2023-ці ў навушніках. 10 годных трэкаў беларускіх выканаўцаў, што разбіваюць сэрцы
Туга па радзіме, прыгоды ў эміграцыі, зорныя летнія ночы і нагадванне набыць даляры — пра што спявалі беларускія выканаўцы ў адыходзячым годзе? «Сустрэнем зіму, на жаль, я не прыеду…» Гэта не слёзы, гэта сняжынка ў вока трапіла!
Naviband — Поезд
Надзвычай мяккі і прыемны трэк-падарожжа па Беларусі з абсалютна ідэальным кліпам, зробленым на Endless-paper палатне мастачкай Алёнай Катоўскай. Аўтары адпраўляюць нас у вялікую маляваную вандроўку на цягніку, што адбывае з Мінскага вакзала і кружыць па ўсёй краіне: ад вакзалаў і спадчыны рэгіёнаў да выбітных выступаў «Naviband».
Ксюша і Арцём спяваюць пра развітанне з любымі мясцінамі і, агулам, Беларуссю. Асабліва чапляюць радкі пра непрадказальнасць падзей, якая цяпер запоўніла лёс ды жыцці беларусаў з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, што застаюцца ў краіне ці мяняюць месца жыхарства з хуткасцю святла.
«Смяюся, а ў горле ком,
Дзе заўтра будзе мой дом?»
Šuma — Kupalinka
Легендарная «Купалінка» паэтычнай апрацоўкі Міхася Чарота ў выкананні «голаса мінскага вакзала» Русі — салісткі беларускага этна-гурта «Šuma».
Нягледзячы на тое, што народную песню на працягу стагоддзя выконвалі мноства беларускіх спявакаў і гуртоў, аўтарская версія «Šuma» дакладна з’яўляецца найбольш сучаснай і візуальна прывабнай. Кліп, створаны беларускай дыяспарай Варшавы, быццам на тысячу адсоткаў перадае аўтэнтыку купальскай ночы. Чароўная прырода, вышыванкі з арнаментам, блуканні па лесе — кожная дэталь стварае шарм спрадвечных беларускіх традыцый. Прыемнай разыначкай стала і тое, што акрамя Русі ды іншых гераінь гэтага шэдэўра, у кліпе зняўся журналіст «KYKY» Глеб Сямёнаў.
«Купалінка-купалінка, цёмная ночка,
Цёмная ночка, а дзе ж твая дочка?»
Лера Яскевіч — Сустрэнем зіму
Апошнія трэкі Леры прысвечаны вымушанай эміграцыі і сумаванні па родных: шмат з іх выкананы на расійскай мове, але заўсёды чапляюць за жывое. Абавязкова паслухайце цудоўныя «Не забываю», «Ещё один год» і «Февраль»: у апошнім выканаўца спявае пра поўнамаштабнае ўварванне Расіі ва Украіну:
«Я не хочу так жить, я не хочу так жить,
И НИКТО В СВОЁМ УМЕ не хочет так жить...
Но есть те, кто не встретил весны,
Не услышал родных, не исполнил мечты.
Не молчи, а кричи:
Не надо войны, не надо войны!»
Напрыканцы снежня Лера нарэшце выпусціла адменны рэліз на беларускай мове. Гэта цёплы ды ўтульны трэк, каб пасядзець з кубачкам гарбаткі падчас марознай завірухі за акном. А яшчэ можна крыху (ці не) паплакаць.
«Сустрэнем зіму, на жаль, я не прыеду…»
Emigrant Song — Leibonik
Калі ў вас усё меней +375 у тэлефоне, ёсць звычка разглядаць ляпніну ў «Беларусіан лайбрарі оф Фрэнцыс Скарына» і піць настоечку ў «Шнэкуцесе», вы дакладна чулі гэты трэк!
Абсалютны хіт 2023 Сяргея Башлыкевіча, што абляцеў калі і не Беларусь, то беларускаю дыяспару ў кожнай дзяржаве свету. Dobry wieczór, labas vakaras, გამარჯობა, паважаныя сябры і сябровачкі!
«Мала хто разлічваў на такія вось прыгоды —
Выязджаў на паўгады, а атрымалася на годы.
Ну пашырыш гарызонты, ну такой бяды —
Выязджаў на пару год, а ад’езаў назаўжды».
Прызнавайцеся, яшчэ памятаеце ўзор мапідаўскай шпалеры?
Бачу ўпершыню — Давай запомнім наша лета
Надзвычай утульны трэк ад Алеся Снега і Уладзя Лепяшынскага, каб атрымліваць асалоду ад кожнага імгнення лета.
Калі раптам шукаеце аўдыясцежку для вынікаў года, забірайце на здароўе, але не забывайце адзначаць аўтараў!
«Я яшчэ даганяю травень,
А ты ўжо ў жніўні.
Гарады з табою на ты,
І паветра дыхае намі».
CHEEV — Більше немає крил
Беларуска-ўкраінскі спявак Уладзіслаў Чыжыкаў з Магілёўшчыны гэтым лістападам выпусціў новы альбом «Noir». Адным з найбольш яскравых і папулярных трэкаў стала кампазіцыя «Більше немає крил», у якім аўтар закрануў тэму эмацыйнага выгарання. Відэа ў цёмна-чырвоных колерах разгортваецца ў адной лакацыі, дзе галоўны герой супрацьстаіць свайму альтэр эга, а эмацыйная стабільнасць дае бой роспачы.
«У песні "Більше немає крил" я вырашыў закрануць тэму эмацыйнага выгарання і бяссілля. Яна пра тое адчуванне, калі ты маральна выціснуты, а колеры вакол цябе становяцца не такімі яркімі, як раней», — пракаментаваў новую песню CHEEV.
«І коли палаєш так сильно,
Пізно помітиш, що ти вже згорів».
Разбітае сэрца пацана — Ровар
Уцёкі ад ДАІшнікаў, мастацтва з цюкоў саломы, пасадка самалёта Ryanair і шэнген у кожны пашпарт — Дзяніс Тарасенка едзе на ровары ды самых вытокаў праз крынжовыя падзеі лукашэнкаўскай Беларусі.
«Гэта настолькі сумная песня, проста плакаць хочацца», — адзначаюць у каментарах пад відэа. І сапраўды, рэжысёрцы Караліны Паляковай удалося выдатна перадаць увесь сум, які з горам перажывае наша краіна апошнія трыццаць гадоў. Тым не менш вайб у кліпа неверагодна пацешны, хаця, дзеля справядлівасці, у працэсе разабраць цяжка, ці то слёзы смеху, ці то істэрыкі, ці то болю.
«Мой фікус палівай,
Мой прыкус вспамінай
Пры першай жа вазможнасці
Ты доллары купляй».
(трасянка)
LEAR — Маветон
Моцны трэк пра нездаровыя адносіны, павагу да сябе і сапраўдныя каштоўнасці.
«Часта мы дазваляем сабе грэблівае стаўленне да нас, хочацца навучыцца адстойваць сябе і свае асабістыя межы», — піша Lear на сваёй старонцы ў Instagram.
Адзначым цудоўны голас, вельмі прыемнае гучанне і гарны змест, які не толькі зарадзіць вас па шляху дадому, але і дакладна дапаможа ў цяжкую хвіліну.
«Хопіць губляць звышкаштоўны час.
Я ўсвядоміла кожнае слова,
Я добра ведаю сваю каштоўнасць».
Palina — Саломкі
Сёлета Паліна Паланейчык выпусціла новы альбом, складзены з 10 трэкаў, два з якіх напісаныя на беларускай мове. Кампазіцыя «Саломкі» прыемна здзівіла сваім спалучэннем электроннай і фолк-музыкі.
«У альбоме сабраныя песні з розных адчуванняў і перыядаў майго жыцця. Ёсць пра цяжкія падлеткавыя драмы і нуду па іх. Ёсць пра бессэнсоўнасць, пра сваіх, пра дэсерт, пра саломку. Ёсць пра нейкія малаважнасці, якія раптам дазваляюць трымацца на плаву. Чамусьці шмат гітар, труб, сірэн і сцвярджальных выказванняў аб каханні. Маўляў, жыць, вядома, вельмі складана, але я ўсё роўна гэта кахаю і ўдзячная таму, што маю», — адзначыла Palina.
«Каб я ведала, як жыць,
спявала б як салоўка.
Усё адно баліць,
А што з таго толку?»
Lavon Volski — Čakaj miane
Кампазіцыя прысвечана беларусам, якія трапілі ў палон рэжыму за сваю годнасць і цяпер знаходзяцца за высокімі мурамі вязніц.
«Кожнаму зьняволенаму вельмі хочацца, каб яго чакалі, каб на яго не забываліся, каб пра яго думалі — штодзень, штогадзіну, штохвіліну. І, калі вельмі чакаць, дык абавязкова дачакаесься», — адзначаецца пад відэа.
У здымках кліпа прынялі ўдзел больш за 30 былых палітвязняў, сярод якіх Дар'я Чульцова, Алег Груздзіловіч, Алана Гебрымарыям, Леанід Судаленка ды іншыя.
«Распавядзіце мне, як жыць, прапагандысты!
Распавядзіце мне, як жыць!»