненых да экспарту ў Расію. Там цяпер фрэзерныя і такарныя станкі з ЧПУ. Санкцыі пашырылі пасля аналізу зброі, якую Расія ўжывала ва Украіне.

Да другой гадавіны вайны новыя экспартныя абмежаванні ў дачыненні да Расіі і Беларусі ўвяла і Паўднёвая Карэя. І там сярод іншага таксама станкі, авіякамплектуючыя, батарэі і іншыя вырабы, якія могуць быць выкарыстаны для вытворчасці зброі.

Глядзіце таксама

Стаўлю на ўсё

Слана працягваюць есці па частках. Хоць і ваюючым украінцам, і задушаным беларусам, і нармальным рускім хацелася б хутчэйшага выніку. Але яго няма. А шлях — ёсць. І з амерыканскім пакетам дапамогі або без Украіна адваюе сваю незалежнасць. А Беларусь — захавае сваю ідэнтычнасць і пазмагаецца за суверэнітэт. І Расія вызваліцца ад імперскага праклёну.

Таму што за ўсё гэта заплачана крывёю. Таму што спачатку адзінкі, а потым — тысячы і мільёны людзей ідуць ва-банк, ставячы на кон сваё жыццё. Гэта і тысячы ўкраінцаў, ад байца ў акопе да Зяленскага на Банкавай, і Ігар Леднік і Аляксей Навальны ў калоніі. І каб перабіць гэтую стаўку, Пуцін і Лукашэнка таксама павінны паставіць на кон усё.

Але саюзнікі на гэта не гатовыя. Ім страшна і самотна ў асяроддзі сваіх падазроных і ненадзейных генералаў, развінчаных МЗС і няўдзячных народаў.

І вось ужо нават Лукашэнка са сваёй інфармацыйнай бурбалкі пачынае падазраваць страшнае. «Сёння ўсе жадаюць на Захадзе, і ў авангардзе нашы беларускія збеглыя (у дачыненні да Беларусі, што тычыцца), паражэння Расіі ў вайне з Украінай», — заявіў ён.

Жадаюць, Аляксандр Рыгоравіч, ох як жадаюць. Каб ганебная вайна скончылася, каб не менш ганебны наш саўдзел у ёй спыніўся, каб маці не даводзілася хаваць сваіх сыноў, а тысячам людзей — бегчы з краіны, ратуючыся ад рэпрэсій. Жадаюць і «збеглыя», і не толькі.

Бітая стаўка

Лукашэнка на днях палохаў, маўляў, Варшава спрабуе завербаваць высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў, якія змогуць замяніць лідараў апазіцыі, накшталт Ціханоўскай і Латушкі. «Яны будуць шукаць і ствараць новых лаяльных Захаду і больш эфектыўных дзеячаў тут. У ход пойдуць усе метады: ад банальных подкупаў і шантажу да пагроз жыццю і здароўю вам і вашым блізкім і родным. У фокусе ўвагі можа быць хто заўгодна», — намякаў ён.

А яму б не за апазіцыю, за сябе баяцца. Адсутнасць ідэй і залатога запасу прымушае вертыкальшчыкаў з асцярогай, але прыгледзецца да альтэрнатывы безальтэрнатыўнаму. Камусьці з чыноўнікаў — да ўсходняй. А камусьці — і да заходняй. Стаўка на Лукашэнку выглядае пры любым раскладзе занадта ўжо безнадзейна.

І яго ўчарашняя заява аб удзеле ў выбарах 2025 года не здымае інтрыгі. Так што ўсё часцей палітычныя амбіцыі шукаюць у кадраў з яго ж атачэння. І вось прамовы амбасадара ў Расіі Дзмітрыя Крутога гучаць неяк занадта маштабна, пераўзыходзячы службовыя рамкі. І ўжо кіраўніка ўнутраных войскаў Мікалая Карпянкова становіцца непрыстойна шмат у медыйнай прасторы. Не да «збеглых» ужо. Уласныя цені пагражаюць зацямніць і адправіць на звалку гісторыі.