Святочны стол для палітвязняў: што можна дасылаць

У СІЗА і калоніях менш за ўсё магчымасцей адчуць свята, і таму сваякі і сябры імкнуцца даслаць пад Новы год зняволеным штосьці незвычайнае — што можа іх парадаваць і падарыць хоць трошкі святочнага настрою.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Як арганізаваць святочны стол у зняволенні? Бутэрброды з чырвонай рыбай, торты, салаты — усё гэта ўдаецца зрабіць палітвязням, а дакладней сабраць з перадач, пакупак у «атаварцы» і «крадзяжоў» са сталовай у калоніі. «Медыязона» распытала былых палітвязняў і актывістаў, што яны атрымлівалі і адпраўлялі да Новага года.

Рабілі пернікі і даведваліся пра патрэбы ў родных

Праект дапамогі дзяўчатам-палітвязням «Палітвязынка» сёлета адпраўляў калядныя пернікі ў СІЗА, на «хімію» і дзецям палітвязняў. Усяго ахапілі 17 палітвязняў і 25 дзяцей.

— У калоніі перадачы не такія як у СІЗА, дзе можна перадаваць рэчы і прадукты кожны тыдзень. Там усё больш строга: чалавек дасылае спіс, і з гэтага складаецца перадача. Для дзвюх дзяўчат мы зрабілі пернікі на тэму Гары Потэра, іх мы перададзім з пасылкай, — расказвае Яўгенія Доўгая, аўтарка праекта «Палітвязынка».

У гомельскае СІЗА актывісты перадалі 60 пернікаў. Некалькі бандэроляў вярнулася з СІЗА на Валадарскага ў Мінску. Яўгенія звязвае гэта з магчымым этапам палітзняволеных у калонію.

— Таксама мы перадалі жалацінкі. У іх утрымліваецца калаген. Гэта вельмі важна, бо ў СІЗА ў многіх «сыплецца» кальцый.


Глядзіце таксама

Былі і адрасныя бандэролі: некалькім дзяўчат-палітвязням валанцёры перадалі крэмы для рук. Муж беларускі, якая сядзіць у калоніі, папрасіў перадаць добрыя крэмы для твару — многія дзяўчаты працуюць на «швейцы», і праз пыл на вытворчасці пакутуе скура.

Для пажылой жанчыны на «хіміі» «Палітвязынка» перадала садавіну, мяса, рыбу: дастаўку замовілі на дом.

Для дзяцей палітзняволеных зрабілі адвэнт-календары і пернікі — уручалі іх ад імя мам, быццам бы яны перадалі падарунак сваім малым.

— Яшчэ адна палітзняволеная папрасіла шакаладныя цукеркі з сухафруктамі ўнутры. Мы купілі і перадалі вішню ў шакаладзе. Я стараюся трымаць сувязь са сваякамі палітвязняў, бо толькі яны ведаюць і разумеюць патрэбы сваіх родных. Так я даведалася пра лайфхакі з жалацінкамі. Мама адной з палітзняволеных, напрыклад, паклала больш цыгарэт у пасылку. Яны дапамагаюць адкупляцца ад «зэчак», каб тыя не чапалі дзяўчыну.

Перадалі чырвоную рыбу і каўбасу, нарэзаную кубікамі

Ілля правёў у зняволенні два гады па справе аб «масавых беспарадках». Новы 2022 год сустрэў у жодзінскім СІЗА. Да свята сям'я перадала чырвоную рыбу ў вакууме.

— Мы вельмі баяліся, што яна стухне, таму лепш падгадаць час так, каб рыба не сапсавалася. Тое самае з каўбасой: мне перадалі адразу парэзаную на кубікі. Яе мы выкарыстоўвалі для салаты. Плюс некаторыя салаты прадаваліся ў вакууме на «атаварцы».

Другі Новы год Ілля сустрэў у ПК-3 у Віцьбе. Там зняволеныя дзяліліся на маленькія групы па 3-4 чалавекі і рабілі салаты і торты. Крэм на торты ўзбівалі лыжкай, яго рабілі са згушчонкі з маслам.

Ілля раіць па магчымасці перадаваць свежы хлеб, батон і гародніну. Бутэрброды на сапраўдным хлебе падымаюць баявы дух. Частку прадуктаў перадаць нельга, але іх можна купіць у інтэрнэт-краме ці на «атаварцы».

Збіралі вараныя яйкі са сталовай для салаты

Ігара прысудзілі да 1,5 гадоў калоніі за абразу Лукашэнкі ў 2022 годзе. Тэрмін адбываў у ПК-15 у Магілёве. Беларуса пазбавілі перадач, таму на Новы 2023 год ён нічога не атрымаў.

— Іншаму палітвязню прыйшла перадача ад жонкі. Гэта была першая яго перадача, і я б не назваў яе навагодняй. У нас была магчымасць закупіцца салодкім на дзве базавыя велічыні, торт замовіць. Многія торты рабілі самі, купіўшы інгрэдыенты ў «атаварцы». Бралі каржы, алей, згушчонку і г. д.

Таксама рабілі салаты. Дзесьці за два тыдні пачалі збіраць вараныя яйкі са сталовай, якія давалі два разы на тыдзень. Складалі іх у халадзільнік і пасля выкарыстоўвалі для салаты.

Новы год Ігар сустрэў з яшчэ 5 палітвязнямі. Сабраліся, папілі гарбаты з шакаладам, цукеркамі і тортам. Пасля за гэтую «вячорку» адміністрацыя калоніі двух чалавек адправіла ў ШІЗА. Ігара «пранесла», яго перавялі ў іншы атрад.

Перадалі зеляніну замест навагодняй елкі

Аліну ў 2021 годзе прысудзілі да 2,5 гадоў калоніі за парушэнне грамадскага парадку. На Новы год у СІЗА дзяўчыне перадалі шмат зеляніны замест навагодняй елкі: кроп і пятрушку. Таксама ў перадачу родныя паклалі хлеб, гародніну, прысмакі. Наступны Новы год дзяўчына сустрэла ў калоніі, але навагоднюю перадачу зрабіць не атрымалася.


Глядзіце таксама

Чырвоная рыба і ўпрыгажэнні для торта

Марына Касінерава, аўтарка праекта «Dissidentby», кажа, што адна са сваячак палітвязняў перадала сыну сухафрукты, кіслы мармелад, каржы і ўсялякія штукі, каб упрыгожыць торт.

— Людзі імкнуцца парадаваць сваіх блізкіх чымсьці прыемным. Перадаюць мандарыны, цукеркі, імкнуцца дадаць нешта незвычайнае накшталт чырвонай рыбы або іншых далікатэсаў. Самае галоўнае — увага, якую атрымліваюць вязні ў такой сітуацыі. Любая яе праява падыме ім настрой у зняволенні, — кажа Марына.

Пісалі лісты і падарылі сыну прыстаўку

Аляксандра ў 2021 годзе прысудзілі да двух гадоў «хіміі» за абразу Лукашэнкі. На Новы год беларус атрымаў шмат лістоў, у тым ліку ад амбасадаў некалькіх краін. Святочную перадачу атрымаць не ўдалося, але валанцёры дапамаглі сям'і палітвязня грашыма і павіншавалі яго дзіця — падарылі прыстаўку і прысмакі.

Газаваныя напоі як шампанскае і буцерброды з чырвонай рыбы

Журналістка Вольга Класкоўская два Новыя гады (2021 і 2022) сустрэла ў СІЗА. Першы на «Валадарцы», другі — у Брэсце. Беларуску судзiлi па двух артыкулах: «грубае парушэнне парадку» і «абраза прадстаўніка ўлады».

— Памятаю, што на «Валадарцы» маці перадала мне вафельныя торцікі і розныя прысмакі: цукеркі шакаладныя, рыбу чырвоную. Мы з дзяўчатамі рабілі бутэрброды, набывалі ў «атаварцы» газаваныя напоі, налівалі іх у алюміневыя кубкі і ўяўлялі, што гэта шампанскае. Гэта была ноч з 2020 на 2021 год, калі яшчэ працягваліся пратэсты. У 23:34 каля СІЗА пачаўся салют. Мы падбеглі да акна, і ў мяне пацяклі слёзы. Людзі прыйшлі падтрымаць палітвязняў, пачалі крычаць «Жыве Беларусь». Вязні ў камерах падхапілі гэту. эстафету і таксама галасілі «Жыве Беларусь». Супрацоўнікі маўчалі, ніякіх заўваг не рабілі.


Глядзіце таксама

Атрымаў каля 50 лістоў

Аляксея ў 2021 годзе асудзілі на два гады за «грубае парушэнне парадку». Новы год хлопец сустрэў у СІЗА. За месяц да свята яны сабраліся з хлопцамі і вырашылі, якія стравы будуць гатаваць. Усё неабходнае купілі на «атаварцы», чаго не было ў краме — прасілі родных тэрмінова даслаць. Гэта было салодкае: цукеркі, сухафрукты. Салодкага вельмі не хапала ў СІЗА.

— У нас была даволі вялікая кампанія, і мы зрабілі ажно 5 тортаў. Закупілі каржы, згушчонку, малако. Самі зрабілі прапітку, пасыпалі торт арэхамі і сухафруктамі. А яшчэ зрабілі невялікую ялінку з плотнага картону, сантыметраў дзесяць.

Галоўнай падтрымкай пад Новы год для Аляксея былі лісты. Ён сустракаў 2022 год, і тады яму даслалі каля 50 лістоў. Беларус кажа, што гэта вельмі натхняе і падымае настрой.