Пастухоў: Спадзяюся, што ў ШІЗА яны пойдуць з імем Пуціна на вуснах…
Наступнай буйной падзеяй у эвалюцыі пуцінскага рэжыму пасля забойства Навальнага стане праполка на паляне энтузіястаў «рускага свету», лічыць гісторык і палітолаг Уладзімір Пастухоў.

Як напісаў паэт, «Слава, Слава, Слава героям! Впрочем, им довольно воздали дани. Теперь поговорим о дряни». Гэта значыць, пагаворым пра тое, куды можа эвалюцыяніраваць пуцінская сістэма пасля смерці Навальнага і што яе чакае.
Хоць украінцы справядліва ўказваюць на дзясяткі тысяч ахвяр пуцінскай вайны ва Украіне як на самадастатковую падставу для рэфлексіі, тым не менш, забойства лідара апазіцыі, нават больш — лідара антываеннай апазіцыі, які прызнаецца такім Захадам, — гэта новы гарызонт падзення. Што будзе адбывацца з сістэмай далей, калі яна прабіла і гэтае дно?
Забойства Навальнага — гэта наступны акт разгортвання спружыны грамадзянскай вайны, якая з'яўляецца следствам шырокафарматнай «рэакцыйнай рэвалюцыі», што ажыццяўляецца пуцінскімі элітамі. Утапічная мэта гэтай «рэвалюцыі» — павярнуць рускую, а па магчымасці і ўсю сусветную гісторыю, назад.
Калі гэтая гіпотэза (а гэта пакуль толькі гіпотэза) слушная і дакладная, дык і далейшы ход падзей будзе вызначацца ў большай ступені ўнутранай логікай развіцця рэвалюцыі як з'явы больш шырокай і глыбокай, чым логікай знешняй («імперыялістычнай») вайны, як з'явы ў адносінах да пуцінскай рэвалюцыі другаснай.
Глядзіце таксама

Чаго трэба чакаць ад рэвалюцыі? Любая сапраўдная рэвалюцыя падсілкоўваецца энергіяй мас, якая разганяе рэвалюцыйны рух, у вышэйшай сваёй кропцы перарастае ў рэвалюцыйную вайну. Але гэтая энергія абмежаваная, і таму з пэўнага моманту любая рэвалюцыя, у тым ліку пуцінская, ідзе на спад незалежна ад таго, якіх вынікаў яна дасягнула.
У гэтым сэнсе ўсе рэвалюцыі адрозніваюцца толькі даўжынёй тармазнога шляху. Гэта стадыя выгарання рэвалюцыі, на якой адбываецца яе «бюракратычная крышталізацыя». У гэты момант рэвалюцыя звычайна «пажырае сваіх дзяцей». Сталін зжор такім чынам старых бальшавікоў, Гітлер — штурмавікоў Рэма.
Чыста інстынктыўна я мяркую, што забойства Навальнага з'яўляецца «столлю» для пуцінскай рэвалюцыі. Далей будзе тармазны шлях.
Хутчэй за ўсё, машына пойдзе юзам і пачне ціснуць людзей. Магчыма — але неабавязкова — зваліцца пад адхон. Інтэнсіўнасць падзей (і, вядома, тэрору) будзе нарастаць, але ўсё гэта ўжо будзе адбывацца на сыходнай траекторыі рэвалюцыі, якая перажыла сваю атруту.
Глядзіце таксама

Тое, што перавал пройдзены, людзі зразумеюць не адразу. Магчыма, трыгерам стане часовае перамір'е ў вайне з Украінай, калі яно адбудзецца. Але галоўная падзея «за перавалам» цалкам прадказальная — агонь па сваіх.
Хтосьці дасціпна параўнаў забойства Навальнага з забойствам Кірава (параўнанне хутчэй метафарычнае, чым гістарычнае).
У такім выпадку наступным ходам павінен стаць «дружалюбны агонь» узору 1937 года, агонь па апантаных адэптах пуцінскай рэвалюцыі, якія жадаюць зрабіць яе перманентнай.
Я не ведаю, што канкрэтна стане трыгерам, але практычна не сумняваюся, што наступнай буйной падзеяй у эвалюцыі рэжыму пасля забойства Навальнага стане праполка на паляне энтузіястаў «рускага свету».
Глядзіце таксама

Тыя, хто сёння, захлёбваючыся, крычыць у п'яным чадзе вечарынак у Z-клубах «Даеш тромб!», не разумеюць, што большасць з іх ужо даўно сама стала тромбам для сістэмы, ад якога яна паспрабуе пазбавіцца на найбліжэйшым гістарычным павароце.
Яны — наступныя. Спадзяюся, што ў ШІЗА яны пойдуць з імем Пуціна на вуснах…