Фонд «Клуні за справядлівасць» расследуе расійскія ваенныя злачынствы ва Украіне

У кастрычніку 2023 года Фонд «Клуні за справядлівасць» (CFJ), няўрадавая арганізацыя, заснаваная Амал і Джорджам Клуні, падаў у Федэральную пракуратуру Германіі тры пазовы з патрабаваннем расследаваць злачынствы, учыненыя ва Украіне.

Руіны Марыупаля. Фота з telegram марыупальскага гарадскога савета

Руіны Марыупаля. Фота з telegram марыупальскага гарадскога савета


Фонд «Клуні за справядлівасць» (CFJ) прадстаўляе інтарэсы 16 пацярпелых і сем'яў ахвяр. Заявы тычацца злачынстваў, учыненых расійскімі жаўнерамі на тэрыторыі Украіны пасля поўнамаштабнага нападу Расіі 24 лютага 2022 года.

З самага пачатку вайны «Docket» — асобны праект Фонду Клуні, які складаецца з міжнародных юрыстаў і следчых, збіраў доказы і рыхтаваў матэрыялы, падрабязна апісваў злачынствы, учыненыя расійскімі войскамі на тэрыторыі Украіны.

Праца «Docket »уключала шматлікія палявыя расследаванні ва Украіне, а таксама шырокі аналіз звестак з адкрытых крыніц. 

Сабраныя доказы былі выкарыстаны для ўзбуджэння справы ў Германіі ў адпаведнасці з прынцыпам універсальнай юрысдыкцыі.

Як адзначае CFJ, усе тры справы былі распачаты супраць камандзіраў вышэйшага і сярэдняга звяна, вызначаных у якасці імаверных падазраваных.

Як тлумачыць CFJ, «калі нямецкія ўлады палічаць доказы, прадстаўленыя супраць канкрэтных людзей, пераканаўчымі, яны могуць пачаць крымінальнае расследаванне і выдаць ордэр на арышт падазраваных, што дазволіць правесці іх затрыманне, экстрадыцыю і судовы пераслед. Ордэры на арышт могуць быць выкананы ў краінах за межамі Германіі праз сістэмы Еўрапола і Інтэрпола. Міжнародны крымінальны суд таксама можа выдаваць ордэры на арышт галоўных падазраваных».

Нямецкія суды займаюць лідзіруючыя пазіцыі ў свеце па расследаванні міжнародных злачынстваў у адпаведнасці з прынцыпам універсальнай юрысдыкцыі – гэта значыць, злачынстваў, учыненых за межамі Германіі незалежна ад грамадзянства падазраваных ці пацярпелых.

Яны расследавалі злачынствы, учыненыя забароненай у многіх краінах свету групоўкай «Ісламская дзяржава» супраць езідаў — этнаканфесійнай меншасці ў Іраку.

Паводле ВВС