Памёр чарговы палітвязень — 63-гадовы Ігар Леднік
У зняволенні на 64-м годзе жыцця памёр былы сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), грамадскі актывіст і журналіст Ігар Леднік. Пра гэта паведамляецца ў тэлеграм-канале партыі.
Ігар Леднік быў затрыманы 12 красавіка 2022 года і асуджаны на 3 гады зняволення паводле арт. 367 («Паклёп у дачыненні да Лукашэнкі»).
Падставай для пераследу стала публікацыя ў партыйным часопісе БСДП «Пазіцыя» пад загалоўкам «Мiжнародна прызнаны нейтралiтэт Беларусi — гарантыя бяспекi у рэгiёне АБСЕ». Лукашэнкаўская пракуратура палічыла, што ў гэтым тэксце ўтрымліваліся «свядома ілжывыя, ганебныя і зневажальныя для гонару і годнасці Лукашэнкі звесткі, злучаныя з абвінавачаннем яго ў асабліва цяжкіх злачынствах, у тым ліку супраць бяспекі чалавецтва».
Ігар Леднік меў інваліднасць 2-й групы праз праблемы з сэрцам.
У зняволенні стан здароўя сацыял-дэмакрата істотна пагоршыўся, яму была зроблена аперацыя на страўнікава-кішачным тракце.
Профіль Ігара Ледніка ў «Фэйсбуку» быў прызнаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
Ігар Леднік актыўна выступаў за ліквідацыю Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі і лічыў, што Будапешцкі мемарандум быў парушаны ў Беларусі пасля разгону Вярхоўнага Савета ХІІІ склікання, што прывяло да ўсталявання ў Беларусі дыктатуры, збліжэння яе з Расіяй і падрыву еўрапейскай бяспекі ў рэгіёне.
Палітвязень адбываў тэрмін у магілёўскай калоніі № 15.
Гэта не першая смерць палітычных зняволеных у Беларусі, якім рэжым Лукашэнкі ставарае катавальныя ўмовы ўтрымання — не надае медыцынскай дапамогі, пастаянна змяшчае ў ПКТ і ШІЗА, аказвае псіхалагічны і фізічны ціск, трымае ў інфармацыйная ізаляцыі.
Раней ў зняволенні памерлі грамадскі актывіст Вітольд Ашурак, праваабаронца Мікалай Клімовіч, мастак Алесь Пушкін, Вадзім Храсько.
На мяжы смерці была Марыя Калеснікава, экстрана шпіталізавалі ў бальцу Віктара Бабарыку.
Ні адзін з выпадкаў смерці палітвязняў, як і гібель шматлікіх удзельнікаў пратэстаў 2020 года, у Беларусі не расследаваны.