Куды падзеўся мільён жыхароў Беларусі?

Тэлеграм-канал «Беларуская выведка» 11 лютага паведаміў, што па даручэнні Лукашэнкі Аператыўны аналітычны цэнтр прааналізаваў дэмаграфічную сітуацыю ў Беларусі, і выявілася страшнае. На тэрыторыі краіны пастаянна жыве менш за 8 мільёнаў чалавек. Адкуль такія лічбы?

_belarus_zyccjo_emihracyja_fota_novy_czas_logo.jpg

«Беларуская выведка» піша, што даследаванне ААЦ працягвалася чатыры месяцы. Нібыта вывучаліся «білінгі GSM-аператараў, транзакцыі банкаўскіх карт, аплаты камунальных рахункаў, заробкі, плацяжы ў бюджэт, медбюлетэні, наведвальнасць ВНУ, атрыманне дзяржпаслуг, дапамог і пенсій, перасячэнне меж, транзакцыі плацежных сістэм з-за мяжы» і г.д. Таксама ўлічвалася статыстыка нараджальнасці і смяротнасці.

У выніку «са статыстычнай дакладнасцю» выявілася, што на 1 студзеня 2024 года ў Беларусі пастаянна пражывалі ўсяго 7,87 мільёна грамадзян, пры гэтым 4,2 млн з іх з'яўляюцца фактычнымі ўтрыманцамі — пенсіянеры, інваліды і дзеці да 18 гадоў.

«Каля мільёна беларусаў пастаянна пражываюць за межамі нашай краіны, пры гэтым не заяўляюць аб пастаянным пражыванні за мяжой (хутчэй за ўсё ўжо не вернуцца)», — адзначае тэлеграм-канал.

Паведамляецца, што калі Лукашэнку азнаёмілі з гэтымі лічбамі, яго першай рэакцыяй былі словы: «Гэтага не можа быць». Але праз нейкі час дыктатар заявіў іншае: «Дасвідос, мы нікога не трымаем».

Але ці сапраўды ўсё так дрэнна ў Беларусі з дэмаграфіяй?

Тут адразу паўстае пытанне даверу да крыніцы. «Беларуская выведка» — ананімны канал. Ён спраўна публікуе інсайды аб унутранай кухні рэжыму, і не ўсе з іх выглядаюць праўдападобна. Але ёсць і тыя, што спраўджваюцца. Напрыклад, 5 лютага менавіта гэты канал першым распавёў пра масавыя затрыманні ў Дэпартаменце фінансавых расследаванняў КДК — чысткі праводзіць КДБ, хапаюць высокапастаўленых афіцэраў. Праз тры дні гэта пацвердзіла «Наша Ніва» са спасылкай на тры свае крыніцы. То-бок інфармацыю знутры сістэмы тэлеграм-канал мае, таму да яго публікацый варта ставіцца з увагай.

То давайце ўявім, што ў Беларусі сёння сапраўды стала жыве толькі 7,87 мільёна чалавек. Адразу ўзнікае пытанне, куды ж падзеўся больш за мільён з тых 9,2 млн, аб якіх Белстат справаздачыўся на пачатак 2023 года?

Па-першае, адно другому не супярэчыць. Бо можна не жыць у Беларусі і трапляць у афіцыйную статыстыку. Шмат якія эмігранты захавалі беларускую рэгістрацыю па месцы жыхарства, маюць там маёмасць і банкаўскія рахункі. Нават аплочваюць беларускую сімку, таму што не хочацца губляць нумар. Фізічна яны ўмоўна ў Польшчы, а бюракратычна застаюцца на радзіме.

Па-другое, у «страчаны мільён» відавочна трапляюць не толькі тыя, хто з’ехаў у адзін канец, але і людзі, якія ездзяць за мяжу на заробкі.

Па-трэцяе, важна памятаць, што большасць даследаванняў, прысвечаных эміграцыі з Беларусі пасля 2020 года, не закранаюць адзін вельмі важны кірунак — Расію. Ёсць больш-менш рэлевантныя лічбы — недзе 200-300 тысяч — адносна з’ехаўшых у Польшчу, Літву і іншыя дэмакратычныя дзяржавы. Наконт РФ звестак няма. Гэта тэра інкогніта.

Пры гэтым, нягледзячы на вайну, беларусы там актыўна працаўладкоўваюцца. Гэтаму спрыяюць адсутнасць юрыдычных бар’ераў паводле правіл ЕАЭС, моўнае асяроддзе, больш высокія заробкі, прынамсі, у Маскве і Пецярбургу. Так, сёння гэта краіна-агрэсар, але чалавек — істота гнуткая. Нават украінцы ўладкоўваліся ў РФ пасля 2014-га, калі расійцы захапілі Крым і частку Данбаса.

У сакавіку 2023 года Белстат паведаміў, што ў 2022-м за мяжой працавалі 96 тыс. беларусаў. Даныя відавочна заніжаныя, бо ведамства абмежавана ў атрыманні звестак па такім пытанні. Тым не менш варта звярнуць увагу на прапорцыю: паведамлялася, што 68,7% беларусаў знайшлі працу менавіта ў РФ. Неаднаразова адзначалася, што праз падзенне курса расійскага рубля Расія губляе папулярнасць у беларускіх «гастарбайтараў», але, як бачым, людзей туды па-ранейшаму едзе шмат. Будаўнікі, кіроўцы, айцішнікі і г.д.

Дзяржаўныя прафсаюзы яшчэ да выбараў білі ў званы: паведамілі, што толькі за дзевяць месяцаў 2019-га ў РФ на працу выехалі больш за 100 тысяч беларусаў. Калі кожны год па 100 тыс., то статыстыка атрымліваецца сумная.

Летась увесну дырэктар Дэпартамента працоўнай міграцыі і сацыяльнай абароны ЕАЭС Алтынай Амурбекава распавяла, што ў 2022 годзе ў Расіі працавалі 174,3 тысячы грамадзян Беларусі. Гэта зноў жа афіцыйныя даныя, насамрэч лічбы большыя. У дадатак некаторыя пераязджаюць з сем’ямі.

Яшчэ больш унушальныя звесткі прывёў напрыканцы 2022 года пралукашэнкаўскі і пракрамлёўскі «Спутнік Беларусь». Паводле яго даных, у РФ на той момант зараблялі грошы 430 тысяч беларускіх грамадзян. І гэта быў чацвёрты паказчык пасля ўзбекаў, таджыкаў і кыргызаў.

Са статыстыкі, якая можа ўскосна сведчыць пра маштабы міграцыі ва ўсходнім напрамку, цікавая і вось такая: у мінулым годзе ў Расіі праходзілі навучанне 12,5 тысяч студэнтаў з Беларусі. Адметна, што па гэтым паказчыку РФ пераўзыходзіць нават вельмі папулярную для нашых суайчыннікаў Польшчу — там летась навучалася 11,4 тысячы студэнтаў з беларускімі пашпартамі.

З усяго гэтага можна зрабіць выснову, што ў Расію сапраўды з’ехалі сотні тысяч беларусаў. І тады прыведзеныя лічбы, паводле якіх у краіне засталося менш за восем мільёнаў чалавек, выглядаюць слушнымі.

Самая кепская навіна для Лукашэнкі тут — ён ніяк не можа на гэта паўплываць. З Польшчай і Літвой усё зразумела: туды можна ўвогуле забараніць выезд. Закрыць межы ды ўсё. Забараніць вывучэнне польскай мовы, узмацніць паляванне на ўладальнікаў «карты паляка»… Хапае метадаў.

А вось супраць Расіі рэжым нічога не ў стане зрабіць. Захоча беларускі лекар пераехаць у Піцер, дзе знайшоў цёплае месца ў прыватным медцэнтры, і нічога ўлады ў Мінску яму насуперак не скажуць. Бо ЕАЭС, Саюзная дзяржава — роўныя правы на працу і ўсё такое. Па палітыцы да мяне пытанняў няма? То «дасвідос», як вы самі кажаце.

Адзінае, што можна супрацьпаставіць працоўнай эміграцыі, — гэта добрыя ўмовы і годныя, канкурэнтныя заробкі. Але на гэта Беларусь перыяду позняга лукашызму аніяк не здатная. Таму людзі з краіны працягнуць з’язджаць — як на Захад, так і на Усход.