«Адзіны з РФ падручнік па гісторыі — складовая частка паўзучай акупацыі Беларусі»

Расія ў апошнія гады праводзіць вельмі агрэсіўную палітыку ў Беларусі. Галоўным правадніком з’яўляецца ўстанова «Россотрудничество». 30 тысяч замежных студэнтаў навучаюцца ў Беларусі і прынеслі ў беларускую казну летась больш за 90 мільёнаў долараў. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка падчас апошняй нарады па пытаннях вышэйшай адукацыі.

1206387.webp

Адукацыйныя тэзісы, як і ўсё астатняе, што агучвае Лукашэнка, патрабуюць абавязковай верыфікацыі. Выданне bgmedia.site паспрабавала разабрацца са старшынёй камісіі па адукацыі, навуцы Каардынацыйнай рады Паўлам Церашковічам, што тут праўда, а што палёт фантазіі.

— Прамільгнула інфармацыя, што кожны год з беларускіх ВНУ выключаюць каля 8 тысяч студэнтаў і яшчэ прыкладна столькі ж сыходзяць адтуль добраахвотна. Дык што адбываецца з колькасцю студэнтаў?

— Ведаю, што ўніверсітэты хацелі б, каб усе 100 адсоткаў студэнтаў закончылі сваю вучобу. Іншая справа, што зараз за вышэйшай адукацыяй ідуць амаль усе, але далёка не ўсе здольныя вучыцца. Адлічэнне студэнта — гэта выключная сітуацыя для ўніверсітэта, кіраўніцтва ВНУ заўсёды змагаецца з асабліва прынцыповымі выкладчыкамі, якія ставяць адзнакі ніжэйшыя за чатыры балы. А тое, што далёка не ўсе студэнты здольныя асвоіць навукі і сыходзяць, тое праўда.

— На нарадзе прагучала яшчэ лічба: «экспарт адукацыйных паслуг» летась склаў 90 мільёнаў долараў. Гэта многа ці мала, асабліва ў параўнанні з дарэвалюцыйнымі часамі (з 2020 годам)?

— Экспарт — вельмі прыгожая назва, хаця ва ўсім свеце гэтая з’ява называецца «студэнцкай мабільнасцю», ці прыцягненнем замежных студэнтаў. Не ведаю, хто пісаў тэкст выступлення для  Лукашэнкі, у якім прагучала гэтая лічба: 30 тысяч замежных студэнтаў вучыцца ў Беларусі. Такой колькасці ніколі не было, максімум было 18 тысяч. Відаць, што студэнтаў лічыць, што кароў лічыць — абавязкова трэба нешта прыпісаць, каб добра выглядала.

Сапраўды, колькасць студэнтаў з Туркменістана становіцца меншай, бо там вырашылі, што Беларусь — небяспечнае для іх месца, але больш становіцца кітайскіх студэнтаў. Разгадаць кітайскі інтарэс цяжка, трэба адмыслова займацца праблемай: ці то ў Кітаі рыхтуюць далейшую экспансію ў Беларусь, ці справа ў іншым. Але магу сказаць (і са свайго досведу, і з вопыту маіх калег), што кітайскія студэнты не надта адрозніваюцца ад туркменаў. Я заўсёды лічыў, што кітайцы — разумныя людзі, і статыстыка сведчыць, што іх IQ самы высокі ў свеце. Дык такое ўражанне, што ў Кітаі праводзяць адмысловыя антырэйтынгі, бо вельмі часта ў Беларусь прысылаюць абсалютна няздольных людзей, якія губляюць тут і свае гады, і, часцей за ўсё, бацькоўскія грошы. Яны лічацца студэнтамі, але не вучацца.

Прагучала яшчэ адна заява з вуснаў міністра Іванца пра прыцягненне расійскіх студэнтаў. Праблема ўвогуле вельмі сур’ёзная. Лукашэнка казаў, што трэба вучыцца тут, а туды нельга ездзіць. Але куды нельга ездзіць, ён не ўдакладніў: ці можна вучыцца ў Расіі, ці нельга.


Глядзіце таксама

Але гэта вельмі сур’ёзная праблема. Расія ў апошнія гады праводзіць вельмі агрэсіўную палітыку ў Беларусі. І праводзіць яе ўстанова «Россотрудничество»: менавіта яна займаецца рэкрутынгам студэнтаў. «Россотрудничество» ў Беларусі мае больш сваіх прадстаўніцтваў, чым у любой іншай краіне: было тры, а зараз збіраюцца адкрываць ужо чацвёрты Рускі дом. Хаця звычайна ў краіне знаходжання налічваецца максімум два такія Рускія дамы. І паглядзіце: з 2018 года колькасць стыпендый, якія дае «Россотрудничество» беларусам (а стыпендыя цалкам пакрывае ўсё навучанне і нават пражыванне ў інтэрнаце), павялічылася ў 17 разоў! У мінулым годзе выдадзена 1300 стыпендый.

Я звярнуў увагу на выступленне рэктара БДУ Караля, які вельмі нервова рэагаваў на тое, што беларусы могуць масава паехаць у Расію. І калі Лукашэнка кажа пра гэта, то ўзнікае пытанне: куды нельга ездзіць?

А вось Іванец, з другога боку, прапанаваў, каб рускія студэнты паступалі на бюджэт беларускіх ВНУ, каб потым працаваць па размеркаванні ў Беларусі (у якасці прыза, ці што?). Не ведаю, каго можна прывабіць такой перспектывай — адпрацоўваць у беларускай сельскай гаспадарцы?

Дарэчы, не назаву дакладныя лічбы, але нават у суседніх Літве ці Латвіі вучыцца значна больш замежных студэнтаў, чым у Беларусі. Нават у такіх краінах, як Грузія, замежных студэнтаў куды больш, чым у Беларусі. Так што яшчэ трэба праверыць: ці сапраўды экспарт прынёс 90 мільёнаў долараў, ці гэтая сума існуе толькі на паперы? З упэўненасцю можна казаць, што колькасць замежных студэнтаў мізэрная для Беларусі.

— Зусім нядаўна з’явілася навіна, што хутка падрыхтуюць сумесны падручнік па гісторыі «Саюзнай дзяржавы». Што гэта за звер і для чаго ён патрэбны?

— Гэта складовая частка паўзучай акупацыі Беларусі, гэта абсалютна зразумела. Войны вядуцца не толькі шляхам захопу тэрыторый, устанаўленнем кантролю над войскам ці падатковай сістэмай, — гэта кантроль над гістарычнай памяццю. Відавочна, што весці рэй будуць менавіта рускія гісторыкі, менавіта яны будуць пісаць гэтыя падручнікі. Бо беларусістыкі як асобнага кірунку гістарычнай навукі ў Расіі апошняе дзесяцігоддзі не існавала, няма там спецыялістаў, якія б займаліся нашай гісторыяй, гісторыяй Вялікага Княства Літоўскага.