Беларусы не ўнікальныя: дыктатур у свеце хапае

Сюжэт адзін і той жа, змяняюцца толькі імёны дыктатараў і іх праціўнікаў. Нават метады змагання не новыя — і таму ў такіх гісторыях унікальныя толькі дэталі.

Ілюстрацыйная выява: Midjourney

Ілюстрацыйная выява: Midjourney

Аляксей Навальны нечакана загінуў у расійскай турме, да гэтага ў беларускіх калоніях загінулі Вітольд Ашурак, Алесь Пушкін, Мікалай Клімовіч і Вадзім Храсько. Смерці палітычных апанентаў для дыктатур — звычайная справа. Дыктатары прыбіраюць сваіх праціўнікаў спакон вякоў, але часам можа падавацца, што ў XXI стагоддзі такіх практык ды і дыктатарскіх рэжымаў не можа існаваць. Аднак яны існуюць і добра пачуваюцца ў многіх кутках нашай планеты.

«PALATNO» расказвае, як дыктатары ў розных частках свету змагаюцца са сваімі палітычнымі апанентамі.

Арышты — гэта адна з самых распаўсюджаных форм барацьбы

Сваіх апанентаў садзілі ў турмы шматлікія дыктатары: Гітлер, Франка, Сталін, Мусаліні… У XXI стагоддзі практыка не змянілася. Аляксандр Лукашэнка выкарыстоўвае сілавы апарат для барацьбы з канкурэнтамі на поацягу ўсёй сваёй 30-гадовай кар’еры. Пасля сфальсіфікаваных выбараў у 2020 годзе ў беларускіх турмах па палітычных артыкулах загінулі Вадзім Храсько, Мікалай Клімовіч, Вітольд Ашурак, Алесь Пушкін.

Тое самае адбываецца і ў Расіі: спачатку Аляксея Навальнага спрабавалі атруціць «Навічком», а пасля яго вяртання з-за мяжы, дзе ён праходзіў лячэнне, пасадзілі нібыта за парушэнне выпрабавальнага тэрміну па адной з крымінальных спраў. 16 лютага 2024 года Аляксей Навальны быў забіты ў калоніі.

Арышт палітычных апанентаў — гэта толькі адзін з варыянтаў, як аўтакраты змагаюцца са сваімі канкурэнтамі. Але і сёння ён з’яўляецца адным з самых эфектыўных сродкаў пакінуць уладу ў руках дыктатара.


Глядзіце таксама

Арышт за гвалт. Лопэс супраць Мадуры

У 2014 годзе венесуэльскага лідара апазіцыі Леапольда Лопэса пасадзілі ў турму: яму далі 13 гадоў пазбаўлення волі па абвінавачанні ў «падбухторванні да гвалту» на мітынгу апазіцыі. Так Лопэс спрабаваў з дапамогай мірных дэманстрацый змагацца з рэжымам Нікаласа Мадуры.

Многія назіральнікі і адвакат Лопэса заяўлялі, што справа была сфабрыкавана. Праз некалькі гадоў Лопэсу змянілі меру ўтрымання на хатні арышт па стане здароўя. У 2020 годзе Лопэс змог уцячы з Венесуэлы.

Ваенная хунта супраць Нобелеўскага лаўрэата

Больш трагічна склаўся лёс Аун Сан Су Чжы — яе партыя яшчэ ў 1990 годзе заваявала парламенцкую большасць, але спатрэбіліся дзесяцігоддзі, перш чым яна змагла ўзначаліць урад. Аун Сан Су Чжы стала лаўрэаткай Нобелеўскай прэміі міру, але гэта не перашкодзіла ваеннай хунце М’янмы пасадзіць жанчыну пад хатні арышт на многія гады.

У 2015 годзе на першых выбарах пасля 1990 года партыя Аун Сан Су Чжы зноў атрымала перамогу. У 2021 годзе яе затрымалі падчас ваеннага перавароту і асудзілі на 27 гадоў зняволення. Спачатку яе абвінавачвалі ў незаконным увозе рацый, а пасля — ва ўзбуджэнні ў грамадстве пачуццяў «страху і трывогі», парушэнні эпідэміялагічных пратаколаў падчас выбарчай кампаніі. Паводле стану на 2024 год, Аун Сан Су Чжы знаходзіцца ў зняволенні.

Стварэнне ворагаў, бо без ворагаў не існуе дыктатуры

У Кім Чэн Ына няма палітычных апанентаў у традыцыйным разуменні: супраць яго ніхто не заяўляецца на выбарах, ніхто не арганізоўвае акцыі пратэсту і не стварае апазіцыйныя партыі. Але нават і такія дыктатары, як Кім Чэн Ын, усё роўна знаходзяць сабе ворагаў.


Глядзіце таксама

У 2013 годзе стала вядома, што пасля ваеннага суда быў пакараны смерцю родны дзядзька лідара Паўночнай Карэі Чан Сон Тхэк. Яго папярэдне арыштавалі і ўтрымлівалі ў турме. Чан Сон Тхэка абвінавачвалі ў «спробе дзяржаўнага перавароту». А ў 2016 годзе арыштавалі міністра па справах адукацыі і яшчэ двух высокапастаўленых чыноўнікаў: іх адправілі ў лагеры для перавыхавання.

Арышты з-за непрызнання прэзідэнта

У 2011 годзе вярхоўны лідар Ірана Аятола Хаменеі нібыта кіраваў затрыманнем лідараў апазіцыі. Гэта адбылося праз два гады пасля таго, як яны выступілі супраць Махмуда Ахмадзінежада на выбарах 2009-га, на якіх ён, адпаведна, і перамог у суправаджэнні масавых арыштаў і палітычных чыстак. Арыштаваныя лідары апазіцыі — Мехдзі Карубі, Захра Рахнавад, Мір-Хусэйн Мусаві — дагэтуль знаходзяцца пад хатнім арыштам. Яны не прызналі вынікі прэзідэнцкіх выбараў і гаварылі пра масавыя фальсіфікацыі.

Для палітычных апанентаў у Іране хатні арышт — гэта мяккі «аргумент», бо ў краіне дзейнічае смяротнае пакаранне. Паводле даных «Human Rights Watch», за 2023 год у Іране прывялі ў выкананне 309 смяротных прысудаў.

Былы доктар дыктатара стаў яго праціўнікам

Дыктатар Уганды Ёверы Мусевені знаходзіцца ва ўладзе ад 1986 года — ён называе сябе прэзідэнтам і дагэтуль ім застаецца. Адным з асноўных палітычных апанентаў Мусевені стаў яго былы доктар Кіза Бесіг’е.

Бесіг’е арыштоўвалі дзясяткі разоў на працягу дваццаці гадоў. Апошні раз яго арыштавалі ў 2022 годзе, калі ён праводзіў акцыю пратэсту: яго вызвалілі праз некалькі дзён, а ён зноў пачаў пратэсную дэманстрацыю. Адпаведна, угандыйскія ўлады чарговы раз арыштавалі Бесіг’е.


Глядзіце таксама

Сімвал вызваленчай барацьбы, які стаў дыктатарам

Адзіны ў гэтым спісе дыктатар, які ўжо памёр, — прэзідэнт Зімбабвэ Роберт Мугабэ. Мугабэ доўгі час лічыўся сімвалам вызваленчай барацьбы, але стаў тыранам. Адным з самых яркіх апазіцыянераў рэжыму Мугабэ быў Морган Цвангіраі. У 2007 годзе яго арыштавалі і моцна збілі — у бальніцы ў яго дыягнаставалі цяжкія траўмы галавы. Усё адбывалася перад чарговымі выбарамі, на якіх, вядома, перамог Мугабэ. Пасля першага тура выбараў Цвангіраі зноўку арыштавалі, і ён адмовіўся ўдзельнічаць у іх.

У 2017 годзе падчас ваеннага перавароту Мугабэ адхілілі ад улады, праз два гады ён памёр у бальніцы Сінгапура. Морган Цвангіраі так і не стаў прэзідэнтам Зімбабвэ, у 2018 годзе ён памёр ад раку.

27 гадоў за супраціў

Для любых аўтарытарных рэжымаў выбары — гэта час турбулентнасці, таму менавіта ў гэты час адбываецца масавы пераслед нязгодных. У 2017 годзе па загадзе прэм’ер-міністра Камбоджы, які ў свой час быў камандзірам «Чырвоных Кхмераў», Хун Сэна быў арыштаваны асноўны канкурэнт для кіруючай партыі Кем Соха.

Кем Соху абвінавацілі ў «дзяржаўнай здрадзе», доўга судзілі і трымалі пад арыштам. У 2023 годзе яму прысудзілі 27 гадоў пазбаўлення волі.