«Пагоня» vs дзяржаўны гімн: музыка сапраўднага і штучнага

Мастацтва (калі гэта не прапаганда), заўсёды займае бок праўды. Арцём Вінаградаў піша для «Нашего мнения» пра тое, як музыка стварае наратывы падчас пратэстаў і вайны.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Вайна ніколі не абыходзілася без музыкі. З самых першых дзён, калі з'явіліся войскі, ваенныя манеўры, вучэнні і ўсё, што звязана з забойствамі сабе падобных, музыка ішла побач. Барабаны, флейты, горны гучалі падчас ваенных парадаў, адзначаючы парадак праходжання войскаў і надаючы ўрачыстасці падзеі, для рознага кшталту парадаў былі асобныя віды музычнага суправаджэння. Яна вызначала тактыку на полі бою і на флоце, наступу, адступлення, жыцця ў лагеры ў перапынках паміж баявымі дзеяннямі (адбой, трывога, пад'ём), была неад'емнай часткай ваеннага жыцця.

Яна заўсёды выкарыстоўвалася падчас цырымоній узнагароджання, памінальных службаў. Амаль заўсёды, калі думаеш пра вайну, згадваеш ваенныя песні тых гадоў. Ваенная музыка стала часткай калектыўнай культуры краін. Яна заўсёды выклікала вялікі грамадскі і гістарычны інтарэс. Акрамя таго, ваенная музыка ўварвалася ў свет класічных твораў. У гонар канкрэтных бітваў, перамог і канфліктаў былі створаны грандыёзныя творы. У прыватнасці, уверцюра Чайкоўскага «1812 год», напісаная ў гонар перамогі Расійскай імперыі над Францыяй. Аднак сімбіятычныя адносіны паміж музыкай і вайной — гэта не проста ваенны аркестр, які грае марш, або аркестравыя творы, якія суправаджалі ваенны поспех. Разам з паэзіяй часта яна была дамінуючым культурным прадуктам вайны і ваеннай службы. Тыя, хто ваяваў, і тыя, хто пра іх пісаў, выкарыстоўвалі мелодыі і песні як суцяшальны або падбадзёрвальны сродак, як палітычная заяву, як успаміны пра былыя перамогі і г. д.


Глядзіце таксама

Па меры таго як вайна станавілася ўсё больш жудаснай, сусветнае стаўленне да яе цалкам змянілася: вайна здольная знішчыць усё жывое, яе разбуральная сіла дасягнула мяжы магчымасцей. Змянілася і музыка. На пачатку сусветных войнаў музыка ўсё яшчэ была аптымістычнай і патрыятычнай, выказвала надзею на хуткае заканчэнне канфлікту. Разуменне ўсяго жаху і агоніі, а таксама таго факту, што ні адзін з бакоў не будзе пераможцам, прыйшло паступова, яно не было раптоўным.

«Плачы» і рэквіемы сталі складаць усё часцей. Патрыятычная і забаўляльная «баявая музыка» сышла ў мінулае. Многія з пасляваенных твораў былі суровымі, вельмі дысананснымі і хаатычнымі. Яны выказвалі наадварот антываенныя, а часам і антыўрадавыя настроі. Трагедыя Халакосту, бамбаванне Хірасімы і Нагасакі прывялі да стварэння вельмі сур'ёзных, журботных, а часам і гнеўных музычных твораў. Хацелася верыць, што ваенную музыку пісаць больш не давядзецца і мы ўсе павінны імкнуцца да міру.

Міру не здарылася.

Цяпер я згадаў савецкія ваенныя фільмы, якія глядзеў у дзяцінстве. Тады я адчуваў сум, нуду і не вельмі разумеў. Калі Расія адрадзіла традыцыю масавага святкавання дня Перамогі (9 траўня), я здзіўляўся: што мы святкуем? Мой дзядуля прайшоў усю вайну і прымаў удзел ва ўзяцці Берліна. Ён ніколі не гаварыў пра вайну, жорстка спыняў любыя размовы на гэтую тэму, не хадзіў на парады і не насіў кіцель з мноствам медалёў.

Цяпер мы жывём у канцы 2023 года, у нас амаль не засталося слёз, нашы нервы на мяжы і нам — усяму чалавецтву — зноў прыйшлося зразумець, наколькі крохкі мір і якую цану мы за яго плацім.

Але ёсць некалькі прыкладаў у нашай сучаснай гісторыі, якія можна аднесці да рэнесансу ваеннай і пратэснай музыкі. Яны сапраўды далі шмат сіл і надзеі людзям.

Першы — гэта пратэсты ў Беларусі ў 2020 годзе. Мы тады заўважылі, што песні, якія мы спявалі, з'яўляюцца свайго кшталту нашай зброяй супраць натоўпаў АМАПа і астатніх абаронцаў састарэлага рэжыму. Да гэтых песень адносяцца «Пагоня», «Муры», «Купалінка», «Перамен» і г. д. Гэта ўсё вельмі розныя песні. «Пагоня» — гэта нацыянальны гімн Беларусі, які адзін час быў афіцыйным гімнам краіны. І мы памятаем, як яго памянялі і вярнулі ўбогі варыянт часоў БССР. «Купалінка» — гэта народная песня, якая была напісана ў 1921 годзе, дзе словы Міхася Чарота з'яўляюцца нязначнай аўтарскай перапрацоўкай тэксту народнай песні, а музыка Уладзіміра Тэраўскага напісана, грунтуючыся на беларускіх народных мелодыях. «Перамен» — гэта ўсім вядомая песня Віктара Цоя. Часопіс «Time Out» змясціў песню ў спіс «100 песень, якія змянілі наша жыццё». І яна яшчэ раз змяніла мільёны жыццяў у 2020 годзе.

Наогул, аналізуючы важныя для супраціву або для рэжыму музычныя творы, можна зразумець, з чым мы маем справу. Асабліва калі гэтыя сачыненні можна параўнаць. Напрыклад, супастаўленне гімна «Пагоня» і лукашэнкаўскага гімна дапаўняе карціну палітычнай рэальнасці.

«Пагоня»

Першыя чатыры такты — уступ — мы чуем рытм, які адразу захоплівае нашу ўвагу, таму што складаецца з «прызыўных» матываў, якія часта выкарыстоўваліся ў асаблівых сітуацыях (заклік да бою, сігнал небяспекі і г.д.) яшчэ з часоў Сярэднявечча. Мелодыя гімна пабудавана на простых папеўках, з невялікай адлегласцю паміж суседнімі нотамі і хадамі на кварту і квінту (4 і 5 нот), якія ўспрымаюцца як сігнал да дзеяння. Музыка чыстая і зразумелая яшчэ таму, што імітуе народную песню з яе асаблівай пабудовай і лёгка запамінаецца. Кожная нота або акорд цесна звязаны адно з адным. Гімн напісаны ў міноры, які асацыюецца з сумам, смуткам, стратай, але гэтыя эмоцыі не з'яўляюцца дамінуючымі. Ён выклікае засяроджаны стан, думкі пра Радзіму і яе будучыню і гатоўнасць дзейнічаць у імя яе.

Цяперашні дзяржаўны гімн

Ён дзіўна падобны да гімна Расіі: той жа акорд, які гучыць на пачатку — магчыма, гэта была міжвольная адсылка да гімна СССР, напісанага ў 1943-ім, гімн БССР быў напісаны ў 1955-ым. Абедзве краіны вярнулі сабе савецкія гімны, але ўжо з іншым тэкстам. Яшчэ дзве краіны на постсавецкай прасторы, Таджыкістан і Узбекістан, зрабілі тое самае.

Гэты першы акорд нясе на сабе функцыю ўрачыстасці і з'яўляецца апорнай кропкай для таго, што мы пачуем далей. У сваёй пабудове ён не абапіраецца на народныя мелодыі і не спрабуе імітаваць іх. Гімн строга адпавядае аднаму і таму ж паўтаральнаму малюнку, што выклікае адчуванне яго зробленасці, штучнасці. Мелодыя пастаянна паўтарае адзін і той жа патэрн: на працягу 3-4 нот ідзе ўверх, а потым плаўна апускаецца ўніз.

Асобна хацелася б расказаць пра песню «Муры». Прататыпам з'яўляецца песня каталонскага выканаўцы Льюіса Льяка «L'estaca» (з каталонскага — «слуп», сугучна слову «estat» — «дзяржава»), якая сімвалізавала пратэст супраць дыктатуры Франсіска Франка ў Іспаніі. У 1978 годзе польскі бард Яцэк Качмарскі істотна перапрацаваў тэкст, паклаўшы яго на мелодыю Льяка. Перапрацаваная версія Качмарскага «Mury» («Сцены») хутка стала гімнам галоўнага апазіцыйнага прафсаюза «Салідарнасць». Гэтая песня ўпершыню, у рамках пратэсту, прагучала ў траўні — чэрвені 2020-га, падчас перадвыбарнай кампаніі Сяргея Ціханоўскага на пасаду прэзідэнта Беларусі.

І вось тут пачынаецца неверагоднае. «Муры» стала прароцкімі. Пасля аб'яднання перадвыбарных штабоў (Ціханоўскай, Цапкалы і Калеснікавай) мы ўжо ведалі пра Марыю і яе прафесію — яна флейтыстка, музыка. І мы пакуль яшчэ памятаем тэкст гэтай песні. Я прывяду толькі першы і перадапошні куплеты і прыпеў:


Ëн быў натхнёны i малады,

Iх незлiчона было.

Ён на плошчы вёў гарады

З песняй, што блiзка святло.

I запальвалi свечкi яму,

Плыў па-над плошчаю дым.

Ён спяваў: зруйнуем турму!

Яны спявалi за iм:


Разбуры турмы муры!

Прагнеш свабоды — то бяры!

Мур хутка рухне, рухне, рухне —

I пахавае свет стары!


***

Глядзеў, як шчыльныя рады

З ягонай песняю iдуць,

А песня глухне, глухне, глухне…

А муры растуць, растуць…


Гэта той момант у чалавечым жыцці, калі ўсё супала: і прафесія, і асоба, і час. Так, песня амаль не гучыць сёння, але мы павінны яе памятаць. Яна надасць нам сіл у будучыні. Гэтая песня дапамагае нам верыць, што мы яшчэ ўбачым Марыю на волі.


Глядзіце таксама

Ужо амаль два гады працягваецца жахлівая, злачынная вайна Расіі супраць Украіны. Загінулі сотні тысяч людзей, разарваны жыцці, разбураны гарады. Але дух украінскага народа не зламаць. На мяне вялікае ўражанне зрабіла колькасць новых і старых украінскіх песень, якія загучалі па ўсёй краіне. Яны розныя. Хтосьці перажывае трывогу і жах ад таго, што адбываецца:


Тобі знайоме почуття спустошення,

Коли ідуть бої без оголошення,

Коли Вітчизну ділять, не спитавши дозволу,

Та у душі тепло замінюють морозами


***


І нехай з тобою поруч ще не скоро буду я,

Я тебе не забуваю, бо ріднішої немає.

(Pianобой, «Вітчизна»)


Хтосьці іранічна і зло рэагуе на жахі таго, што адбываецца, і матывуе людзей змагацца за сваю краіну:


В темну-темну ніченьку десь трапився хлопок, у

Білгородській області він полякав дівок, і

Всі вони тікають, бо вже щось десь там горить

І ніхто нічо не знає — у всіх руки догори.


Руки в гору everybody, крикніть, хто це все зробив?

«Ми нє знаєм, ми нє знаєм»

Вище руки дого-ри!

Руки в гору everybody, бо у нас новий рубіж.

Це не повітряна тривога,


Це Залужний — мутить двіж!

(Oisho btz — «Залужний мутить двіж!»)


Мы назіраем гэта з самага пачатку вайны, калі Андрэй Хлыўнюк, апрануты ў вайсковую форму і са зброяй, гатовы абараняць сваю радзіму, праспяваў куплет песні «Ой у лузі червона калина». Нават «Pink Floyd» выканала яе разам з Андрэем Хлыўнюком, тым самым паказаўшы, што ўвесь свет стаіць на баку Украіны падчас таго жаху, што адбываецца.

Нямецкі філосаф Тэадор Адорна гаварыў: «Пасля Асвенцыма любое слова, у якім чуюцца ўзнёслыя ноты, пазбаўляецца права на існаванне». Лічыцца, што гэтая фраза стала прысудам для ўсяго мастацтва, якое магло быць створана пасля Халакосту. Хай з тых часоў прайшло нямала часу,  магчыма, гэтая цытата дагэтуль магла б заставацца аўтарытэтным меркаваннем.

Не.

Мы бачым, што сёння, калі прыходзіць час вялікіх перажыванняў, страт, бескарысных смерцяў, музыка выконвае свае сапраўдныя функцыі: падтрымлівае людзей, падбадзёрвае, дае веру ў хуткую перамогу і дапамагае плакаць па тых, каго ўжо не вярнуць.

За рэжымам Лукашэнкі і за рэжымам Пуціна не стаіць музыка як частка шчырасці народа, і таму даводзіцца канструяваць ненатуральныя песні шамана і іншых замест таго, каб звяртацца да музыкі, якая з народам ужо звязана.


Глядзіце таксама

«Музыка ёсць мастацтва адухоўленае. Яна ўмее прайграваць з узрушаючай ісцінай самае патаемнае ў чалавечай душы — пачуццё і яго бясконцыя адценні» (Гегель). І гэтае мастацтва цяпер на баку міру, перамогі, праўды, жадання жыць і моцнай лютасці ў дачыненні да ворага, няхай гэта будзе расійская ваенная агрэсія або злачынны рэжым, якому ўжо больш за 30 гадоў.

«Дух дыхае дзе хоча» (Евангелле ад Яна, 3: 8). І мы ведаем, на чыім ён цяпер баку.