Слухайце 13 электронных музычных гісторый з Беларусі і дапамагайце палітвязням!
Беларусы і беларускі шукаюць розныя магчымасці дапамагаць адно аднаму ў нашай агульнай бядзе. Нават праз музыку.
На стрымінгавых пляцоўках выйшла складанка «Belarus Outside Sound System». Увесь прыбытак ад праслухоўванняў і дыстрыбуцыі пойдзе ў фонд салідарнасці «BYSOL».
У альбоме сучасныя электронныя беларускія прадзюсары даследуюць сваю нацыянальную ідэнтычнасць. Яны расказваюць асабістыя гісторыі праз электронную музыку ў розных стылях — house, ambient, dram’n’bass, disco, trap, somatic techno, future-bass і EDM.
У складанцы «Belarus Outside Sound System» можна пачуць голас мінскага метро, гукі балота Ельня, тую самую «Калыханку» пра аблачынку і дзяўчынку, галасы Марыі Калеснікавай і Якуба Коласа.
«Унікальнае і арганічнае спалучэнне тлустага баса, нейроннай сеткі і голасу класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа. Каб штучны інтэлект агучыў вершы «Восень» і «Зорка», я надрукаваў тэксты лацінкай, а нейронная сетка прачытала іх быццам па-англійску», — расказвае музыка «0xb1tb0y» пра свой трэк «Majo Sviata».
Праз пагрозу пераследу большасць аўтараў(-ак) выдалі свае трэкі пад выдуманымі адмыслова для праекта псеўданімамі.
Слухайце альбом на ўсіх пляцоўках па гэтай спасылцы і падтрымлівайце беларускіх палітвязняў і іх сем’і.