Хронікі рэпрэсій за 29 снежня

Аблава на раварыстаў, затрыманні і вобшукі на мяжы, новыя «экстрэмісты» — такія навіны сёння былі ў Беларусі.

hroniki_represij2_logo.png_logo_2_logo_1_logo_1_logo_1_logo_1_logo_1_logo_1_logo_1.webp

***

Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо больш за тысячу дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1142 дні, Дзяніс — 1022 дні.

***

Атрад спецназа «Шторм» затрымаў жыхара Брэста, які вярнуўся ў Беларусь на святы. Праўладны тэлеграм-канал апублікаваў відэа з ім, паведамляе «Медыязона».

У роліку мужчына называе свае імя і імя па бацьку — Станіслаў Ігаравіч. Фрагмент з прозвішчам з відэа выразаны. На камеру затрыманы кажа, што ўдзельнічаў у пратэстах у 2020 годзе, выходзіў на праезную частку і выкрыкваў лозунгі. 

Сілавікі паведамляюць, што больш за год брэстаўчанін быў у Польшчы, а дадому вярнуўся на святы. Ці заведзена на мужчыну крымінальная справа, аўтары канала не гавораць.

***

Затрыманы каталіцкі вернік Арцём Кабылкоў, піша «Вясна». У праўладных тэлеграм-каналах з'явілася відэа з затрыманым. Сілавікі не змаглі зняць з ім «пакаяльнае» відэа, бо мужчына адмовіўся каментаваць свае дзеянні на камеру. 

Арцём Кабылкоў паходзіць з Ульскай парафіі, з'яўляецца актыўным вернікам, ходзіць у пілігрымкі, быў членам моладзевага душпастырства і пэўны час навучаўся ў Пінскай духоўнай семінарыі. Хлопец жыў у невялічкай вёсачцы ў Віцебскай вобласці.

***

У Гомельскім раёне за «здраду дзяржаве» затрымалі цэлую сям'ю. Пра гэта стала вядома 28 снежня. Падрабязнасцей справы амаль няма. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, усіх чальцоў сям'і Прохаравых абвінавачваюць у адным: «здрада дзяржаве».

Як стала вядома «Свабодзе», Прохаравы жывуць у вёсцы Грабаўка Гомельскага раёна. Яна знаходзіцца ў памежнай зоне, за 15 кіламетраў ад мяжы з Украінай і за 17 км — ад вёскі Зябраўка, дзе з зімы 2022 года размяшчалася база расійскіх вайскоўцаў. З Зябраўкі з лютага 2022 года рэгулярна выляталі расійскія вайсковыя самалёты і верталёты, адтуль запускалі ракеты па Украіне. 

Як паведамілі «Свабодзе» ў «BelPol», старэйшы Прохараў, Васіль Васільевіч 1969 года нараджэння — этнічны ўкраінец. Ён нарадзіўся ва ўкраінскім Чарнобылі (Кіеўская вобласць). Васіль Прохараў часта ездзіў з Беларусі ва Украіну. Паводле стану на 2021 год на яго не было распачатых крымінальных спраў. Працаваў Васіль у асноўным у сферы будаўніцтва, прарабам і майстрам.

У 2021 годзе выданне «Вестник Кавказа» пісала пра яго як пра пацярпелага ад аварыі на ЧАЭС.

***

Топ-менеджары «БелАЗ» і МТЗ атрымалі ад 7 да 12 гадоў калоніі, піша Генпракуратура.

Намесніка гендырэктара «БелАЗ» Алега Сцепука прызналі вінаватым у «атрыманні хабару» (ч.3 арт.430 Крымінальнага кодэкса) і прысудзілі да 11 гадоў калоніі. Яго на пяць гадоў пазбавілі права займаць адміністрацыйныя пасады.

11 гадоў калоніі паводле артыкула аб «атрыманні хабару» (ч.3 арт.430 КК) атрымаў намеснік гендырэктара МТЗ Сяргей Сіраценка. Яму таксама прызначылі штраф у памеры 92 500 тысяч рублёў. Ён, як і Сцяпук, не зможа займаць адміністрацыйныя пасады на працягу пяці гадоў.

Іншыя абвінавачаныя па справе атрымалі ад 7 да 12 гадоў калоніі са штрафам ад 1000 да 2000 тысяч рублёў і пазбаўленнем права займаць адміністрацыйныя пасады на працягу пяці гадоў.

У лістападзе 2021 года МУС паведаміла пра затрыманне семярых топ-менеджараў МТЗ і «БелАЗ» за «атрыманне хабараў». У затрыманых канфіскавалі каля 100 тысяч долараў і распачалі супраць іх крымінальную справу. 

***

У Наваполацку і Полацку затрымалі больш за 30 чалавек, звязаных з чатам аматараў велапрабегаў, расказалі ў эфіры тэлеканала «Беларусь 1».

«На жаль, назіраецца негатыўная тэндэнцыя ўступлення ў закрытыя, невядомыя чаты. Як паказвае практыка, мэта стварэння такіх суполак нясе дэструктыўны характар. З прыкладаў — чат аматараў велапрабегаў. У дадзеным чаце пачалі публікаваць розныя заклікі да выхаду на несанкцыянаваныя мерапрыемствы.

Як следства, гэты чат ператварыўся ў супольнасць, у якой выношвалі і абмяркоўвалі планы па звяржэнні дзеючай улады неканстытуцыйным шляхам. З гэтай нагоды праваахоўнымі органамі было затрымана больш за 30 чалавек», — паведамілі ў прапагандысцкім рэпартажы. 

***

У снежні за распаўсюджванне «экстрэмізму» судзілі прынамсі чатырох чалавек, якіх затрымалі ў пунктах пропуску на мяжы. Адпаведныя пастановы паводле арт.19.11 КаАП з'явіліся ў банку судовых пастаноў, паведамляе Hrodna.life.

Напрыклад, 15 снежня 2023 года ў судзе Воранаўскага раёна судзілі кіроўцу літоўскай фірмы. З пастановы стала вядома, што ў пункце пропуску «Беняконі» ў тэлефоне мужчыны знайшлі «экстрэмісцкую» інфармацыю. Мужчына прызнаў віну. Яго аштрафавалі на 20 базавых велічынь (740 рублёў) без канфіскацыі тэлефона.

Падобнае рашэнне суд вынес 6 снежня. Кіроўцу літоўскай фірмы за падпіску на «экстрэмісцкую» суполку ў «ВКонтакте» аштрафавалі на 20 базавых велічынь (740 рублёў), але ў гэтым выпадку мабільны тэлефон быў канфіскаваны. 

Беларуса і бацьку малалетняга дзіцяці судзілі за рэпост «экстрэмісцкага» допісу ў асабістай гутарцы ў Telegram. Паведамленне таксама знайшлі на тэрыторыі пункта пропуску. Пастанову вынеслі 7 снежня ў судзе Воранаўскага раёна — штраф у 20 базавых велічынь (740 рублёў) без канфіскацыі тэлефона.

Яшчэ аднаго кіроўцу літоўскай фірмы 8 снежня судзілі ў судзе Ашмянскага раёна. За падпіску ў YouTube ён заплаціць 25 базавых велічынь (925 рублёў), яго тэлефон канфіскавалі. «Няправільную» падпіску знайшлі, калі ён праходзіў мяжу ў пункце пропуску «Каменны Лог».

***

У Беларусі новыя «экстрэмісцкія фарміраванні» — Facebook-суполка «Письма Солидарности Беларусь 2020» і платформа «Новая Беларусь». Адпаведныя рашэнні прыняты КДБ 26 снежня.

Асобна пазначаны прозвішчы людзей, якія нібыта маюць дачыненні да ініцыятыў.

«Письма Солидарности Беларусь 2020»: Касінерава Марына Сяргееўна, Дзяшук Іван Іванавіч, Малец Наталля Альбертаўна, Пагадаева Ірына Анатольеўна.

«Новая Беларусь»: Лібер Павел Іванавіч, Ліхачэўскі Яраслаў Аляксандравіч.

***

У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 13 чалавек — цяпер у ім 3654 прозвішчы, піша «Вясна».

29 снежня МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліку грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».

Сярод іншых, у спіс дадалі Сняжану Цадаву — жанчыну, якая выклала ў TikTok відэа інцыдэнту супрацоўніка ДАІ і сваёй дачкі.

***

Як паведамляе Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага пераходнага кабінета, на сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Марыі Калеснікавай — 319 дзён, Максіма Знака — 323 дні, Мікалая Статкевіча — 322 дні, Ігара Лосіка — 313 дзён, Віктара Бабарыкі — 249 дзён, Сяргея Ціханоўскага — 178 дзён, Уладзіміра Гундара — 147 дзён.

***

Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1441 палітвязень. У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзіцца 1624 чалавек. Сярод іх — 184 жанчыны і 6 непаўнагадовых. 19 палітвязняў адпраўлены на прымусовае лячэнне.