Мінабароны РФ на паперы замацавала за зняволенымі статус «гарматнага мяса»
Афіцыйнае Палажэнне Мінабароны РФ аб атрадах «Шторм Z» забараняе змешваць асуджаных з вайскоўцамі на полі бою (нават у моргах іх целы не павінны ляжаць побач), дазваляе расстрэлы ды згадвае загараджальныя атрады. З дакументам азнаёміліся журналісты выдання «Важныя гісторыі».
Палажэнне Мінабароны РФ «Аб штурмавых ротах Z» распаўсюдзіла ў закрытай рассылцы OSINT-супольнасць Frontelligence Insight. Адзін з яе аўтараў сцвярджае, што знаходзіцца ў рэзерве УСУ.
Як дакумент аказаўся ў OSINT-аналітыкаў, невядома. У красавіку асобныя вытрымкі з Палажэння выкарыстаў у сваім дакладзе Амерыканскі інстытут вывучэння вайны (ISW).
Выведка Вялікабрытаніі ў сваёй зводцы ад 24 кастрычніка прыйшла да высновы, што атрады «Шторм Z» сталі штрафнымі падраздзяленнямі для зняволеных, хоць першапачаткова ствараліся як элітныя злучэнні. Верагодна, брытанскае Мінабароны таксама азнаёмілася з гэтым дакументам.
- Вытрымка Палажэння Мінабароны РФ
Згодна з Палажэннем, роты або атрады «Шторм Z» фарміруюцца толькі са зняволеных, пры гэтым «спецкантынгент» (так у дакуменце называюць асуджаных) з розных месцаў зняволення нельга змешваць паміж сабой і з іншымі вайскоўцамі. У спісе іх задач — штурмавыя дзеянні ў гарадской забудове і на складанай мясцовасці.
На падрыхтоўку зняволеных да вайны адведзена толькі 10–15 сутак, гаворыцца ў дакуменце. Трэніроўкі ідуць у тры этапы: ад індывідуальнай падрыхтоўкі да зладжвання ўзводаў.
Згодна з Палажэннем, кантракт са зняволеным можна заключыць на паўгода. Пакінуць поле бою баец такога атрада можа толькі ў выпадку цяжкага ранення або смерці. Першасная медыцынская дапамога байцам такіх атрадаў належыць толькі «ў аб'ёме сама- і ўзаемадапамогі», пры гэтым у іх прадугледжаны медыцынскія аддзяленні з кіроўцы, санітара і камандзіра.
- Вытрымка Палажэння Мінабароны РФ
«У суправаджальных дакументах параненых і хворых указваць як «катэгорыя К», — сказана ў дакуменце. Раней было вядома толькі пра тое, што літарай «К» зняволеных пазначае ПВК «Вагнер». Таксама Палажэнне загадвае захоўваць трупы загінулых зняволеных у моргах толькі асобна ад трупаў вайскоўцаў Узброеных сіл РФ.
Камандзірам такіх штурмавых атрадаў дазваляецца ствараць падабенства загараджальных атрадаў і канвою з ваеннай паліцыі для байцоў з ліку асуджаных.
«З моманту перадачы асабовага складу прадстаўнікамі УФСВП прадстаўнікам часткі [камандзіры] абавязаны арганізаваць сіламі падраздзяленняў ваеннай паліцыі суправаджэнне добраахвотнікаў, іх ахову і захаванне воінскай дысцыпліны», — абвяшчаюць прадпісанні.
- Вытрымка Палажэння Мінабароны РФ
Таксама дакумент Мінабароны РФ дазваляе расстрэлы байцоў «Шторм Z»: «[камандзіры] пакідаюць за сабой права ўжываць зброю для аднаўлення дысцыпліны і парадку ў выпадку адкрытага непадпарадкавання».
Пасля сканчэння кантракта можна атрымаць акт аб памілаванні, затым «добраахвотнік» можа падпісаць новы кантракт або «сваімі сіламі» вярнуцца ў Расію.
З Палажэння таксама вынікае, што першыя «Штурмавыя роты Z» пачалі фарміраваць у кастрычніку мінулага года і скончылі гэтай вясной.
Пры гэтым вербаваць зняволеных Мінабароны пачало прыкладна ў лютым 2023 года — тады ж гэта забаранілі рабіць ПВК «Вагнер». «Рота Z» са 100 чалавек дадаецца да штурмавых атрадаў для нарошчвання колькасці.
Нягледзячы на прадугледжаны Палажэннем кантракт на 6 месяцаў, зняволеных з гэтых падраздзяленняў часам прымушаюць падпісаць новыя кантракты з Мінабароны РФ і адпраўляюць у турмы за адмову, пісаў канал «ASTRA». Акрамя таго, на так званыя «мясныя штурмы» ў складзе атрадаў «Шторм Z» часам адпраўляюць мабілізаваных і добраахвотнікаў іншых падраздзяленняў.