Беларусы. Дасюль неверагодныя і самыя моцныя ў свеце
Беларусы — моцная нацыя. Я б не раіў гуляць з імі на выжыванне. Любы, хто задумаў гэтую гульню — прайграе. Таму што, падаецца, «беларусы» і «выжывальнасць» — гэта сінонімы. І гэтых людзей перамагчы немагчыма. Яны ўвесь час ствараюць нейкія цуды.
Падавалася б, з лютага 2022 года прайшло крыху менш за два гады, а Еўропа і Амерыка, кажуць, ужо «стамілася ад вайны ва Украіне». Ужо ўзнікаюць нейкія ідэі аб перамовах на ўмовах Крамля, хтосьці чуе «сігналы Пуціна» аб замірэнні або аб міры, скарачаецца падтрымка Украіны, дый самі ўкраінцы ўжо «не хочуць мабілізацыі» і думаюць, каб як хутчэй скончыць вайну. Прычым нават дапускаюць, што яна не скончыцца перамогай.
Са жніўня 2020-га прайшло практычна тры з паловай гады. Ці стаміліся беларусы? Так, канешне, стаміліся. Але адрозненне ў тым, што нікому і ў галаву не прыходзіць здавацца. Нават думкі такой у беларусаў не ўзнікае. Змаганне працягваецца нават у самых неспрыяльных абставінах.
Тры з паловай гады бесперапынных, амаль сталінскіх рэпрэсій, «выціскання» з краіны нязгодных, ператрусы і затрыманні не спыняюцца ані на дзень. Але беларускі супраціў усё роўна трывае, кожны дзень беларусы пацвярджаюць — мы не скарыліся, мы не зніклі.
Канешне, сёлета гэта яскрава пацвердзіў цудоўны марафон салідарнасці. Але марафон — гэта толькі вяршыня айсберга. А колькі яшчэ ёсць таго, чаго мы не бачым ці не звяртаем на гэта ўвагі, таму што яно ўжо падаецца нам «руцінай»?
Беларусы па-ранейшаму скідваюцца на падарункі дзецям палітвязняў. За два дні яны сабралі грошы на працяг выхаду Reform.by — незалежнага медыя, якому донары адмовілі ў фінансаванні. Людзі — і іх дастаткова шмат — працягваюць пісаць лісты палітычным зняволеным, якіх не становіцца менш. Прычым пішуць яны без усякай надзеі на адказ і нават без асаблівай надзеі на тое, што цэнзура гэтыя лісты прапусціць да адрасатаў. Але пішуць, пішуць, пішуць — тры з паловай гады. Хто і дзе яшчэ быў здольны на такое?
Беларусы не кідаюць супраціў і ўнутры краіны. Так, ён, у большасці сваёй, «партызанскі» і не вельмі прыкметны. «Ліквідацыя» расійскага самалёта далёкай выведкі ў Мачулішчах у лютым гэтага года — таксама яскравы прыклад. Але колькі людзей супраціўляюцца «ціха»? Дастаткова затрымання дзяўчат на швейнай вытворчасці за тое, што яны ўпрыгожылі працоўныя месцы ў колерах нацыянальнага сцяга.
Падавалася б, маленькі эпізод. Але вы памятаеце, што нас уразіла ў 2020-м? Гэта тое, колькі бел-чырвона-белых сцягоў аказалася на руках у насельніцтва і чакала свайго часу. І я ўпэўнены, што цяпер гэтых сцягоў, якія чакаюць дзесьці сваёй гадзіны — значна больш. І калісьці гэтыя сцягі зноў залунаюць у паветры.
Зразумела, усе мы стамляемся. Ва ўсіх у нас у адзін момант апускаюцца рукі — ад таго, што мы не бачым вынікаў нашай працы «тут і цяпер». Але беларусам нават у галаву не прыходзіць думка здацца. Нават перад самымі жорсткімі выклікамі і рэпрэсіямі.
Зноў жа, вяртаючыся да сітуацыі ва Украіне. Цяпер украінцы зразумелі, што вайна можа быць доўгай. У іх паступова знікаюць «шапказакідальніцкія» настроі: маўляў, Амерыка нам дапаможа, і мы вернем Крым. І ва Украіне ўсё больш гучаць тыя ж галасы: пра перамовы, пра тое, як бы скончыць гэтую вайну... Некаторыя нават падумваюць, каб пазбавіцца ад вайны шляхам страты нейкіх тэрыторый.
У нас гэтыя «шапказакідальніцкія» настроі таксама зніклі дзесьці ў сярэдзіне 2021-га. Але пры гэтым ніхто не склаў лапкі і не пачаў крычаць «усё прапала, здрада!». Беларусам сказалі, што барацьба за свабоду — гэта марафон. І яны ўзяліся гэты марафон бегчы. Без залішніх стогнаў і енкаў.
І яны не проста бягуць самі — яны дасюль дапамагаюць бегчы ўкраінцам. Па-ранейшаму возяць на фронт «гуманітарку», купляюць аўтамабілі, адкрываюць рэабілітацыйныя цэнтры для ўкраінскіх байцоў…
Ці хопіць у нас сіл дабегчы гэты марафон да канца? Безумоўна, хопіць. У гэтым у мяне нават няма аніякага сумневу. Нельга забываць: з таго боку — гэта таксама марафон. Вось толькі «мы, якія бяжым», абапіраемся на грамаду, на свае сілы, на сваю салідарнасць і свае рэсурсы. А «яны, якія бягуць», бягуць выключна дзякуючы знешняй падтрымцы. Гэта нетрывалая сістэма: як толькі гэтая падтрымка скончыцца, там упадуць і больш не ўстануць.
А скончыцца гэтая падтрымка можа ў любы момант. Іх ужо занадта хістае на дыстанцыі.
І яшчэ адзін малюначак пра нашу будучыню. Калі пачалася вайна Ізраіля і ХАМАС, ізраільскай арміі спатрэбілася 300 тысяч салдат у ЦАХАЛ. Адна з краін, у якой ізраільцяне адпачываюць і гуляюць у казіно — Грузія. Адна супрацоўніца казіно распавядала, як ХАМАС «сарваў ім сезон». Усе ізраільцяне, якія прыехалі адпачыць і нагуляцца ў фішачкі, даведаўшыся пра атаку на іх краіну, адразу ж анулявалі бронь гатэляў, «перабілі» свае зваротныя квіткі і, сабраўшы валізы, як мага хутчэй вярталіся ў Ізраіль — бараніць сваю краіну.
Тады я падумаў: «Якія розныя ёсць мабілізацыі». Расія таксама абвяшчала мабілізацыю з планам набраць тых жа 300 тысяч чалавек у войска. А выявілася гэта ў чэргах на выезд з краіны.
На каго будуць падобныя беларусы ў крытычны для Беларусі момант? Упэўнены, што на ізраільцян. Галоўнае, каб была краіна і дзяржава, а не «рэжым». А на каго будуць падобныя ў такі момант паслугачы рэжыму? Пытанне, бадай, рытарычнае.
Мы разумеем, для чаго мы бяжым свой марафон. А гэта значыць, што мы абавязкова дабяжым да фінішу.