Хронікі рэпрэсій за 19 лютага
Апошнія навіны пра ахвяр палітычнага пераследу ў Беларусі.
***
Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо больш за тысячу дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1194 дні, Дзяніс — 1074 дні.
***
Сілавікі затрымалі двух супрацоўнікаў «Альфа Радыё» — вядучую і гукарэжысёра. Іх «пакаяльныя» відэа апублікаваў 19 лютага набліжаны да сілавікоў тэлеграм-канал, піша «Зеркало».
«Медыязона» знайшла старонку затрыманай вядучай у сацсетках, там яна падпісана як Наталля Жукоўская.
На відэа сілавікоў Наталля кажа пра тое, што галасавала ў 2020 годзе за Святлану Ціханоўскую, а таксама фатаграфавала бюлетэнь і адпраўляла яго ў чат-бот плаформы «Голас». Акрамя таго, паводле яе слоў, у яе тэлефоне сілавікі «знайшлі відэа з пратэстаў».
Гукарэжысёр расказаў у «пакаяльным» відэа, што быў падпісаны на «дэструктыўныя» тэлеграм-каналы, але потым іх выдаліў.
Прапагандысты сцвярджаюць, што данос на работнікаў напісала кіраўніцтва.
***
Суд Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці аштрафаваў двух мясцовых жыхарак на 1 200 рублёў за атрыманне бязвыплатнай дапамогі ад «экстрэмісцкага фарміравання» (ч.2 арт.24.15 КаАП). Пастановы судоў за 2 лютага апублікаваны на Нацыянальным прававым партале.
Адна з жанчын атрымала прадуктовую дапамогу на суму 3 332 рублі, другая — на 5 291 рубель. У дакументах сказана, што ўсе тавары хацелі канфіскаваць, але ў другім выпадку яны ўжо былі выкарыстаны, піша «Вясна».
***
27 снежня суд Савецкага раёна вынес прысуды Раману Кур'яновічу і Максіму Бушчыку паводле ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Справу разглядала суддзя Вольга Емяльянчанка.
Паводле абвінаваўчага заключэння Кур'янаў і Бушчык у 2020 годзе «прымалі актыўны ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве» ў Мінску: выкрыквалі лозунгі, перашкаджалі мінакам і выходзілі на вуліцы.
Суд прысудзіў Рамана да трох гадоў абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу, а Максіма — да двух з паловай гадоў «хатняй хіміі», паведамляюць праваабаронцы.
***
Сілавікі затрымалі мінчука за ўдзел у пратэстах у Мінску ў 2020 годзе, відэа з ім апублікаваў праўладны канал.
«Медыязона» знайшла старонку затрыманага ў «ВКонтакте». Там ён падпісаны як Улад Абушэнка. Працаваў лекарам, у 2020 годзе скончыў шосты курс БДМУ.
На відэа сілавікоў мінчук кажа пра тое, што браў удзел у пратэстах у 2020 годзе і цяпер «панясе за гэта адказнасць». На відэа Улад Абушэнка апрануты ў швэдар, аднак рукі не ў рукавах. Верагодна, затрыманы сядзіць перад камерай у кайданках.
Аўтары праўладнага канала таксама дэманструюць фота, на якім мінчук стаіць на праезнай частцы на праспекце Незалежнасці ў Мінску.
Па якім менавіта артыкуле затрыманы Абушэнка і што з ім цяпер — невядома.
***
Беларускаму рэжысёру Андрэю Гнёту пагражае экстрадыцыя ў Беларусь з Сербіі, піша «Deutsche Welle». У панядзелак 19 лютага Апеляцыйны суд разгледзеў яго справу, пастанова будзе вынесена цягам 20-30 дзён. Пакуль беларус застаецца ў зняволенні.
Андрэй Гнёт — рэжысёр, палітычны актывіст. Як піша «DW», яго называюць сузаснавальнікам «Свабоднага аб'яднання спартоўцаў SOS BY», якое беларускія ўлады лічаць «экстрэмісцкім фарміраваннем».
Андрэй Гнёт быў затрыманы 30 кастрычніка 2023 года ў Сербіі па запыце Інтэрпола праз абвінавачанні па эканамічнай справе. У дачыненні да рэжысёра распачата працэдура экстрадыцыі ў Беларусь.
Абарона Гнёта настойвае на тым, што яго ўнеслі ў спіс Інтэрпола і пераследуюць праз яго палітычны актывізм.
Адвакаты ўжо падалі запыт на выдаленне звестак, якія тычацца Андрэя Гнёта, у камісію кантролю файлаў Інтэрпола. Акрамя таго, быў накіраваны запыт аб прыняцці часовых мер у Еўрапейскі суд па правах чалавека з просьбай загадаць ураду Сербіі не экстрадаваць рэжысёра ў Беларусь.
***
У Добрушы была затрымана Крысціна Рамашка, супрацоўніца Гомельскай абласной дзяржінспекцыі насенняводства, каранціну і аховы раслін, піша «Гомельская вясна».
Чыноўніцу судзілі па артыкуле аб «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў» (ч.2 арт.19.11 КаАП), аднак вынікі суда праваабаронцам пакуль невядомыя.
***
«Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» папоўнілі тры новыя гарадскія сайты: luniniets.by, baranovichi.by і stolin.by.
baranovichi.by і stolin.by — гарадскія сайты з навінамі ад ДАІ, раскладам транспарту і аб'явамі. На сайт luniniets.by зайсці не ўдаецца.
Акрамя таго, у спіс уключылі цікток-акаўнты «Вектар: Беларусь – Украіна», «Беларусь якая ёсць», «Віталік Матусевіч», «Аляксей Дублянок», «Уладзімір Собаль570», старонка ў «Аднакласніках» «Грамадзянін Рэспублікі Беларусь» і тэлеграм-канал «Сюжэтатэрапія».
Таксама ў Беларусі новае «экстрэмісцкае фарміраванне» — «Юго-Запад г. Минска», гаворка ідзе пра адпаведныя тэлеграм-каналы і чаты.
Рашэнне аб прызнанне гэтага праекта «экстрэмісцкім фарміраваннем» прынята КДБ 13 лютага.
***
Як паведамляе Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага пераходнага кабінета, на сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Марыі Калеснікавай — 382 дні, Максіма Знака — 375 дзён, Мікалая Статкевіча — 373 дні, Ігара Лосіка — 365 дзён, Віктара Бабарыкі — 300 дзён, Сяргея Ціханоўскага — 230 дзён, Уладзіміра Гундара — 199 дзён.
***
Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1423 палітвязні.
У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзіцца 1616 чалавек. Сярод іх — 188 жанчын і 6 непаўнагадовых. 19 палітвязняў адпраўлены на прымусовае лячэнне.