Культ гвалту vs культ ненасілля
Свет сёння расколаты па розных пазіцыях і ў розных праекцыях, і адзін з такіх глабальных падзелаў — у стаўленні да гвалту. Пра гэта разважае гісторык і палітолаг Уладзімір Пастухоў.
Два самыя буйныя за апошнія паўстагоддзя крызісы — спачатку ва Усходняй Еўропе, а затым на Блізкім Усходзе — выявілі глабальную палярызацыю паміж прыхільнікамі двух культаў: культу гвалту і культу ненасілля.
З некаторай нацяжкай гэтую палярызацыю можна назваць новым ідэалагічным (квазірэлігійным) расколам, які адбыўся не па той лініі, дзе яго чакалі. Ён абазначыўся практычна паўсюдна, але больш за ўсё ў грамадствах заходняга тыпу. Калі вайна ва Украіне выявіла там наяўнасць вялізнага пласта адэптаў культу гвалту, для якіх Пуцін з'яўляецца палітычным узорам, то вайна на Блізкім Усходзе выявіла прысутнасць там жа не меншага пласта адэптаў культу ненасілля, для якіх Ізраіль з яго сілавой рэакцыяй на агрэсію ператварыўся імгненна ў палітычнага enfant terrible, а ХАМАС з'яўляецца ахвярай нематываванага і непрапарцыйнага гвалту.
Цікава, але зусім не дзіўна, што прыхільнікі абодвух культаў у практычных пытаннях часта дзейнічаюць, не дамаўляючыся, у адным кірунку — яны такія розныя, але ўсё ж такі яны разам.
Так, агрэсію Пуціна ва Украіне падтрымліваюць як еўрапейскія крайнія правыя, якія вызнаюць культ гвалту, так і еўрапейскія разнастайныя левыя, гатовыя апраўдаць любую дэструктыўную актыўнасць, якая падрывае, на іх думку, асновы амерыканскага імперыялізму.
Гэтак жа ў акцыях у падтрымку ХАМАС (хоць бы і ў Гарвардзе) мы бачым нароўні са шматлікімі праарабскімі арганізацыямі, што адкрыта выступаюць за тэрор супраць ізраільцян, нямала лявацкіх «гуманістычных» сект, якія лічаць, што тэрор супраць габрэяў апраўданы як «другасны», гэта значыць як адказ на тэрор, які раней меў месца з боку Ізраіля.
Такая палярызацыя і бачны рост колькасці прыхільнікаў абедзвюх сект прыводзяць на справе да паралічу традыцыйных дзяржаўных інстытутаў.
Сучасная дзяржава як бы правальваецца ў гіганцкі разлом, які ўтварыўся ў грамадстве з прычыны гэтага ідэалагічнага расколу.
У той час, як прыхільнікі «ненасілля» паралізуюць любыя намаганні традыцыйнай дзяржавы да ўжывання «прававога гвалту», іх апаненты запаўняюць пралом, які ўтварыўся, прапагандай «няправага гвалту».
Як следства, роля дзяржавы скарачаецца, нібы шчыгрынавая скура, і прастору, якая вызвалілася, займае першабытны хаос.
Дзяржава кідаецца: то пасуе пад націскам прыхільнікаў ненасілля — і бяздзейнічае там, дзе трэба неадкладна прымяніць сілу (у асноўным паліцэйскую, а то і ваенную), то пачынае ўжываць гэтую сілу бяздумна і без нагоды — таму што саступае тым, хто ў гвалце бачыць рашэнне ўсіх праблем.
Спачатку бяздзейнасць прыводзіць да таго, што праблема ператвараецца ў злаякасную пухліну (накшталт таго, што адбылося ў Газе), а потым ініцыятыва пераходзіць да тых, хто не бачыць ужо іншага выйсця, як знесці ўсё да «ядзернай мацеры».
Па выніку тое, што здавалася трыгерам (вайна ва Украіне, у Ізраілі), ператвараецца ў следства. Чым даўжэй цягнуцца гэтыя войны, тым больш відавочна становіцца, што праблема – не лакальная, а глабальная, і не столькі знешняя, колькі ўнутраная.