Святлана Ціханоўская: Дыктатараў нельга перавыхаваць і ўлагодзіць
«Я хачу, каб свет і людзі зразумелі, што дыктатараў нельга перавыхаваць, што дыктатараў нельга ўлагодзіць», — заявіла беларуская дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская на панэльнай дыскусіі, прысвечанай грамадзянскаму супраціву і ролі жанчын у барацьбе за дэмакратыю, у рамках Мюнхенскай канферэнцыі бяспекі 18 лютага.
«Цяпер я часам чую, як некаторыя палітыкі кажуць: “Можа быць, трэба даць дыктатарам тое, што яны хочуць, каб спыніць вайну ва Украіне?” Але ці спыняць такія саступкі вайну? Не. Яны нададуць дыктатарам смеласць і дадуць час, каб перагрупаваць свае сілы і ўдарыць яшчэ мацней», — цытуе дэмакратычную лідарку Беларусі «Позірк».
«Такім чынам, не думайце, што вы маеце справу з нармальнымі людзьмі, з нармальнымі палітыкамі. Іх не хвалююць ні народ, ні суседзі. Іх хвалюе толькі ўлада. І я вельмі хачу, каб дэмакратычны свет паказаў зубы», — сказала яна.
На думку Ціханоўскай, дыктатары не паважаюць дэмакратычныя краіны, «бо бачаць, што яны часам павольна прымаюць рашэнні, часам нерашучыя і разрозненыя».
«Таму яны адчуваюць межы, пераступаючы адну чырвоную рысу за другой», — адзначыла Ціханоўская.
Прэс-служба дэмлідаркі 18 лютага паведаміла аб яе сустрэчах у Мюнхене з дзяржаўным сакратаром ЗША Энтані Блінкенам, экс-дзяржсакратаром Хілары Клінтан, міністрамі абароны Латвіі і Эстоніі, былым спікерам Палаты прадстаўнікоў ЗША Нэнсі Пэлосі, кіраўніком дэмакратычнай фракцыі ў Палаце прадстаўнікоў Хакімам Джэфрысам, сустаршынём беларускага кокуса (парламенцкай групы) у ПП Джо Уілсанам, сустаршынёй беларускага кокуса ў Сенаце Джын Шахін, сенатарам Дэнам Саліванам і іншымі.
Падчас сустрэч абмяркоўвалася пытанне прызначэння спецпасланніка ЗША, якое павінна адбыцца найбліжэйшым часам.
Іншымі тэмамі былі падтрымка незалежных СМІ, грамадзянскай супольнасці, прыцягненне рэжыму Лукашэнкі да адказнасці ў Міжнародным крымінальным судзе і судзе ААН, а таксама больш эфектыўныя санкцыі супраць рэжыму і закрыццё шчылін, якія выкарыстоўваюцца для іх абыходу.